16.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, катаванні, гісторыі вязняў Нядаўна ў Гародні да пяці гадоў калоніі асудзілі палітзняволенага былога мытніка Мікалая Куляшова. Яго асудзілі за тое, што ён нібыта дапамагаў жадаючым эвакуявацца з Беларусі ў Літву. З ім асудзілі таксама былую палітзняволеную і студэнта. Справу разглядалі амаль месяц у закрытым рэжыме. Праваабаронцам стала вядома, што неўзабаве пасля затрымання Мікалая ў верасні мінулага года супрацоўнікі КДБ затрымалі яго 20-гадовага сына Івана. Яго катавалі, трымалі пад вартай у СІЗА, знялі ў прапагандысцкім фільме БТ і асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Іван, апынуўшыся ў бяспецы, распавёў "Вясне" пра збіццё ў КДБ, ціск супрацоўнікаў і дзве крымінальныя справы ў сям'і. Таксама публікуем вытрымкі з дзённіка ў СІЗА-1 былога палітвязня.

Іван Куляшоў. Фота з асабістага архіва героя
Іван Куляшоў. Фота з асабістага архіва героя

"Па дарозе казалі: «Высадзім — прыстрэлім»"

Хлопец вучыўся на чацвёртым курсе БДУІРа і працаваў праграмістам. У сувязі з затрыманнем Івану прыйшлося забраць дакументы з універсітэта. Пра тое, што затрыманы бацька, ён даведаўся, калі ўжо сам быў затрыманы. 14 верасня 2022 года ён ехаў у родныя Паставы з Мінска, але на ўездзе ў горад яго чакаў блок-пост ДАІ. Аўтобус, у якім ехаў хлопец, спынілі.

"Туды зайшоў супрацоўнік мясцовага аддзялення КДБ і пачаў пытацца ва ўсіх прозвішчы. Калі я сказаў сваю, ён забраў мой тэлефон і вывеў мяне. У аўтобусе было чалавек 15, але ўсе маўчалі, як цяпер і адбываецца пры затрыманнях".

Супрацоўнік КДБ не прадставіўся. Іван распавядае, што тады здагадаўся, што яго бацька затрыманы, а яго затрымліваюць у сувязі з гэтым. Адразу хлопца павезлі ў Пастаўскае аддзяленне КДБ:

"Там дзесьці гадзіну патрабавалі паролі ад тэлефона і катавалі. Мяне збівалі і ўвесь час пагражалі. Мне не паведамілі, чаму мяне затрымалі. Я потым зразумеў, што яны чыталі маю перапіску з бацькам, якая ў яго была ў тэлефоне. Яны думалі, што я дапамагаю бацьку, таму спрабавалі даведацца больш. Калі я даў паролі, то мяне павезлі ў Мінск. Па дарозе казалі: «Высадзім — прыстрэлім»".

"Бацьку вывелі з кабінета, а мяне на яго вачах завялі туды"

Катавалі і пагражалі Івану, з ягоных слоў, мінскія супрацоўнікі КДБ. Іван распавядае, што ў той момант яму не было страшна: "Было ўжо ўсё роўна". Пры гэтым, ён успрымаў пагрозы як рэальныя.

Іван успамінае, што калі яго прывезлі ў КДБ, то адразу павялі на чацвёрты паверх да начальніка, які яго дапытваў пра справу Мікалая Куляшова і пратэсты. Бліжэй да гадзіны ночы хлопца павялі ў кабінет на тым жа паверсе, дзе ён упершыню ўбачыў бацьку.

"Бацьку вывелі з кабінета, а мяне на яго вачах завялі туды. Там была скураная канапа, стол, вентылятар, шафа з кнігамі і крэсла. У гэтым кабінеце мяне аднаго трымалі суткі. Супрацоўнікі былі за сценкай".

Супрацоўнікі спецыяльна зрабілі так, што Мікалай убачыў, што яго сын затрыманы і знаходзіцца ў іх распараджэнні. У мінскім КДБ хлопца ўжо не збівалі. Іван мяркуе, што яго суткі трымалі ў кабінеце, бо не ведалі, што з ім рабіць. Перад тым, як павезці Івана ў Следчы камітэт, яму далі пагаварыць з бацькам 10 хвілін у тым самым кабінеце.

"Калі першы раз мы з ім сустрэліся ноччу, ён быў вельмі падаўлены. Яго, хутчэй за ўсё, таксама катавалі і вадзілі на паліграф".

"Мне пашанцавала, і мне прапусцілі ежу"

Іван Куляшоў на фоне КДБ у Мінску
Іван Куляшоў на фоне КДБ у Мінску

У КДБ хлопцу прыносілі падпісваць пустыя лісты і пагадненне аб супрацоўніцтве.

