21.04.2023 Тэгі: пераслед, умовы ўтрымання, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Мінску затрыманы фанат ФК «Дынама-Мінск» Павел Вінэль
На «пакаяльным відэа» 32-гадовы хлопец кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах, прытрымліваўся ўльтраправых поглядаў, пакідаў абразлівыя каментары, а таксама нібыта захоўваў дома партрэт Гітлера.
Да сваякоў былога палітвязня і ягонай жонкі прыходзілі міліцыянты
У Кобрыне супрацоўнікі органаў (невядома якога ведамства, бо не прадставіліся) прыходзілі да сваякоў былога палітзняволенага Віталя Жука і ягонай жонкі Маргарыты Касабуцкай, якія ўжо як некалькі месяцаў таму з дзецьмі пакінулі Беларусь. Міліцыянтаў з Брэста цікавіла кватэра, у якой жыла сям’я, і маёмасць у ёй. Яны правялі агляд кватэры і пафатаграфавалі яе.
Віталь распавядае, што супрацоўнікі ведалі ўсе інтэрв’ю, якія ён даваў пасля вызвалення, а таксама казалі, што яго пазбавяць грамадзянства. Былы палітвязень тлумачыць такую цікавасць супрацоўнікаў магчымасцю распачынання ў адносінах да яго спецвытворчасці па крымінальнай справе.
Віталя асудзілі на 1,5 года пазбаўлення волі за каментар пра Лукашэнку. Мужчына цалкам адбыў свой тэрмін, а пасля вызвалення разам з сям'ёй пакінуў Беларусь.
Міністэрства інфармацыі падало пазоў супраць выдавецтва Змітра Коласа
Справу будзе разглядаць Эканамічны суд Менску. Пасяджэнне адбудзецца 2 траўня, на ім могуць ануляваць пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасці выдаўца.
Паводле інфармацыі БАЖ, падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакумэнтаў - "„Вызваленыя“ i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускiх архiваў».
Выдавецтва Змітра Коласа — адно ў галоўных у Беларусі ў сферы папулярызацыі перакладной сусветнай літаратуры.
Палітвязня, асуджанага да 11 гадоў калоніі, унеслі ў «тэрарыстычны спіс»
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча Віктара Савашэвіча.
У студзені ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме мужчыну асудзілі паводле ч. 3 арт. 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (Саўдзел у распальванні варожасці) КК. Суддзя Сяргей Хрыпач прызначыў Віктару 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ў калоніі ўзмоцненага рэжыма.
Савашэвічу паставілі ў віну стварэнне і адміністраванне канала ў Тэлеграме «23.34», у якім размяшчалася інфармацыя пра беларускіх суддзяў.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1040 чалавек, з іх 292 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1047 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Інфармацыя дапаўняецца.
Крыніца: Затрыманне футбольнага фаната, новы "тэрарыст": хроніка пераследу 21 красавіка