04.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, ціск Чацвёртага траўня ў Віцебскім абласным судзе пачалі разглядаць справу Валерыя Раманоўскага — былога начальніка службы паветранай выведкі. Яго абвінавачваюць паводле арт. 356 Крымінальнага кодэксу.
Справу разглядае суддзя Яўген Буруноў. Яго называюць самым маладым старшынёй раённага суда ў Беларусі. Cкончыўшы юрыдычны факультэт Полацкага дзяржуніверсітэта, ён пачынаў памочнікам раённага пракурора, затым працаваў у абласной пракуратуры, у 25 гадоў стаў судздзёй, а ў 34 — узначаліў суд аднаго з раёнаў Віцебску.
У снежні 2022 года тэлеканал «Беларусь » выпусціў фільм пра контрвыведку КДБ, дзе распавялі пра беларусаў і грамадзян іншых краін, якіх абвінавачваюць у працы на замежныя спецслужбы.
Валерыя Раманоўскага ў фільме назвалі "былым начальнікам службы паветранай выведкі". У фільме тады адзначылі, што Раманоўскаму пагражае да 15 гадоў калоніі, але артыкул, па якім яго абвінавачваюць, не назвалі. У сюжэце "Беларусь 1" гаворыцца, што падчас службы сваяк з Літвы "звёў" падазраванага з агентамі Дэпартамента дзяржбяспекі краіны. Для іх Раманоўскі капіраваў і фатаграфаваў службовыя дакументы, а аднойчы перадаў спецслужбам звесткі аб будаўніцтве БелАЭС.
— Сам не заўважыў, як перайшоў гэтую грань. І ўжо перадавалася Інфармацыя, якая мае абмежавальныя штампы "сакрэтна" і "цалкам сакрэтна", — распавядаў у роліку абвінавачаны.
Крыніца: За "здраду дзяржаве" пачалі судзіць былога начальніка службы паветранай выведкі