28.04.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, адміністратыўны пераслед, палітвязні, пераслед, ціск, рэпрэсіі У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 27-28 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гродне аштрафавалі Любоў Сарлай
Яе асудзілі за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11 КаАП) да 30 базавых велічынь штрафу. У Сарлай таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Пастанову аб штрафе і канфіскацыі тэлефона аформіла суддзя Ленінскага раённага суду Алена Пятрова.
Любоў стала шырока вядомай у горадзе над Нёманам, калі ў студзені 2021 года яе аштрафавалі за «ўдзел у незаконным масавым мерапрыемстве», фактычнай прычынай затрымання маладой жанчыны тады сталі спартовыя порткі з бел-чырвона-белай палоснай гамай. Тады суддзя Ленінскага раённага суду Руслан Гурын прысудзіў Любові 20 базавых штрафу.
Справу супраць Сафіі Сапегі зарэгістравалі ў раённым судзе Масквы, яе артыкул пазначаны як перавышэнне паўнамоцтваў прыватным дэтэктывам
У Прэсненскім раённым судзе Масквы зарэгістравалі справу аб пераводзе асуджанай у Беларусі да 6 гадоў калоніі грамадзянкі Расіі Сафіі Сапегі. Такую інфармацыю «Медыязона» знайшла на сайце суда.
У Беларусі Сапегу прызналі вінаватай па двух артыкулах — распальванне варожасці і варажнечы (ч. 3 арт. 130 КК) і незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці (ч. 1 арт. 179 КК).
У расійскім КК няма аналага другога артыкула. У картцы справы на сайце суда пазначаны артыкул аб перавышэнні паўнамоцтваў прыватным дэтэктывам або работнікам прыватнай ахоўнай арганізацыі пры выкананні імі сваіх службовых абавязкаў (ч. 1 арт. 203 КК РФ).
Нагадаем, Сафію затрымалі 23 траўня 2021 года разам з Раманам Пратасевічам — самалёт авіякампаніі Ryanair, у якім яны ляцелі, прымусова пасадзілі ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Пазнея яе асудзілі да 6 гадоў калоніі.
Жыхара Ваўкавыска затрымалі за тое, што ён нібыта абразіў вясковых міліцыянтаў
Гаворка ідзе пра 52-гадовага Сяргея Боўфала з Ваўкавыска, піша «Наша Ніва».
Пра затрыманне мужчыны стала вядома з відэа, якое выйшла на праўладным тэлеграм-канале. Там жа сцвярджаецца, што супраць яго нібыта заведзеная крымінальная справа.
Аднак, на відэа не паведамляецца, дзе і калі Сяргей абразіў міліцыянтаў з пасёлка Днепр, што на Магілёўшчыне.
Аператыўна-аналітычны цэнтр пазбавіў даменнага імя незалежнае выданне EX-PRESS.ВY
Стаў вядомы яшчэ адзін выпадак пазасудовага пазбаўлення недзяржаўнага медыя дамена .by у беларускім сегменце інтэрнэту. Гэтым разам пад «зачыстку» трапіла рэдакцыя інфармацыйнага інтэрнэт-рэсурсу EX-PRESS.ВY, які расказвае пра падзеі ў Барысаве і Жодзіне.
Нагадаем, у кастрычніку 2021 года паводле заявы пракуратуры Барысаўскага раёна Мінскай вобласці інфармацыйная прадукцыя інтэрнет-рэсурсу EX-PRESS.ВY была прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У лютым 2023-га той жа суд з невядомых прычын прадубляваў рашэнне.
У Гродне затрымалі чэмпіёна Еўропы па каратэ і бубнача гурту Dzieciuki
Стала вядома, што падчас адной з апошніх аблаў у горадзе былі затрыманыя Давід Ацьман і Аляксандр «Сыр» Сыраежка, паведамляе «Наша Ніва».
Давід – былы чампіён Еўропы па каратэ-кёкусінкай. Мужчына валодаў фітнэс-клубам «Тытан», а праўладныя СМІ яшчэ нядаўна называлі яго «волатам з Гродна».
Аляксандр – былы музыка славутых гродзенскіх гуртоў «КальЯн» і Dzieciuki.
З'явіліся падрабязнасці шпіталізацыі Віктара Бабарыкі
Учора 27 красавіка з'явілася інфармацыя, што палітвязень знаходзіцца ў шпіталі Наваполацка. Паводле "Радыё Свабода" — ў хірургіі.
Крыніца "Белсат" у Наваполацкай бальніцы распавяла, што ў яго стаіць дрэнажная прылада, але ён ходзіць сам: «Раніцай ішоў сам, яго кудысьці везлі з лякарні. Выглядае збітым, але ягоны дыягназ я не ведаю».
Пазней стала вядома, што Віктар Бабарыка ўсё яшчэ знаходзіцца ў цэнтральнай гарадской бальніцы горада Наваполацк. Лекары пацвердзілі, што было праведзена абследаванне, яны адводзяць вадкасць з лёгкіх. Стан Віктара ацэньваецца як сярэдняй цяжкасці. Ён знаходзіцца пад назіраннем медыцынскага персанала бальніцы. Аб прычынах шпіталізацыі па-ранейшаму не паведамляецца.
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што да шпіталізацыі палітвязня змяшчалі ў памяшканне камернага тыпу. Калі дакладна гэта адбылося — невядома. Таксама паведамляецца, што доўгі час зімой Бабарыка правёў у ШІЗА. Інфармацыі пра Віктара Бабарыкі практычна не было некалькі месяцаў. Каля двух месяцаў ад Бабарыкі не паступае пісьмовая карэспандэнцыя. Адвакат Бабарыкі таксама не можа працаваць — ён быў затрыманы падчас «аблавы» на адвакатаў 20 сакавіка.
Крыніца: Ціск на палітвязняў, затрыманні, штрафы: хроніка пераследу 27-28 красавіка