28.04.2023 Тэгі: грамадства, палітвязні, ціск, заявы, рэпрэсіі Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

28 красавіка 2023 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем пабольшаную колькасць судовых рашэнняў, прынятых паводле палітычна матываваных крымінальных спраў з парушэннем асноўных працэсуальных правоў абвінавачаных, якія ў адсутнасць незалежнага, непрадузятага, аб'ектыўнага судовага разгляду надаюць расследаванню і асуджэнню рысы адвольнага. Прызначаныя крымінальныя пакаранні па гэтых справах выходзяць за межы тых, што звычайна ўжываюцца ў адсутнасць палітычнага матыву, і з'яўляюцца празмерна строгімі, не адпаведнымі ступені грамадскай небяспекі здзейсненага і асобам асуджаных.

У прыватнасці:

Сямён Акула асуджаны за ўдзел у вулічных акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 КК і на ўнясенне недакладных даных у ведамасную і статыстычную справаздачнасць, што выклікала недаплату неабходных сум у якасці абавязковых страхавых унёскаў у бюджэт па ч. 2 арт. 216 КК (Нанясенне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу) да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі; злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 216 КК не з'яўляецца цяжкім, і ўсе абставіны крымінальнай справы ў сукупнасці не перашкаджалі прызначэнню пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі; такім чынам, С. Акула асуджаны выбіральна ў параўнанні з іншымі асуджанымі без наяўнасці палітычнага матыву;

Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Рэспублікі Польшча) асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць) да чатырох гадоў пазбаўлення волі; Міхаіл Сталярчук і Дзмітрый Гудзік (грамадзяне Украіны) у закрытым судовым пасяджэнні асуджаны адпаведна на шэсць і пяць гадоў пазбаўлення волі; дыспазіцыя артыкула 358-1 КК сфармулявана няпэўна, дапускаючы пашыральнае тлумачэнне, таму на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеяння з няўхільным прытрымліваннем працэсуальных гарантый, у ліку якіх — публічнае судовае разбіральніцтва; гэта права можа быць абмежавана ў правамерных мэтах, не замахваючы на сутнасць права, што ў дадзеным выпадку дапускала б правядзенне толькі часткі судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме для захавання дзяржаўных таямніц, калі такія былі ў матэрыялах справы;

Руслан Лабанак асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні па арт. 431 КК (дача хабару) і арт. 356 КК (здрада дзяржаве) на 11 гадоў пазбаўлення волі; дыспазіцыя артыкула 356 КК сфармулявана няпэўна, дапускае пашыральнае тлумачэнне, што з 2020 году на практыцы цягне адвольнае асуджэнне грамадзянаў, якія не замахваліся на нацыянальную бяспеку — у тым сэнсе, які ўкладваецца ў гэты гэтае паняцце ў дэмакратычных дзяржавах; у сувязі з гэтым на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеяння з няўхільным прытрымліваннем працэсуальных гарантый, у публічным судзе; гэта права абвінавачанага можа быць абмежавана выключна ў правамерных мэтах, не замахваючыся на сутнасць права, што ў дадзеным выпадку дапускала б правядзенне толькі часткі судовага пасяджэння ў закрытым рэжыме для захавання дзяржаўных таямніц, калі такія былі ў матэрыялах справы;

Непаўналетні Арцём Вайцяховіч узяты пад варту па абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 208 КК (вымаганне) і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары, у той час, калі яго брат, адміністратар пратэснага Тэлеграм-канала, атрымлівае патрабаванні пра спыненні дзейнасці ў якасці ўмовы для вызвалення Арцёма Вайцяховіча; разам з тым, "сістэма правасуддзя ў дачыненні да непаўналетніх скіравана ў першую чаргу на забеспячэнне дабрабыту непаўналетняга і забеспячэння таго, што любыя меры ўздзеяння на непаўналетніх правапарушальнікаў былі заўсёды сувымерныя як з асаблівасцямі асобы правапарушальніка, так і з акалічнасцямі правапарушэння. Утрыманне пад вартай да суда прымяняецца толькі ў якасці надзвычайнай меры і на працягу найкарацейшага перыяду часу. Утрыманне пад вартай да суда па магчымасці замяняецца іншымі альтэрнатыўнымі мерамі, такімі, як сталы надгляд, актыўная выхаваўчая праца ці змяшчэнне ў сям'ю альбо ў выхаваўчую ўстанову ці дом" (Мінімальныя стандартныя правілы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, якія тычацца выканання правасуддзя ў дачыненні на непаўналетніх).

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

Прымаючы рашэнне, мы ў чарговы раз падкрэсліваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым ці фактычна закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і зводзіць да мінімальна нізкай ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці якіх бы там не было доказаў абвінавачання.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая свабоды, калі пры наяўнасці палітычных матываў яе пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў: … 

  1. a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. b) пазбаўленне волі было заснавана на фальсіфікацыі доказаў выстаўленага правапарушэння або пры адсутнасці падзеі або складу правапарушэння альбо яго здзяйснення іншай асобай;
  3. c) працягласць або ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйна (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца альбо было прызнана вінаватай;
  4. d) асоба пазбаўлена волі выбіральна ў параўнанні з іншымі асобам.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што пераслед Сямёна Акулы, Ежы Жывалеўскага, Міхаіла Сталярчука, Дзмітрыя Гудзіка, Руслана Лабанка, Арцёма Вайцяховіча з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі. У сувязі з гэтым мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, патрабуем ад улад Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх меры і судовыя рашэнні пры выкананні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на прысуд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Human Constanta;

Беларускі ПЭН;

Прававая ініцыятыва.

Крыніца: Заява праваабаронцаў аб прызнанні шасці палітычных зняволеных