24.04.2023 Тэгі: праваабаронцы, свабода слова, катаванні, свабода мірных сходаў, рэпрэсіі, АБСЕ Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Наталля Сацункевіч У межах канферэнцыі АБСЕ "Катаванні і іншыя сур'ёзныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права і грубыя парушэнні міжнароднага права правоў чалавека: Дадатковая нарада па чалавечаму вымярэнні ІІ" прайшоў івэнт "Беларусь. Сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і наступны даклад Маскоўскага механізма". На ім выступілі і беларускія праваабаронцы.

osce_2023-04-24.jpg
Фота: NHC

Кантэкст

38 дзяржаў-удзельніц АБСЕ 23 сакавіка 2023 года звярнуліся да Маскоўскага механізма АБСЕ для вывучэння "пагроз выканання палажэнняў чалавечага вымярэння, якія ствараюцца парушэннямі і злоўжываннямі ў сферы правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь".

Маскоўскі механізм дае магчымасць дзяржавам-удзельніцам АБСЕ накіроўваць місіі экспертаў для аказання дапамогі ў вырашэнні пэўнага пытання ці праблемы, якая адносіцца да чалавечага вымярэння АБСЕ. У апошні раз Маскоўскі механізм выкарыстоўваўся ў дачыненні да Беларусі ў верасні 2020 года, калі да яго звярнуліся 17 дзяржаў-удзельніц АБСЕ. Справаздача, падрыхтаваная ў выніку, сярод іншага, дапамагла пракласці шлях міжнародным механізмам прыцягнення да адказнасці, арыентаваных на Беларусь, уключаючы examination mission УВКПЧ ААН.

Цяпер, 24 красавіка 2023 года, пачалася канферэнцыя АБСЕ, дзе адзін з прэ-івэнтаў быў прысвечаны Беларусі.

Што казалі беларускія праваабаронцы?

Прадстаўніца праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталля Сацункевіч нагадала, што ў арганізацыі хутка дзень народзінаў:

"З 1996 года мы абараняем і прасоўваем правы чалавека ў Беларусі.

І сёння 6 маіх калегаў у турме ў Беларусі за гэтую працу. Іх калегаў абвінавачваюць у кантрабандзе, фінансаванні пратэстаў, экстрэмізме і іншых злачынствах. Але сапраўдная прычына — яны гучна казалі пра парушэнні з боку рэжыму Лукашэнкі.

На мінулым тыдні суд адхіліў апеляцыю трох членаў "Вясны" і пакінуў прысуд у моцы.

Акрамя велізарных тэрмінаў — 10, 9 і 7 гадоў зняволення — Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч павінны аплаціць штраф і пакрыць так званую шкоду, агульная сума каля 450 тысяч еўра, інакш іх жыллё і маёмасць будуць канфіскаваныя.

Валянцін Стэфановіч быў адзін з тых, хто восенню 2020 года адвакатаваў запуск Маскоўскага механізма ў дачыненні да Беларусі. Сёння ён не можа быць тут, ён у турме ў Беларусі ў тым ліку за гэта!

Я вельмі прашу вас падтрымаць праваабаронцаў, тых, хто ў зняволенні – лістамі, інфармацыяй, у вашых сацыяльных сетках, у вашых заявах заўсёды патрабаваць іх неадкладнага вызвалення.

А таксама падтрымліваць тых, хто працягвае барацьбу за правы чалавека ў Беларусі: многія з нас з'ехалі з Беларусі і не могуць вярнуцца праз пагрозы бяспекі і крымінальнага пераследу. Нам праўда патрэбна ваша падтрымка. У тым ліку гэта тычыцца ўмоў для жыцця і працы праваабаронцаў і НДА-актывістаў у краінах-удзельніцах".

osce_sacunkevich_2023-24-04.jpg
Наталля Сацункевіч

Акрамя таго, праваабаронца ўзняла пытанне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання:

"Пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 катаванні сталі ў Беларусі звычайнай справай.

Практычна кожны чалавек, які будзе затрыманы, сёння сутыкнецца з катаваннямі і жорсткім абыходжаннем. Людзей збіваюць падчас затрымання, падчас допытаў, для іх ствараюць жудасныя ўмовы зняволення, аказваюць псіхалагічны ціск.

Паводле інфармацыі "Вясны", За 2022 год больш за 6000 чалавек былі затрыманыя і рэпрэсаваныя ў розных формах. Гэта каля 15 чалавек штодня, і гэта значыць, што кожную гадзіну днём адзін чалавек затрымліваецца. Мы працягваем фіксаваць жорсткія затрыманні тых, хто ўсяго толькі спрабуе карыстацца сваімі правамі: свабодай выказвання меркавання, свабодай мірных сходаў, свабодай асацыяцый і іншымі.

Людзі ў Беларусі моцна абмежаваныя ў правах. Любая спроба карыстацца сваімі правамі можа скончыцца рэальным тэрмінам у турме.

У пятніцу (21 красавіка) колькасць палітвязняў дасягнула 1500 чалавек. І яшчэ больш за 600 былі вызваленыя за апошнія два з паловай гады. Атрымліваецца, што больш за 2000 чалавек падвергліся палітычна матываванаму крымінальнаму пераследу!

Акрамя пазбаўлення волі, зняволеныя сутыкаюцца з дадатковым ціскам: жудасныя ўмовы ўтрымання, адсутнасць сонечнага святла, пазбаўленне сну, адсутнасць доступу да кваліфікаванай мед дапамогі, перанаселеныя турэмныя камеры, катаванні холадам і адзінотай і многае іншае.

Я амаль кожны дзень размаўляю з роднымі палітвязняў — і гэта нязменнае гора і страх. Напрыклад, жонка палітыка Мікалая Статкевіча не атрымлівала лістоў і званкоў ад яго больш за 70 дзён.

