14.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя Суд Пінскага раёна і горада Пінска. У судзе Пінскага раёна і горада Пінска 10 красавіка ў закрытым рэжыме вынесены прысуд 40-гадоваму Алегу Стасюку.

Судовы працэс вёў суддзя Ігар Клімовіч, дзяржабвінаваўца – Ілля Гузарэвіч.

На судзе Стасюк быў пад вартай. Вядома, што ў мужчыны двое непаўналетніх дзяцей.

Як паведаміў у роліку дзяржТБ пракурор Гузарэвіч, мужчыну судзілі за інтэрнэт-каментары. Аднак, калі да Стасюка прыйшлі з ператрусам, дома ў яго знайшлі «абсталяванне для вырошчвання» канопляў, марыхуану, расліны канопляў. Акрамя таго на кампутары знайшлі «вырабленае порна», на якім Стасюк, па меркаванні следства “незаконна зарабіў не менш за 775$”.

А каментары ў сацыяльных сетках Алег Стасюк нібыта напісаў у Telegram у траўні 2021 года і сакавіку 2022 года. Каментары тычыліся генпракурора Шведа, кіраўніка КДК, міністра інфармацыі, дырэктара і намесніка дырэктара ДФР.

Такім чынам, Стасюку прад’явілі абвінавачанні па чатырох крымінальных артыкулах: арт.369 КК (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 2 арт. 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў), ч. 1 арт. 329 КК (незаконныя пасеў і (або) вырошчванне раслін альбо грыбоў, якія змяшчаюць наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы), ч. 1 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

Як паведамляе “Брэсцкая вясна”, сумарна па ўсіх артыкулах, шляхам частковага складання злачынстваў, Стасюку прысудзілі чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф ў памеры 200 базавых велічынь (7 400 рублёў).

Крыніца: Жыхара Пінска асудзілі за абразы прадстаўнікоў улады і дадалі "наркатычны" артыкул