04.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, гісторыі вязняў У 2022 годзе 18-гадовага Кірыла Кятурку з Гродна адлічылі з каледжу падчас яго зняволення і асудзілі да 2,5 гадоў "хатняй хіміі" за каментары і ўдзел у Маршы. Пра свае тры месяцы ў гродзенскай турме год таму ён распавядаў "Вясне". Праз амаль год хлопцу хацелі змяніць "хатнюю хімію" на калонію, але ён паспеў з'ехаць з Беларусі. Знаходзячыся ў бяспецы, Кірыл распавёў "Вясне" пра год "хатняй хіміі" ў Гродна і ўзмацненне пакарання.

Кірыл Кятурка. Фота: spring96.org
Кірыл Кятурка. Фота: spring96.org

Амаль год Кірыл, знаходзячыся на "хатняй хіміі", працаваў у адным з рэстаранаў грамадскага харчавання KFC у Гродна.

"«Хатняя хімія» — гэта хатні арышт з выхадам на працу. Па законе нам забаронена наведваць месцы, дзе прадаюць алкаголь на разліў, напрыклад, у кафэ, дзе прадаюць піва. Таксама нельга наведваць чужое жытло, а па выходных і святах забаронена выходзіць з асабістага дому. У будныя дні вылучаецца толькі дзве гадзіны вольнага часу, каб схадзіць у краму і па асабістых справах".

Кірыл распавядае, што кожны дзень у яго было толькі дзве гадзіны вольнага часу. У канцы лютага яму трэба было з'ездзіць у Мінска па асабістых справа — з ім у маршрутцы а чацвёртай раніцы апынуўся супрацоўнік. За гэта яму выпісалі парушэнне рэжыму і закінулі ў карцар на трое сутак.

"Да лютага гэта году ўсё было нармальна. Потым пачаліся частыя праверкі не толькі інспектара, як гэта было раней, а супрацоўнікаў міліцыі з іншых аддзелаў. Бывала, што ў пятніцу прыязджалі па тры разы. Раней ніколі такога не было.

Інспектар толькі ў лютым запатрабаваў у KFC мой расклад працы. Ён тэлефанаваў майму дырэктару і пытаў, як я працаваў кожную нядзелю".

Усім асуджаным да "хатняй хіміі", паводле Кірыла, трэба адзначацца кожны панядзелак, а яму праз тое, што асуджаны паводле палітычнага артыкула, таксама патрэбна было з'яўляцца ў інспекцыю ў нядзелю.

Першае парушэнне рэжыму Кірылу выпісалі яшчэ ў жніўні 2022 года, калі ён ад'ехаў на адзін прыпынак у кафэ паабедаць. Тады ў інспекцыі яму зрабілі вымову.

Адбываць трое сутак парушэння рэжыму Кірыла даслалі ў сакавіку гэтага году ў ізалятар часовага ўтрымання пры РАУС Ленінскага раёна ў Гродна. Па словах хлопца, яму, як і іншым асуджаным, падчас ізаляцыі было забаронена камунікаваць з супрацоўнікамі.

"Першыя суткі я быў у адзіночнай камеры, а потым мяне перавялі ў іншую камеру да іншых "хімікаў" і "хатніх хімікаў". Там нас было чацвёра.

Матрац, коўдру, падушку і бялізну нам давалі толькі на адбоі, а пры пад'ёме іх забіралі. З сабой нельга было нічога браць — толькі што было апранута на табе. Таксама нельга браць ежу і нельга паліць. Па калідоры ходзіць супрацоўнік з запальнічкай і дае ўсім камерам падпаліць, а да "хатніх хімікаў" нават не падыходзіць.

Насамрэч, мне цяжка было гэтыя трое сутак, бо цэлы дзень сядзіш у смярдзючай камеры без матрацаў. Памяшканне не праветрываецца. Усе з глузду з'язджаюць, бо хочуць паліць, але нельга. Нас не выводзілі на шпацыры".

За ежу Кірылу выставілі рахунак — сем рублёў за суткі.

"Раніцай давалі толькі гарбату і тры лусты хлеба. Ежа ўвогуле была жудасная — без мяса, яе было мала і яна была нясмачная. На вячэру давалі адное і тое ж: свежую капусту і дзве маленькія рыбкі".

У выніку, інспектар накіраваў дакументы ў суд для ўзмацнення пакарання Кірылу Кятурку — з "хатняй хіміі" на калонію. 17 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна быў прызначаны працэс па пытанні замены пакарання. Аднак Кірыл не з'явіўся на пасяджэнне, бо ўжо пакінуў Беларусь. У выніку, справу пакінулі без разгляду і даслалі назад у крымінальна-выканаўчую інспекцыю.

Кірыл раней не думаў, што "хатнюю хімію" яму могуць змяніць на калонію, таму пасля выхаду з гродзенскай турмы ён нават не задумваўся пра тое, каб з'ехаць з Беларусі.

"Адначасова з тым, як я з'язджаў з Беларусі, у суд па пошце ішла папера пра змену пакарання з "хатняй хіміі" на калонію.

Першы раз трапіць у турму — не страшна, бо ты ўсё яшчэ не ведаеш нічога, што там адбываецца. Але другі раз трапіць у турму — гэта жудас".

Эвакуявацца з Беларусі Кірылу дапамог BYSOL. Цяпер хлопец асталёўваецца ў новай краіне і спадзяецца калісьці прыехаць у Гродна.

Былы студэнт: «Проста змірыўся з тым, што стаў адным з палітвязняў»

Кірыл Кятурка правеў тры месяцы ў гродзенскай турме. Ён распавёў "Вясне" пра затрыманне, умовы ўтрымання і свае далейшыя планы.

Крыніца: "Я з'язджаў з Беларусі, а ў суд ішла папера пра змену пакарання", — "хатні хімік" Кірыл Кятурка