І такіх выпадкаў даволі шмат, на жаль".

Прадстаўніца Беларускага Хельсінкскага Камітэта Анастасія Дзюбанава нагадала, што за апошнія два гады сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася:

"Згодна з нашай кааліцыйнай справаздачай, прадстаўленай у рамках Венскага механізма паўтара года таму, ніводная з 72 рэкамендацый, адрасаваных беларускім уладам Дакладчыкам у рамках Маскоўскага механізма, не выкананая. Вітаем перазапуск Маскоўскага механізма АБСЕ і лічым яго важным інструментам маніторынгу і адсочвання сітуацыі з выкананнем абавязацельстваў АБСЕ ў галіне чалавечага вымярэння".

osce_dziubanava_2023-04-24.jpg
Анастасія Дзюбанава (у цэнтры). Фота: NHC

Праваабаронца звярнула ўвагу на шэраг зменаў, унесеных у заканадаўства Беларусі для застрашвання, а таксама пакарання тых, хто адкрыта і мірна выказаў сваю пазіцыю адносна дзеянняў дзеючай улады:

"За апошні год беларускія ўлады двойчы ўносілі папраўкі ў Крымінальны кодэкс, пашыраючы сферу прымянення смяротнага пакарання. Калі раней смяротнае пакаранне прызначалася за найбольш цяжкія злачынствы, звязаныя з пазбаўленнем жыцця, у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, то цяпер яно можа прымяняцца за «замах на тэрарыстычны акт», а таксама за «дзяржаўную здраду, здзейсненую дзяржаўнай службовай асобай або вайскоўцам».

Акрамя таго, было прынята мноства іншых заканадаўчых змяненняў, накіраваных на абмежаванне свабоды слова і СМІ. Уведзена крымінальная адказнасць за заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю Узброеных сілаў, адмаўленне генацыду беларускага народа, удзел у экстрэмісцкім фармаванні або дапамаганне экстрэмісцкай дзейнасці, публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення незаконных сходаў. І гэта далёка не ўсе змены, якія ствараюць атмасферу страху ў беларускім грамадстве і цягнуць за сабой бясконцую колькасць крымінальных спраў супраць людзей, якія проста хацелі свабоды, павагі чалавечай годнасці і спынення гвалту".

Таму, адзначыла Анастасія Дзюбанава, важна не спыняць выказвання салідарнасці не толькі з несправядліва асуджанымі, але і з тымі, хто знаходзіцца ўнутры краіны ў пастаяннай трывозе за сваю свабоду і бяспеку:

"Любое дзеянне, у тым ліку адкрытая заява аб недапушчальнасці адвольнай змены і прымянення заканадаўства, заклік да тэрміновага вызвалення палітвязняў, якія маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, прасоўванне механізмаў адказнасці, уключаючы ўніверсальную юрысдыкцыю, або просьба аб наведванні месцаў пазбаўлення волі, мае вялікае значэнне, незалежна ад выніку".

Праваабаронца звярнула ўвагу і на становішча арганізацый грамадзянскай супольнасці ў Беларусі (за апошнія два гады ліквідавана або знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі больш за 800 арганізацый і больш за 400 вымушаныя былі прыняць рашэнне аб самаліквідацыі), а таксама пераслед адвакатаў (на гэты момант 104 адвакаты пазбаўленыя ліцэнзій, а 10 адвакатаў знаходзяцца пад вартай у сувязі з выкананнем сваіх прафесійных абавязкаў). А дэнансаваўшы Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, Беларусь выйшла з працэдуры разгляду індывідуальных скаргаў Камітэтам ААН па правах чалавека.

"Такім чынам, ахвяры парушэнняў правоў чалавека былі пазбаўленыя адной з нешматлікіх магчымасцяў абскардзіць дзеянні ўладаў у міжнародных органах.

Таму сёння мы з'яўляемся сведкамі шырокамаштабнай рэпрэсіўнай кампаніі, якая не спыняецца ні на адзін дзень і прыносіць толькі боль і пакуты ў першую чаргу тым, хто пазбаўлены волі, але таксама і тым, хто пазбаўлены магчымасці ўбачыць сваіх блізкіх, выконваць свае прафесійныя абавязкі і проста знаходзіцца дома. Нарэшце, прапануем падумаць пра новыя механізмы маніторынгу АБСЕ, якія носяць пастаянны характар. Мы будзем рады перыядычна абменьвацца абнаўленнямі, ацэньваць рэкамендацыі, прынятыя ў рамках гэтага Маскоўскага механізма, ці ўдзельнічаць у любых іншых формах супрацоўніцтва. Захаванне Беларусі ў парадку дня неверагодна важна для нас", — дадала Анастасія Дзюбанава.

osce1_2023-04-24.jpg
Фота: NHC

Сярод прысутных на івэнце — у тым ліку дэлегацыі і паслы Францыі, Ірландыі, Еўрапейскага Саюза ў АБСЕ.

Пытанні, якія іх цікавілі: "Як вы працуеце ў Беларусі? Як сітуацыя ва Украіне ўплывае на сітуацыю ў Беларусі? Як улады выкарыстоўваюць лічбавыя тэхналогіі для рэпрэсій? Як падтрымаць беларускую грамадзянскую супольнасць?"

Арганізатарамі івэнту "Беларусь. Сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і наступны даклад Маскоўскага механізма" выступілі праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Фонд Дамоў правоў чалавека, Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт, Міністэрства замежных спраў Нідэрландаў, OMCT, Austausch e.V. for a European Civil Society.

Крыніца: "Катаванні сталі ў Беларусі звычайнай справай". Беларускія праваабаронцы — на канферэнцыі АБСЕ