12.04.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманая Ірына Зімнева
Праваабаронцам стала вядома аб затрыманні дырэктаркі Цэнтра славянскіх моваў і культур "Слаўцэнтр" Ірыны Зімневай.
Цэнтр займаецца арганізацыяй курсаў польскай мовы, в таксама дае кансультацыі па атрыманні карты паляка і паступленні ў польскія ВНУ.
Ірына – маці дзвюх непаўнагадовых дзяўчат.
У Светлагорску затрыманы чарговы "экстрэміст"
У Светлагорску быў затрыманы мясцовы жыхар Андрэй Якушэвіч. Затрыманне адбылося ў пятніцу 7 красавіка на працы. Мяркуецца, што ў яго знайшлі «экстрэмізм» у тэлефоне. За апошні месяц у горадзе гэта паўтаралася шматразова.
Адносна грамадзяніна была аформлена справа па ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ – «Распаўсюджанне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць».
Берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава абвясцілі ў вышук
Гэта вынікае са старонкі ГАУС Менскай вобласці.
На тое, што блогера і экс-палітвязня абвясцілі ў вышук, звярнуў увагу і ён сам у сваім Фэйсбуку.
Нагадаем, што Кабанаў цалкам адбыў пакаранне ў калоніі па палітычнай справе. Пасля вызвалення ён з'ехаў з Беларусі і працягвае сваю актывісцкую дзейнасць. Праз гэтае да яго бацькоў ужо прыходзілі з вобшукамі.
Сафія Сапега пагадзілася на экстрадыцыю ў Расею
Палітзняволеная Cафія Сапега сустрэлася з расейскім консулам і цяпер рэшту тэрміну правядзе ў Расеі. Інфармацыю пра згоду Сапегі пацвердзіў расейскім СМІ прэс-сакратар расейскай амбасады Аляксей Маскалёў.
У Беларусі Сапезе прысудзілі 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму па двух крымінальных артыкулах, яе прызналі палітычнай зняволенай.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Экстрадыцыя, вышук, затрыманні: хроніка пераследу 12 красавіка