17.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Гомельскі абласны суд 13 красавіка завяршыў разгляд крымінальнай справы 34-гадовага жыхара Магілёва Уладзіслава Купрыянава. Яго абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы, здзейсненай групай асоб паводле ч. 3 арт 130 Крымінальнага кодэкса.
Судовы працэс пачаўся яшчэ 24 лютага, справу вёў суддзя Мікалай Доля.
Палітзняволены Уладзіслаў Купрыянаў, якога затрымалі 7 жніўня 2022 года, працаваў інжынерам у "Магілёўскіх гарадскіх электрычных сетках".
Да суда быў змешчаны спачатку ў СІЗА №1 Мінска, затым яго перавялі ў СІЗА №3 Гомеля.
Уладзіславу першапачаткова выставілі абвінавачванні паводле ч. 3 арт. 352 КК (Неправамоцнае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй), ч. 3 арт. 203-1 КК (Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальныя дадзеныя) і ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы).
Купрыянава абвінавацілі ў тым, што ўвосень 2020 года, у час пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, ён нібыта перадаваў звесткі пра месца жыхарства дзяржаўных служачых і людзей з уладаахоўных органаў «Чорнай кнізе Беларусі». 17 лістапада 2022 г. праваабаронцы прызналі яго палітычным зняволеным.
Суд прызнаў Уладзіслва Купрыянава вінаватым у дапамаганні ў здзяйсненні наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, учыненых групай асоб, якія пацягнулі цяжкія наступствы, і прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Падрабязнасці судовага працэсу высвятляюцца.
Крыніца: У Гомелі вынесены прысуд жыхару Магілёва за ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці, учыненых групай асоб