03.05.2023 Тэгі: пераслед, ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманне ў Мінску
Як стала вядома, раніцай 2 траўня ў сябе дома быў затрыманы Уладзімір Жыгараў.
Падрабязнасці высвятляюцца.
У Гродне ліквідуюць "Мотаклуб НАСАРОГ" — яны не падтрымалі праўладныя прабегі
У траўні праз Гродзенскі абласны суд ліквідуюць яшчэ тры спартыўныя грамадскія аб'яднанні. Сярод іх — «Мотаклуб НАСАРОГ», «Футбол для ўсіх» і «Валейбольны клуб «АКВА».
Мотаклуб як нефармальная група існаваў з 2003 года. Як грамадскае аб'яднанне яго зарэгістравалі ў 2017 годзе. На 1 студзеня 2022 года ў ім было 19 чалавек. У 2021 годзе ўдзельнікі клуба «Насарогі», як і многіх іншых клубаў, праігнаравалі адкрыццё сезона. Тады ў калонах з байкерамі ехаў АМАП.
У Магілёве затрымалі маці трохгадовага дзіцяці
Праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з затрыманай жыхаркай Магілёва, якой пагражаюць крымінальным пераследам. Падставай для затрымання стала тое, што жанчына, знаходзячыся ў дэкрэце, была падпісана на «экстрэмісцкія» чаты і каналы, дзе перыядычна пакідала каментары.
Пры гэтым на відэа затрыманая кажа, што не разумее, за што яе затрымалі, бо нічога супрацьзаконнага яна не рабіла, піша @MAYDAYMog.
"Задержан за то, что ты, бл**ь, экстремист". Сілавікі хваляцца тым, як жорстка затрымліваюць людзей з-за палітычных поглядаў
Кавалак такога затрымання апублікавалі прапагандысты.
На ім мужчына пытае, за што ён затрыманы і чуе ў адказ: «За флаги, за техосмотр - и за то, что ты, бл**ь, экстремист!».
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі пра затрыманне людзей у Брэсце
Адзін з праўладных тэлеграм-каналаў апублікаваў «пакаяльнае відэа» з удзелам 4 чалавек.
Першым з іх паказваецца Максім Хлябец. На відэа мужчына кажа, што супрацоўнічаў з «Брестской газетой», у 2020 годзе пісаў пра выбары. А затрыманы, паводле відэа, за рэпост «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Адзначым, што сілавікі апублікавалі старое «пакаяльнае відэа» журналіста. Максім Хлябец на волі.
Таксама ў відэа паказваюцца тры жыхары Брэста і вобласці. Адзін кажа, што затрыманы за каментар пра Лукашэнку, другі — за каментар пра Лукашэнку і беларускіх вайскоўцаў. Трэці кажа, што распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы.
Яе высветліла "Берасцейская вясна", адзін з затрыманых — Уладзімір Каляда з в. Альшаны Столінскага раёну. Быў затрыманы яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. 24 сакавіка адбыўся суд за тое, што ў «Аднакласніках» ён паставіў «клас» публікацыі ад «Официальная страница Хартия 97%». Суддзя Насеня вынес рашэнне: штраф памерам 740 рублёў з канфіскацыяй тэлефону.
У Гродне затрыманы музыка Аляксандр Гайваронскі
Аляксандр — вакаліст кавербэнда «Fair Play». Як піша @nebovkletku, на камеру ён сказаў, што выступаў у адзенні «забароненых колераў» — у відэа паказалі фота, дзе Аляксандр у майцы з гербам «Пагоня». Таксама музыка быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Radio 97 Чат», «Кастусь Чат», «Ветэраны першай роты», «Сход Беларусь Chat», «Вольная Территория (чат)»;
- старонка ў «Аднакласніках» «UDF - Новости Беларуси».
Крыніца: Новыя затрыманні, ліквідацыя грамадскага аб'яднання: хроніка пераследу 3 траўня Дапоўнена