02.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі 73-гадовага жыхара Слоніма Барыса Кучынскага адправілі ў калонію тэрмінам на два гады. Цяпер ён знаходзіцца ў ПК № 2 (горад Бабруйск). Гэта адбылося пасля ўзмацнення пакарання.

barys_kuchynski-1.jpg
Барыс Кучынскі

Нагадаем, спачатку 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна Кучынскага асудзілі на тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Але дзяржабвінавачванне тады запытвала пазбаўленне волі тэрмінам на 2 гады з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму. І пасля судовага працэсу пракуратура падала апеляцыйную скаргу на прысуд — у выніку Гродзенскі абласны суд яго задаволіў і прысудзіў Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Барыс Кучынскі абскарджаваў гэты прысуд у Вярхоўным судзе, але там яго скаргу не задаволілі.

31 сакавіка 2023 года Барыса адправілі ў размеркавальны цэнтр у Баранавічах, пасля чаго ў сярэдзіне красавіка яго этапавалі на цягніку ў папраўчую калонію № 2 па адрасе: 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1.

Акрамя таго, Кучынскі павінен выплаціць штраф памерам у 150 базавых велічынь (4 800 рублёў), а таксама пакрыць пацярпеламу міліцыянту Віктару Лутчанку маральныя пакуты ў памеры 5 000 беларускіх рублёў. Асудзілі ж Барыса двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: "Абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК) і "Незаконныя дзеянні ў дачыненні да інфармацыі аб прыватным жыццм і персанальных дадзеных" (прым. 1 ч. 3 арт. 203 КК). Усё гэта — за адзін рэпост у сацыяльнай сетцы "Одноклассники" паста аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка.

Чаму не падпісаны на праўладныя каналы? Як праходзіў суд над 72-гадовым Барысам Кучынскім

10 лістапада 2022 у судзе Слонімскага раёна асудзілі 72-гадовага мясцовага жыхара і актывіста Барыса Кучынскага — тры гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ.

Крыніца: Пасля ўзмацнення пакарання 73-гадовага Барыса Кучынскага адправілі ў калонію