"Потым там з'явіліся паказанні на гэтых лістах. Я гэта ўбачыў толькі ў матэрыялах пры азнаямленні са справай. Там напісалі, што я знаходжуся ў экстрэмісцкіх тэлеграм-каналах, быў ледзь не арганізатарам Маршаў. Яшчэ сказалі падпісаць пагадненне аб супрацоўніцтве, каб мне было складаней потым з'ехаць..."

Супрацоўнікі знайшлі ў Івана фатаграфіі з Маршаў у 2020 годзе. У Следчым камітэце супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

На 10 сутак Івана адправілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

"Адразу мяне змясцілі ў камеру-адзіночку, у якой было 13 чалавек. Мне пашанцавала, і са мной прапусцілі ежу, якая ў мяне была з сабой: хлеб, сыр, ліманад. Так што мы там пашыкавалі.

Умовы жудасныя. Ежу давалі халодную. Там нават не ежа, а вада з плаваючым тлушчам была.

Гэта было самае цяжкае месца пасля затрымання. Там прыходзіць усведамленне, што добра гэта ўсё ўжо не скончыцца. Таму там трэба займаць сябе заўсёды чымсьці. Калі ў камеры ёсць прадпрымальнік або чалавек, звязаны з навукай і выкладаннем, напрыклад, то з вялікай верагоднасцю яны змогуць падзяліцца з вамі апавяданнямі пра сваю любімую справу, і гэта будуць найцікавейшыя лекцыі на некалькі гадзін. Гэтак жа можна заняць час гульнямі, напрыклад "Мафіяй", "Слоікам" і нават "Кракадзілам". Усё гэта дапаможа адцягнуцца і разбавіць абстаноўку. Суседзі з суседніх камер казалі нам: "У вас "Мафія" цэлы дзень: мы прачынаемся — вы гуляеце, мы кладземся, а вы ўсё гуляеце!"

"Можна трохі паглядзець на неба, хоць і ў рашотачку"

Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1
Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1

Сукамернікі Івана — затрыманыя за ўдзел у пратэстах прадпрымальнік, барбер, які падчас пратэстаў працаваў на МТЗ, дальнабойшчык, хлопец з Зыбіцкай. Былі і збітыя мужчыны сярод іх. Затым Івана перавялі ў СІЗА-1, дзе яго пратрымалі паўтара месяца. Некаторы час хлопец вёў дзённік там.

"Адразу я заехаў у камеру № 59, разлічаную на 18 чалавек, але трымалі нас там да 24 чалавек. Яна заўсёды была перапоўненая, нават калі ў іншых камерах быў недабор. Палова сукамернікаў была палітычнымі. Сярод іх былі адвакат Віталь Брагінец і палітвязень Дзяніс Яроўскі.

Пасля аднаго выпадку мяне перавялі ў камеру № 56, дзе ўмовы былі лепшыя. Там я сустрэўся з былым следчым Мікітам Старажэнкам, фігурантам "справы Зельцэра", які не прызнаў віну і атрымаў максімальны тэрмін. Усе трымаліся, былі вясёлыя, каб не падаць духам. На "Валадарку" я прыехаў з былым супрацоўнікам ГУБАЗіКа, які звольніўся ў 2019 годзе, а цяпер яго затрымалі, напэўна, за пратэсты.

У СІЗА прагулкі былі адным са спосабаў трымаць сябе ў форме. Мне было цяжка, і трэба было прымушаць сябе выходзіць на яе. Але ўсё ж гэта дапамагае захоўваць здароўе, і можна трохі паглядзець на неба, хоць і ў рашотачку".

"Калі ласка, пішыце непрызнаным палітвязням хоць што-небудзь"

Іван успамінае, што самым радасным момантам у СІЗА былі лісты.

Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1
Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1

"Самы радасны момант усяго дня — момант, калі табе прыходзіць ліст. Не важна, што табе прыйшло: фота, аповед пра тое, як правёў дзень, ці нават пра тое, што новага з'явілася ў краме. Я ведаю, што вялікая праблема адбываецца, калі пішаш лісты зняволеным. Насамрэч мы пра многіх палітвязняў не ведаем. "Вясна" стараецца пра ўсіх даведацца і расказаць, але ўсё роўна многія могуць заставацца ў цені, і пра іх можа быць вядома толькі вам. Таму, калі ласка, пішыце непрызнаным палітвязням хоць што-небудзь — гэта пакажа, што вы не забываеце пра іх, і ім будзе прыемна".

Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1
Вытрымкі з дзённіка палітвязня Івана Куляшова ў СІЗА-1

Былы палітвязень распавядае, што ў бібліятэцы ў СІЗА на Валадарскага можна знайсці вельмі шмат сучасных кніг: ад "як працуе Google" да "Гары Потэра".

"На "Валадарцы" адна з найбуйнейшых бібліятэк сярод усіх СІЗА. Там ёсць кнігі па гісторыі. Адну з кніг пакінуў палітвязень па "справе PandaDoc". Было прыемна пачытаць яе, а цяпер прымяняць навыкі з кнігі ў працы.

Але некаторых аўтараў усё ж вельмі цяжка было дастаць. Напрыклад, кнігі Віктара Марціновіча і Святланы Алексіевіч проста немагчыма было прачытаць праз вялікі попыт".

"Мы не прымушаем, але сын можа паехаць назад"

Іван Куляшоў. Скрыншот з фільма КДБ
Іван Куляшоў. Скрыншот з фільма КДБ

Адзін ці два разы ў СІЗА да Івана прыходзілі супрацоўнікі КДБ з нагоды справы бацькі. 1 лістапада Івана нечакана для яго перавялі пад хатні арышт. Адбылося гэта перад тым, як ён зняўся ў прапагандысцкім фільме БТ «"Бягуны па лязе": як літоўцы падманваюць збеглых?».

"Прыехаў следчы і супрацоўнік КДБ і павезлі мяне ў КДБ здымаць гэты фільм. У мяне павінна было быць азнаямленне са справай, але яе рэзка перанеслі. Прыехалі супрацоўнікі і сказалі: "Змяняем табе меру стрымання". Напэўна, ім было лянота вазіць бацьку на следчыя дзеянні туды далёка дадому, таму мяне вырашылі адправіць".

Як распавядае былы палітвязень, яму і бацьку сказалі, што казаць на камеру, але і пры гэтым шмат чаго не ўвайшло ў фінальную версію:

"Нам сказалі, што казаць, пры гэтым адзін з начальнікаў КДБ дадаў: "Мы, вядома, не прымушаем, але сын можа паехаць назад [у СІЗА]. Толькі ўжо праз РУУС". Здымалі нас бацькам па чарзе".

Пасля здымак фільма БТ Івана адпусцілі дадому, а Мікалая вярнулі ў СІЗА.

"Баяўся, што паеду ў калонію, і таго, што пачнуць чапаць па справе бацькі"

Іван Куляшоў. Фота з асабістага архіва героя
Іван Куляшоў. Фота з асабістага архіва героя

На думку Івана, яго не зрабілі саўдзельнікам па справе бацькі, таму што Мікалай сказаў, "каб яго не чапалі".

"Напэўна, умову такую паставіў".

Да суда больш за месяц хлопца трымалі пад хатнім арыштам. У гэты час яго вазілі на следчыя дзеянні па справе Мікалая Куляшова.

"Але пад хатнім арыштам усё роўна жыў, як быццам яшчэ знаходзіўся ў СІЗА".

14 снежня 2022 года суд Савецкага раёна горада Мінска прызначыў Івану паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса тры гады "хатняй хіміі". Неўзабаве ён пакінуў Беларусь.

"Я ведаю, што тым, хто сядзіць на "хатняй хіміі", мяняюць рэжым. Я баяўся, што паеду ў калонію, і таго, што пачнуць чапаць па справе бацькі, таму вырашыў з'ехаць з краіны".

5 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе агучылі прысуд палітвязням Мікалаю Куляшову, Аніце Бакуновіч і Ягору Курзіну. Паводле абвінавачання, былы мытнік Мікалай супрацоўнічаў з некамерцыйнай арганізацыяй "Дапамога", якая дзейнічае ў Літве і дапамагае палітычным уцекачам. Яму прызначылі пяць гадоў калоніі паводле ч. 3 арт. 371 КК (Наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, учыненае арганізаванай групай), ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 (Замах на наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейсненае арганізаванай групай), ч. 3 арт. 361-1 КК (Удзел у экстрэмісцкім фарміраванні), па арт. 378 КК (Крадзеж асабістых дакументаў) і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 КК (Замах на падробку і выраб або збыт падробленых дакументаў). Падрабязнасці справы і пазіцыя Мікалая па справе невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Нават сыну Івану нічога невядома пра справу. Прысуд вынес суддзя Віктар Сянько.

Падтрымаць Мікалая і іншых палітвязняў па справе: турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Аніта Алегаўна Бакуновіч, Мікалай Анатольевіч Куляшоў, Ягор Ігаравіч Курзін

Крыніца: "Мяне збівалі і ўвесь час пагражалі", — сын палітзняволенага Мікалая Куляшова