04.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Гомельскі абласны суд 4 траўня пачынае разгляд крымінальнай справы бармена бара "Кватэрнік" Глеба Вятошкіна. Яго абвінавачваюць у распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) і арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу будзе разглядаць суддзя Аляксандр Піскуноў.
Пасля заканчэння аддзялення замежных моваў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Глеб стаў працаваць барменам.
Пра затрыманне 24-гадовага Вятошкіна супрацоўнікамі ГУБАЗіК праваабаронцы даведаліся з праўладных тэлеграм-каналаў 28 лістапада мінулага года.
Паведамлялася, што ён нібыта распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, а ў жніўні 2020-га ўдзельнічаў у пратэстах, абражаў прадстаўнікоў улады і распальваў сацыяльную варожасць. Пасля затрымання ў дачыненні да Глеба быў складзены пратакол па ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Учора, 3 траўня, Глеб адзначыў свой чарговы Дзень нараджэння.
Падтрымаць вязня: СІЗА №3, вул. Кніжная 1 А, Гомель, 246003 Вятошкін Глеб Сяргеевіч
Крыніца: У Гомелі пачалі судзіць па пратэсных артыкулах бармена "Кватэрніка" Глеба Вятошкіна