26.04.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-26 красавіка збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Віктар Бабарыка шпіталізаваны з наваполацкай калоніі
З'явілася інфармацыя, што палітвязень знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні шпіталя Наваполацка. Афіцыйны тэлеграм-канал палітзняволенага палітыка падцвердзіў гэтую інфармацыю.
Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
У Гомелі затрымалі непаўнагадовага за тое, што ён нібыта спаліў чырвона-зялёны сцяг
На «пакаяльным» відэа Глеб Шамрэеў кажа, што быў затрыманы за тое, што разам з сябрамі запісаў відэа спальвання чырвона-зялёнага сцяга.
Хлопец «прызнаецца» ў тым, што нібыта рабіў гэта ў нецвярозым стане. Таксама ў віну яму ставяць падпіску на тэлеграм-канал «Рэальная Беларусь».
Мужчыну затрымалі за сцяжкі Украіны і Беларусі ва ўласнай машыне
ГУБАЗіК сцвярджае, што ў машыне затрыманага знаходзіліся невялікія сцяжкі Украіны і Беларусі і што на яго данёс «неабыякавы грамадзянін».
Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», затрыманы — 45-гадовы Валерый Жыгадла.
Стала вядома пра затрыманне адваката Мінскай абласной калегіі адвакатаў Аляксея Бародкі
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, адвакат быў затрыманы напрыканцы студзеня і знаходзіцца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Які артыкул інкрымінаваны Аляксею — пакуль невядома.
Адзначым, што пасля затрымання профіль адваката выдалілі з сайта Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. Пазней стала вядома, што 21 красавіка яго пазбавілі ліцэнзіі.
Падтрымаць Аляксея грашовымі пераводамі, пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Аляксей Сяргеевіч Бародка
У СІЗА змешчаны вядомы музыка Мікіта Найдзёнаў
Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што ўжо як мінімум месяц у СІЗА Жодзіна знаходзіцца вядомы беларускі паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў. Папярэдне, яму інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК — за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах.
Мікіта — былы фронтмен гурту Hurma, а таксама аўтар шэрагу песень розных артыстаў. У 2015 стаў уладальнікам прэміі «Залаты апостраф» у намінацыі «Дэбют» за найлепшую публікацыю вершаў у часопісе «Дзеяслоў».
Падтрымайце Мікіту: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Мікіта Найдзёнаў
Міністэрства юстыцыі пазбавіла ліцэнзіі яшчэ пецярых адвакатаў
Як паведамляе праект "Право на защиту", па выніках атэстацыі кваліфікацыйнай камісіяй прыняты рашэнні аб магчымасці спынення ліцэнзій на ажыццяўленне адвакацкай дзейнасці адносна:
Бародка Аляксея, Гурыновіча Аляксандра, Сцяпанава Ігара — у сувязі з прымяненнем да іх дысцыплінарных спагнанняў у выглядзе выключэння з абласных калегій адвакатаў (Мінскай і Віцебскай) за ўчыненне правін, не сумяшчальных са званнем адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру);
Аленскую Інэсу, Шарстнёва Дзяніса — у сувязі з немагчымасцю выканання адвакатамі сваіх прафесійных абавязкаў з прычыны недастатковай кваліфікацыі, пацверджанай рашэннем Кваліфікацыйнай камісіі.
Інэса Аленская абараняла ў судах палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойка, Рыгора Кастусёва.
У Драгічыне з-за адміністрацыйнага рашэння па «палітычным» артыкуле быў звольнены журналіст дзяржаўнага выдання
Андрэй Расафонаў працаваў у раённай газеце «Драгічынскі веснік». На сайце выдання можна знайсці яго артыкулы ад 2015 года — і да 2 снежня 2022. І вось ужо паўгады дзяржаўная раёнка не публікуе матэрыялы карэспандэнта.
Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", Расафонава звольнілі з дзяржгазеты праз суд па арт.19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Правапарушэнне знайшлі, калі журналіста выклікалі ў мясцовы ваенкамат для зверкі дадзеных. Там у яго запатрабаваў тэлефон супрацоўнік КДБ. Праглядзеўшы прыладу, журналіста адразу затрымалі. У РАУС Расафонаў быў змешчаны ў ІЧУ на трое сутак да суда. Па рашэнню суда Андрэй быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь з канфіскацыяй тэлефона.
Пасля гэтага Расафонаў быў звольнены з раёнкі «па згодзе бакоў». Яго ўзялі адміністратарам у краму «Остров чистоты», але ж папрацаваць там атрымалася нядоўга: пасля званка з адпаведнай установы ён быў ізноў звольнены.
Мастака Генадзя Драздова абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці»
Мастака і былога кіраўніка творчай суполкі «Пагоня» затрымалі ў сярэдзіне жніўня. Суд прызначыў яму 15 сутак арышту, але на волю ён так і не выйшаў. Адразу паведамлялася, што супраць Генадзя ўзбуджана крымінальная справа за "актыўны ўдзел у акцыях пратэсту" ў 2020 годзе (арт. 342 КК). Цяпер стала вядома, што яго таксама вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК)
Суд над ім адбудзецца 2 траўня ў Мінгарсудзе. Справу будзе разглядаць суддзя Яўген Пісарэвіч.
Падтрымайце палітвязня: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Генадзь Пятровіч Драздоў
Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна дадалі ў «Спіс экстрэмістаў»
21 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У спіс дадалі яшчэ 23 прозвішчы — цяпер у ім 2735 чалавек
Акрамя іншых, у спіс дадалі завочна асуджаных Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна, старшыню БКДП Аляксандра Ярашука, яго намесніка Сяргея Антусевіча і бухгалтарку Ірыну Бут-Гусаім, а таксама фігуранта «справы Зельцэра» Арцёма Задруцкага.
Уладальнік этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч не выйшаў на волю пасля 10 сутак арышту — супраць яго распачалі крымінальную справу
Як паведамляе Hrodna.life, Андрэя арыштавалі на трое сутак па крымінальным артыкуле. Па якім менавіта — пакуль невядома.
Несцяровіч заснаваў этнакраму ў 2015 годзе. Мужчына заставаўся ў Беларусі, каб развіваць беларускую культуру. Пасля выбараў 2020 года краму штрафавалі і пазбавілі памяшкання.
Затрымалі былога футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Яцкевіча
Мяркуючы па відэа праўладных тэлеграм-кналаў, мужчына трапіўся на фэйкавую рассылку «Байпола».
38-гадовы Аляксандр Яцкевіч правёў каля 300 матчаў у беларускай вышэйшай лізе. З 2019 па 2022 год гуляў за «Крумкачы», быў капітанам каманды, піша «Наша Ніва».
Супрацоўніку Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка Ігару Бортніку прызначылі 15 сутак арышту
Паводле папярэдняй інфармацыі, Ігару асудзілі паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за «экстрэмісцкія» падпіскі на YouTube. Бортніка затрымалі 29-30 сакавіка, калі падчас аблавы было затрымана больш за 10 супрацоўнікаў гісторыка-культурнага запаведніка. Пазней яму прызначылі 10 і 13 сутак арышту і змясцілі ў ЦІП Наваполацка.
Паведамлялася, што падчас адбыцця арышту ў Ігара забралі 300 рублёў у якасці кампенсацыі за данат на фэйсбуку. Акрамя гэтага, цяпер ён праходзіць цяжкую рэабілітацыю пасля ня вельмі ўдалай аперацыі па выдаленні міжпазванковай грыжы. Праз моцныя болі ў спіне ён не спаў каля 40 гадзінаў.
Крыніца: Затрыманні і шпіталізацыя Бабарыкі: хроніка палітычнага пераследу 24-26 красавіка Дапоўнена