26.04.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, дыфамацыя Дзмітрый Юртаеў. Мінскі гарадскі суд 26 красавіка працягваў разгляд крымінальнай справы паэта і выкладчыка прыватнай школы "Смарт Скул" Дзмітрыя Юртаева. Яго вінавацяць у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК).

Судовы працэс, які пачаўся 14 красавіка вядзе суддзя Анжэла Касцюкевіч, дзяржабвінаваўца – Халапка.

Палітзняволены Дзмітрый Юртаеў быў затрыманы 21 верасня 2022 года супрацоўнікі ГУБАЗіК. Выкладчыка прымусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца: нібыта ён у жніўні 2020 года хадзіў на акцыі, пісаў допісы ў Facebook і «УКантакце». Таксама ў праўладных каналах зʼявіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.

У Мінгарсудзе пачынаюць судзіць паэта і выкладчыка Дзмітрыя Юртаева

Спачатку Дзмітрыя двойчы арыштавалі паводле адміністрацыйных спраў. За некалькі дзён да заканчэння чарговага тэрміну супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі.

Па матэрыялах абвінавачання, у перыяд з 11 жніўня 2020 года па 10 студзеня 2021 года Дзмітрый Юртаеў “па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, наўмысна, з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі, выказваючы нянавісць да супрацоўнікаў сілавых структур" размясціў на сваёй старонцы ў Facebook 22 публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і сілавых органаў”.

Адзін з тэкстаў Юртаева: “Калі пойдзем моўчкі ў печы? Бо стаім ужо ў чэргах ля аўтазакаў і не супраціўляемся фашыстам...”

Таксама размяшчаў тэксты пра тэхніку для разгона акцый, у падтрымку Украіны і праглядаў дэструктыўныя тэлеграм-каналы.

У судзе Дзмітрый Юртаеў выглядаў падаўлена, прызнаў цалкам віну ва ўсіх прад’яўленых эпізодах і раскайваецца.

Наступнае судовае пасяджэнне прызначанае на 28 красавіка.

Крыніца: "Каго вы называлі фашыстамі?" У Мінску судзяць дзіцячага паэта і выкладчыка Дзмітрыя Юртаева