04.05.2023 Тэгі: акцыі, палітвязні, правы чалавека, справа Вясны Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак. Крымінальная справа па факце яго смерці да гэтага часу не ўзбуджаная, а сітуацыя з палітычнымі зняволенымі за гэты час значна пагоршылася. Летась тэмай Дня палітвязняў была жоўтая бірка — спецыяльная метка ў калоніях, пра якую ўпершыню ў лісце распавёў Вітольд. Сёлета праваабаронцы тэмай Дня салідарнасці з палітвязнямі Беларусі прапануюць ліст і права на ліставанне, якога беларускія ўлады пазбавілі сотні палітычных зняволеных. "Вясна" заклікае 21 траўня выказаць салідарнасць з усімі палітвязнямі, прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да іх праблемаў і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў вызвалення ўсіх палітзняволеных. 

Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч
Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

Чаму 21 траўня важны дзень для Беларусі?

Праваабаронцы абралі дату Дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі невыпадкова. 21 траўня — гадавіна смерці ў калоніі палітвязня Вітольда Ашурка.

Вітольд — вядомы актывіст з Бярозаўкі, якога ў закрытым рэжыме асудзілі да пяці гадоў зняволення за падзеі 2020 года. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў шклоўскую калонію. 21 траўня 2021 года, на 244-ы дзень свайго зняволення, палітвязень Вітольд Ашурак раптоўна памёр у шклоўскай калоніі. Афіцыйная прычына — спыненне сэрца, хоць, паводле сваякоў, да зняволення на здароўе мужчына не скардзіўся. Крымінальнай справы па факце ягонай смерці  да гэтага часу няма. Менавіта Вітольд быў першым , хто ў лісце распавёў пра масавую пазнаку палітвязняў у калоніях жоўтымі біркамі: 

"Палітычных тут [у шклоўскай калоніі] не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк".

Праблема палітзняволеных у Беларусі з часам толькі ўзмацняецца:  іх колькасць бесперапынна расце, жанчын і мужчын утрымліваюць у нечалавечых умовах, некаторых з іх катуюць і збіваюць, не аказваюць належную медычную дапамогу. У месцах зняволення на іх аказваецца ціск і парушаюцца правы: абмяжоўваюць у праве на абарону і праве на перапіску, пазбаўляюць перадачаў і спатканняў з роднымі, прыцягваюць да цяжкай працы.

"Гэта глыток свежага паветра"

Праваабаронцы "Вясны" абралі тэмай сёлетняга Дня палітвязняў ліст і права на ліставанне, каб прыцягнуць увагу беларускага і міжнароднага грамадства да праблемы блакавання карэспандэнцыі палітзняволеным.

“На сёння ў Беларусі склалася беспрэцэндэнтная сітуацыя, калі ўлады, па сутнасці, пазбавілі сотні палітзняволеных права на ліставанне. Яно ўсё гэтак жа гарантуецца заканадаўствам, але, як і многія іншыя правы, у часы прававога дэфолта нахабна парушаецца. Сітуацыя значна пагоршылася з пачаткам вайны ва Украіне ў 2022 годзе — палітзняволеным масава перасталі аддаваць у следчых ізалятарах, турмах і калоніях лісты салідарнасці не толькі ад неабыякавых людзей і сяброў, але часта і ад родных. Часам супрацоўнікі калоній знішчаюць лісты на вачах палітвязняў.

Ліст — гэта глыток свежага паветра. Улады хочуць пазбавіць яго палітвязняў, але забіраюць паветра і ў тых, хто піша лісты за краты. Атрымліваецца, грамадства без кісларода. Ліст за кратамі — часта адзінае, што прыносіць радасць палітвязням. Ліст з-за кратаў — гэта крыніца інфармацыі і вестачка пра тое, што чалавек жывы і здаровы. Менавіта з ліста Вітольда мы дазналіся пра жоўтыя біркі і запомнілі на ўсё жыццё, што беларус беларусу беларус.

Улады, блакуючы ліставанне палітвязням, хочуць, каб мы забыліся на слова "салідарнасць" і жылі так, нібыта нашыя турмы і калоніі не перапоўненыя палітычнымі зняволенымі, а штодзень не адбываюцца новыя затрыманні.

Але ў нашай краіне сёння беларус беларусу не толькі беларус, але яшчэ і знаёмы палітзняволены ці палітзняволеная. Немагчыма выкрасліць са свайго жыцця і сэрца родных, сяброў і блізкіх, якія пакутуюць у зняволенні. І мы будзем падтрымліваць іх надалей, бо як казаў на судзе Алесь Бяляцкі: "У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе”, тлумачыць праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук.

Праваабаронцы перакананыя, што варта працягваць пісаць палітвязням лісты: нават калі яны не дойдуць да адрасата, то ў месцах зняволення пабачаць, што пра чалавека памятаюць, хвалююцца і чакаюць яго на волі.

"Варта змагацца не толькі за свабоду палітвязняў, але і за кожны ліст да іх". 

“Вясна” нагадвае пра важнасць іншых спосабаў падтрымкі палітзняволеных і іх сямей: пасылкі, грашовыя пераводы, дапамога ў зборы перадач і матэрыяльная падтрымка сем’яў. 

Што можна зрабіць да Дня палітвязняў?

  1. арганізуй ці далучыся да акцыі салідарнасці ў тваім горадзе 21 траўня ў падтрымку беларускіх палітвязняў і акцыю памяці Вітольда Ашурка;
  2. арганізуй мерапрыемства па падпісанні лістоў і паштовак салідарнасці;
  3. начапі 21 траўня на адзенне папяровую птушку з прозвішчам палітзняволенага ці жоўтую бірку, сфатаграфуйся і выкладзі ў сацсеткі з хэштэгам #дзеньпалітвязняў;
  4. зачытай на відэа ліст ад палітвязня і выкладзі ў сацсетках з хэштэгам#дзеньпалітвязняў;
  5. напішы ліст палітвязню, апублікуй яго ў сацсетках з хэштэгам #лістыпалітвязням (даслаць ліст можна анлайн праз Майстэрню паштовак салідарнасці);
  6. падтрымай палітвязняў іншым спосабам: пасылкай, грашовым пераводам, тэлеграмай, падтрымкай сям'і;
  7. прыдумай і рэалізуй іншае дзеянне на знак салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі.

Дзяліся акцыямі салідарнасці ў сацсетках з хэштэгамі #дзеньпалітвязняў #свабодупалітвязням #свободуполитзаключенным #freepoliticalprisoners #FreeThemAll і адзначай “Вясну”

Свабоду палітвязням! 

Крыніца: 21 траўня — Дзень палітвязняў у Беларусі. Далучайся да акцый салідарнасці!