13.04.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, справа Вясны Асобы: Валянцін СтэфановічВалянцін Стэфановіч. Фота: Сяргей Балай, Tut.by Намеснік старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч даслаў ліст, у якім распавёў пра свой настрой, падрыхтоўку да этапу ў калонію і бег часу. 

“Заўсёды чакаю лістоў. Вось толькі кнігамі ды лістамі і жыву. Усё астатняе тут адно і тое, нічога цікавага. Звычайнае штодзённае арыштанцкае жыццё. Нехта выязджае, хтосьці заязджае. Новыя людзі, канешне, уносяць нешта цікавае, але не надоўга. 

Але хутка пачнецца новы этап майго арыштанцкага жыцця. Думаю, ты ўжо ведаеш, што разгляд нашых апеляцыйных скаргаў прызначаны на 21 красавіка. Пасля гэтага прысуд уступіць у сілу, і ў любы момант мяне могуць адправіць на этап у лагер. З аднаго боку, крыху хвалююся перад гэтым новым ды невядомым для мяне, а з іншага боку, я так ужо стаміўся жыць у гэтым паўзмрочным, душным падвале. За гэтыя амаль два гады я забыўся, як выглядаюць дрэвы і трава, як выглядае неба без кратаў і далягляд. Там, у лагеры, я ўпоўну пабачу зялёную траву, дрэвы і сіняе-сіняе неба над галавой, такое як на волі. А што да лагернага жыцця, дык людзі яны паўсюль жывуць і да ўсяго прызвычайваюцца. Ты ведаеш, за ўвесь гэты час за кратамі мне вельмі шанцавала на добрых людзей. Тут, за кратамі, як ні дзіўна, вельмі шмат добрых людзей. Мы тут з розных нагодаў і тут зусім не анёлы сядзяць, але ў кожным чалавеку ёсць чалавек. Я і раней лічыў, што добрых людзей болей на свеце, чым кепскіх. І зараз так лічу. Вось і ў лагеры, думаю, я сустрэну шмат добрых людзей. Людзі — яны ж людзі. 

Настрой у мяне ў цэлым добры, але, канешне, часам сумую, адчуваю такую тугу. Ведаеш, з аднаго боку, хачу, каб час ляцеў як мага хутчэй, а з іншага боку — мне яго так шкада. 

Я не маю асаблівых ілюзій, ужо не маю. Настройваю сябе на доўгае растанне з вольным светам, з любымі, дарагімі мне людзьмі. Вельмі па дзетках сваіх сумую. Гэта бадай самае цяжкае для мяне тут — расстанне са сваёй сям'ёй. І вось гэты страчаны час мне ўжо ніхто ніколі не верне, ён сыдзе, міне незваротна. 

У гэтым ёсць трагізм усёй гэтай сітуацыі. Увязненне падобнае на смерць. Я ўжо пісаў неяк пра гэта. Ты нібыта і не памёр, але надоўга выкрэслены з жыцця, і жыццё, яно ідзе, працягваецца, але без цябе. Але я маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца ў гэты свет”. 

Праваабаронца ўзгадвае свайго калегу з Беларускага Хельсінкскага камітэту Алега Гулака, які заўчасна памёр напрыканцы мінулага года: 

“Вельмі сумую я з нагоды такой заўчаснай смерці сябручка майго Алега Гулака. Такі жыццярадасны быў, ён так любіў жыццё. Вельмі шкада. Часта размаўляю з ім у галаве сваёй. Распавядаю яму смешныя турэмныя байкі, а ён смяецца сваім вясёлым смехам”.

Валянцін Стэфановіч таксама адзначыў, што ўжо прачытаў усяго Сяргея Даўлатава, адкрыў для сябе Харукі Муракамі, рэкамендуе пачытаць кнігі Мілана Кундэры і Артура Клінава. 

Нагадаем, Валянціна Стэфановіча асудзілі разам з Алесем Бяляцкім і Уладзімірам Лабковічам да вялікіх тэрмінаў зняволення па абсурдных абвінавачваннях ў "кантрабандзе арганізаванай групай" і "фінансаванні пратэстаў" у 2020 годзе. 21 красавіка Мінскі гарадскі суд разгледзіць апеляцыйную скаргу праваабаронцаў "Вясны" і пракурорскі пратэст на прысуд. Да гэтага часу Валянціна Стэфановіча, Алеся Бяляцкага і Уладзіміра Лабковіча можна падтрымаць не толькі лістамі і паштоўкамі, але грашовымі пераводамі і бандэролькамі. 

Адрас для адпраўленняў:

СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Аляксандру Віктаравічу БяляцкамуУладзіміру Мікалаевічу ЛабковічуВалянціну Канстанцінавічу Стэфановічу

Крыніца: Валянцін Стэфановіч з-за кратаў: "Маю цвёрды намер усё гэта вытрымаць і абавязкова вярнуцца"