26.04.2023 Тэгі: акцыі, палітвязні, праваабаронцы, салідарнасць, рэпартаж Асобы: Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк 26 красавіка 2023 года — 37 гадоў з дня Чарнобыльскай трагедыі і 27 гадоў з дня заснавання Праваабарончага цэнтра "Вясна". Таму вясноўцы зладзілі акцыю ў Вільні, у якой выкарысталі лозунгі з плакатаў "Чарнобыльскага шляху" за ўсю гісторыю яго правядзення.
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала трагічным увасабленнем таго, да чаго можа прывесці крывадушнасць і антычалавечнасць улады.
26 красавіка 1996 года, у дзясятую гадавіну аварыі, на вуліцы Мінска выйшла каля 50 000 чалавек, адбыліся сутычкі з міліцыяй і шматлікія затрыманні. Каб дапамагаць арыштаваным і іх сем’ям, на базе музея Багдановіча, дзе ў той час працаваў Алесь Бяляцкі, утварылася ініцыятыўная група. Так узнік Праваабарончы цэнтр “Вясна”. Штогод 26 красавіка ў Беларусі праводзіўся "Чарнобыльскі шлях", і практычна штогод ён праходзіў з затрыманнямі, збіваннямі, разгонамі.
Цяпер дзяржаўная рэпрэсіўная машына ў Беларусі настолькі жорсткая, што падобнага кшталту акцыі больш не могуць адбывацца, а праваабаронцы “Вясны” — у тым ліку тыя, хто стаяў ля вытокаў арганізацыі — цяпер знаходзяцца за кратамі.
На гэты момант шэсць вясноўцаў пазбаўлены волі:
- старшыня “Вясны” і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі — на 10 гадоў;
- юрыст, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч — на 7 гадоў;
- сябра Рады арганізацыі і віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч — на 9 гадоў;
- каардынатарка Валанцёрскай службы “Вясны” Марфа Рабкова — на 14 гадоў і 9 месяцаў;
- валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк — на 5 гадоў і 9 месяцаў;
- кіраўнік гомельскай філіі “Вясны” Леанід Судаленка — на 3 гады.
"Нашы калегі цяпер пазбаўлены голасу і волі, таму сёння мы тут стаім за іх. Мы не вынаходзілі новых лозунгаў, а выкарысталі тэксты плакатаў з "Чарнобыльскага шляху" за ўсю гісторыю яго правядзення: некаторыя з іх дагэтуль актуальныя, а некаторыя набылі новыя сэнсы. З гэтымі плакатамі на вуліцы гарадоў Беларусі маглі выходзіць і вясноўцы",— адзначылі арганізатаркі акцыі.
На адным з гістарычных плакатаў напісана: "Народ — не реактор. Если рванет, его не остановишь".
"Сімвалізм у тым, што гэта плакат, які выкарыстоўваўся ў 90-м годзе ў Гомелі. Плакат трымае праваабаронца Вясны у майцы з выявай Леаніда Судаленкі, які таксама з Гомеля", — патлумачылі арганізатаркі мерапрыемства.
Крыніца: "Мы не хочам быць заложнікамі", – вясноўцы на акцыі ў Вільні