03.05.2023 Тэгі: ціск, цэнзура, рэпрэсіі 3 траўня абвешчаны Сусветным днём свабоды друку. Адна са шматлікіх свабодаў, якая актыўна вынішчаецца беларускімі ўладамі. За рэалізацыю права на свабоду інфармацыі ў Беларусі ліквідуюць незалежныя медыя, на сённяшні дзень у няволі знаходзіцца 33 прадстаўнікі медыя.
Расказваем гісторыю з’яўлення даты, у якім сёння стане беларускія незалежныя медыя і як можна падтрымаць зняволеных журналістаў.
Як з’явіўся Сусветны дзень свабоды друку
У 1993 годзе Генеральная Асамблея ААН абвясціла 3 траўня Сусветным днём свабоды друку. Гэтае рашэнне з’явілася вынікам працы Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая ў рэзалюцыі “Пра садзейнічанне забеспячэнню свабоды друкуў свеце” 1991 года прызнала, што свабодны, плюралістычны і незалежны друк з’яўляецца неабходным кампанентам любога дэмакратычнага грамадства.
Дзяржавы-сябры ЮНЕСКА прапанавалі для адзначэння Міжнароднага дня свабоды друку абраць дату 3 траўня невыпадкова. У гэты дзень у 1991 годзе ў сталіцы афрыканскай Рэспублікі Намібія — горадзе Віндхуку — была падпісана дэкларацыя па садзейнічанні забеспячэнню незалежнасці і плюралізму афрыканскага друку. Прымалася Віндхукская дэкларацыя падчас адмысловага семінара, арганізаванага ЮНЕСКА і Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый. Сусветны дзень свабоды друку з’яўляецца штогадовым напамінам міжнароднай супольнасці пра тое, што свабода друку і свабода выказвання меркаванняў з’яўляюцца асноўнымі правамі, замацаванымі ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека: “Кожны мае права на свабоду меркавання і на свабоднае яго выказванне; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў” (Артыкул 19). У блізкіх да гэтай фармулёўках права на свабоду выказвання меркавання гарантуе і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Свабода выказвання меркавання — ключавое права чалавека, якое мае асноватворную ролю ва ўмацаванні дэмакратыі. На самай першай сесіі ў 1946 годзе Генеральная Асамблея ААН прыняла Рэзалюцыю 59 (I), у якой гаворыцца: “Свабода інфармацыі — гэта фундаментальнае права чалавека і ... аснова асноў усіх свабод, дзеля якіх створана АрганізацыяАб'яднаных Нацый”. Камітэт па правах чалавека ААН выразна вызначыў важнасць свабоды выказвання меркавання ў дэмакратычным грамадстве: “Неабходны свабодны абмен інфармацыяй і ідэямі адносна грамадскіх і палітычных праблем паміж грамадзянамі, кандыдатамі і выбарнымі прадстаўнікамі. Пад гэтым разумеецца свабода прэсы і іншых СМІ даваць каментары па пытаннях грамадскай значнасці без цэнзуры або накладання абмежаванняў і інфармаваць грамадскасць. (...) Пад гэтым разумеецца, што грамадзяне, у прыватнасці праз СМІ, павінны мець шырокі доступ да інфармацыі і магчымасць распаўсюджваць інфармацыю і меркаванні пра дзеянні выбарных органаў і іх прадстаўнікоў”.
Праз адзначэнне Дня свабоды друку ААН прадастаўляе міжнароднай супольнасці магчымасць аддаць даніну памяці прафесійным супрацоўнікам сродкаў масавай інфармацыі, якія загінулі падчас выканання сваіх абавязкаў, умацоўваючы рашучасць забяспечыць ахову і бяспеку журналістаў ва ўсім свеце. З траўня ўручаецца Сусветная прэмія ЮНЕСКА імя Гільерма Кана за ўнёсак у справу свабоды друку, заснаваная ў 1997 годзе ў памяць пра рэдактара калумбiйскай штодзённай газеты «El Espectador». Гильерма Кана быў забiты ў1986 годзе за крытыку магутных наркакартэляў якiя дзейнiчалi ў яго краiне. Прэмiя ўручаецца асобам цi арганiзацыям, якія зрабілі ўнёсак у абарону свабоды выказвання меркаванняў у розных краінах свету, асабліва, калі іх дзейнасць спалучана з небяспекай для жыцця.
Пераслед незалежных медыя
Варта адзначыць, што падаўленне свабоды слова ў Беларусі пачалося не ў 2020 годзе. Улады актыўна рэпрэсавалі журналістаў і ў 90-х. Пра гэта распавядае “Жоўтая кніга Беларусі” - хроніка найбольш важных падзеяў, якія адбываліся на Беларусі ў 1995-1997 гадах у СМІ. Зборнік выдаў у 1998 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр, а галоўным ініцыятарам выдання быў Карлас Шэрман.
Цяпер маніторынгам рэпрэсій супраць журналістаў і медыя займаецца Беларуская асацыяцыя журналістаў. Згодна з ім, у 2022 годзе было вынесена 17 прысудаў па крымінальных справах – журналістам і медыясупрацоўнікам прысудзілі ад 1,3 да 14 гадоў няволі. Летась БАЖ зафіксаваў 43 затрыманні журналістаў і 55 вобшукаў. 20 разоў журналісты зазнавалі пазбаўленне волі ў выглядзе адміністрацыйнага арышту.
У Індэксе свабоды прэсы Беларусь знаходзіцца на 157 месцы з 180. Паводле яго апісання, “Беларусь — самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў да ўварвання Расіі ва Украіну”.
Дзевяць незалежных медыя летась былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннымі”.
За студзень–лістапад 2022 года дзяржавай быў абмежаваны доступ, поўнасцю ці часткова, да 3002 інтэрнэт-рэсурсаў (галоўным чынам Telegram-каналаў і чатаў). Пры гэтым за сем папярэдніх гадоў такія абмежаванні зазналі крыху болей за 5000 рэсурсаў.
Журналісты за кратамі
На сённяшні дзень паводле падлікаў Беларускай асацыі журналістаў у няволі знаходзяцца 33 прадстаўнікі медыя. Вось іх імёны: Кацярына Бахвалава, Ігар Лосік, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касцюгова, Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко, Ірына Леўшына, Дзмітрый Наважылаў, Генадзь Мажэйка, Ірына Слаўнікава, Андрэй Кузнечык, Сяргей Сацук, Юрый Ганцарэвіч, Дзмітрый Лукша, Канстанцін Залатых, Алесь (Аляксандр) Любянчук, Юлія Мудрэўская, Юрый Гладчук, Іван Мураўёў, Павел Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзмітрый Семчанка, Іна Можчанка, Андрэй Фамін, Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандр Манцэвіч.
Мы заклікаем падтрымліваць зняволеных журналістаў, якія, як і іншыя вязні, знаходзяцца ў нечалавечых умовах беларускіх турмаў. Сваёй сумленнай працай яны будуюць дэмакратычнае грамадства. Пішыце лісты палітвязням. Салідарнасць – гэта тое, што нас аб’ядноўвае.
Крыніца: Беларусь - самая небяспечная краіна Еўропы для прэсы. Сёння адзначаецца Сусветны дзень свабоды друку