17.04.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 16-17 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гомелі затрыманы музыкант Алекс Трэш
Пра гэта паведамляе актывіст Ілля Міронаў.
«Увечары 13 красавіка быў арыштаваны мой сябар, вядомы ў Гомелі музыкант Алекс Трэш, які граў у некалькіх гуртах. Учора адбыўся суд, па адміністрацыйным правапарушэнні (як відаць, 19.11 КаАП РБ). Цяпер ён знаходзіцца ў ІЧУ. Які прысуд невядома», — напісаў Міронаў.
У Гомелі затрыманы заснавальнік "Ананімус Расея"
У Беларусі затрыманы заснавальнік хакерскай групоўкі «Ананімус Расея» і сябра прарасейскай хакерскай сеткі Killnet. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале напісаў заснавальнік Killnet, вядомы ў даркнэце пад нікам KillMilk.
Па звестках «Кіберпартызанаў», гэта Арсеній Елісееў, яму 18 гадоў. Хлопец родам з Гомеля, вучыўся ў школе №52.
Віцебскаму арт-менеджэру і музыку Уладзіміру Булаўскаму блакуюць ліставанне
Палітвязень Уладзімір Булаўскі быў затрыманы 14 снежня 2022 году і з таго часу знаходзіцца за кратамі. Супраць Булаўскага распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — сілавікі знайшлі фотаздымкі Уладзіміра з паслявыбарчых акцый пратэсту.
З 2020-га году сілавікі затрымлівалі Уладзіміра як мінімум пяць разоў.
У сваёй вестачцы на волю ён перадаў, што з ім усё добра, настрой бадзёры, шмат чытае і перадае ўсім прывітанкі і падзякі. Але таксама паведаміў, што зусім не атрымлівае лістоў — толькі ад брата.
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Булаўскі.
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне заснавальніка "Ананімус Расея": блакаванне перапіскі: хроніка пераследу 16-17 красавіка