05.05.2023 Тэгі: суды, палітвязні, рэпрэсіі На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1499 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі". Па дадзеных "Вясны", у красавіку на волю выйшлі мінімум 16 палітвязняволеных, 11 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, а пяць чалавек былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце. Інфармацыю пра некаторых вызваленых палітвязняў мы не апублічваем у мэтах бяспекі.
Палітзняволеная Антаніна Кавалёва — 8 месяцаў, 26 дзён у зняволенні
Антаніна Кавалёва былая намесніца старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Жанчына была затрыманая разам з іншымі лідрамі партыі 27 ліпеня 2022 года.
У судзе Першамайскага раёна Мінска 3 лістапада 2022 года Антаніну Кавалёву асудзілі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса на адзін год пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыма.
Музыка Уладзімір Калач — 1 год, 8 месяцаў, 19 дзён у зняволенні
Фронтмэн гурта Irdorath быў затрыманы ўвечары 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання Дня народзінаў жонкі, вакалісткі гурта Надзеі Калач разам з іншымі музыкамі і гасцямі свята.
Суд Савецкага раёна Мінска 14 снежня 2021 года асудзіў Уладзіміра Калача на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Мужчына адбываў пакаранне ў ПК-3 (Віцьба).
МУС 4 лістапада 2022 г. уключыла палітвязня ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Музыка Надзея Калач — 1 год, 8 месяцаў, 19 дзён у зняволенні
Вакалістка гурта Irdorath была затрымана ўвечары 2 жніўня 2021 года на лецішчы пад Мінскам падчас святкавання свайго Дня народзінаў разам з мужам Уладзімірам Калачом і іншымі музыкамі і гасцямі свята.
Суд Савецкага раёна Мінска 14 снежня 2021 года асудзіў Надзею Калач на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Музыка адбывала пакаранне ў жаночай калоніі № 4.
МУС 4 лістапада 2022 г. уключыла дзяўчыну ў "Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці".
Палітвязень Яўген Разнічэнка — 2 гады, 10 месяцаў, 25 дзён у зняволенні
Яўген Разнічэнка - фігурант "справы Ціханоўскага", узбуджанай пасля выбарчага пікету 29 траўня мінулага года ў Гродне. Разнічэнка быў затрыманы на наступны дзень пасля інцыдэнту.
2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гарадзенскім судзе Яўгена Разнічэнку асудзілі паводле ч.1 арт. 342, арт. 364 Крымінальнага кодэкса на тры з паловай гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Палітвязень Аляксей Гайшун — 1 год, 3 месяцы, 8 дзён у зняволенні
У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 25 красавіка 2022 года Аляксея прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак) асудзілі да 1,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыма. Менавіта такі тэрмін запрасіў пракурор.
Тэрмін палітвязень абываў у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.
Палітзняволены Дзмітрый Абрамук — 1 год, 11 месяцаў, 4 дні ў зняволенні
Суд Ленінскага раёна Брэста 15 сакавіка асудзіў Дзмітрыя паводле ч. 1 арт. 342 КК на 2 гады “хіміі”. 17 чэрвеня 2021 года ў Маскоўскім судзе Брэста палітвязня асудзілі паводле ч. 1 арт. 368 КК. З улікам неадбытага пакарання, шляхам складання тэрмінаў мужчыну прызначылі тры гады "хіміі".
17 лютага 2022 над Дзмітрыем Абрамуком адбыўся суд па ўзмацненні пакарання за парушэнні рэжыму ПУАТ. Палітвязню замянілі тры гады "хіміі" на 1 год, 1 месяц і 16 дзён калоніі. Акрамя гэтага, адміністрацыя віцебскага СІЗА-2 пакарала Абрамука 10 суткамі ШІЗА за адмову прыбіраць туалеты. Агулам ён правёў у ШІЗА 70 сутак.
Палітвязень Сяргей Ліцкевіч — 1 год, 1 месяц, 14 дзён у зняволенні
Сяргей Ліцкевіч абвінавачаны паводле арт. 370 КК (Здзек з дзяржаўнай сімволікі), арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), арт. 368 КК (Абраза прэзідэнта). У траўні 2022 г. над ім адбыўся суд, мужчыну прысудзілі пазбаўленне волі.
У красавіку беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі пяць чалавекі ў мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:
Андрэй Трызубаў — тры гады “хатняй хіміі”;
Андрэй Мамойка — 2,5 гады “хатняй хіміі”;
Вера Мамойка — 2,5 гады “хатняй хіміі”;
Яўген Эміліт — 3 гады “хатняй хіміі”;
Аляксандра Захарык — 3 гады “хатняй хіміі”.
Дайджэст вызваленых: 12 палітвязняў у сакавіку цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю
Крыніца: Дайджэст вызваленых: 11 палітвязняў у красавіку цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю