03.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, рэпрэсіі Мінскі абласны суд 3 траўня агучыў прысуд па крымінальнай справе супраць стваральнікаў і рэдактараў праекта Nexta: Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Суддзя Вячаслаў Тулейка прызнаў іх вінаватымі па шэрагу крымінальных артыкулаў і прысудзіў фігурантам ад 8 да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Менавіта такі прысуд запрашвала пракурорка Наталля Сакалова. Рамана Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда — ён застаецца пад хатнім арыштам. Пуцілу і Рудзіка судзілі завочна. Суд цягнуўся два з паловай месяцы, некаторыя пасяджэнні праходзілі ў закрытым рэжыме.
21 красавіка пракурорка Сакалова запрасіла ад 10 да 20 гадоў калоніі. Сёння, 3 траўня, суддзя Вячаслаў Тулейка празначыў наступнае пакаранне фігурантам: Пратасевічу — 8 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Пуцілу — 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Рудзіку — 19 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Рамана Пратасевіча не ўзялі пад варту ў зале суда. На прысуд ён прыехаў ужо з торбай з рэчамі.Як патлумачыла прапагандыстам пракурорка, на сёння мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту ў дачыненні да абвінавачанага пакінутая без змены:
"Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу ў частцы выканання прысуду ён будзе ўзяты пад варту і адпраўлены адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму".
Пазоў па "справе Nexta" разгледзяць у парадку грамадзянскай судовай вытворчасці.
Нагадаем, 27-гадовага Рамана Пратасевіча, 24-гадовага Сцяпана Пуцілу і 29-гадовага Яна Рудзіка абвінавацілі па шэрагу крымінальных артыкулаў. Паводле дзяржаўных СМІ, абвінавачаным інкрымінуецца здзяйсненне не менш за 1 586 злачынстваў. Раней Генеральная пракуратура паведамляла, што ў дачыненні да абвінавачаных таксама заяўлены пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.
На адным з пасяджэнняў пракурорка папрасіла аднавіць судовае следства па справе Рамана Пратасевіча. Падчас суда яму дадаткова выставілі абвінавачанне ў кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем, здзейсненым паўторна, бо ён адміністраваў тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу", а не толькі NEXTA. Таму падчас судовага слухання, па словах пракуроркі, узнікла неабходнасць выставіць Пратасевічу больш цяжкае абвінавачанне ў параўнанні з ранейшым.
Раней Пратасевіч прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Таксама абвінавачаны часткова прызнаў і новае абвінавачанне. Блогер заявіў, што фармальна кіраваў каналам 2-3 месяцы і не выкладваў даныя дзяцей ці сілавікоў.
Ён адзначыў, што не прызнае абвінавачванне ў кіраўніцтве "экстрэмісцкімі фармаваннямі", бо каналы БДМ і NEXTA былі прызнаныя такімі пасля таго, як ён іх пакінуў.
Пратасевіч таксама не прызнаў у поўным аб'ёме пазоў на 30 млн рублёў. Ён часткова прызнаў урон, нанесены Мінтрансу з-за спынення транспарту, але не прызнаў суму ўрону ў памеры каля 25 мільёнаў, якая пайшла на аплату супрацоўнікам МУС, МНС і Міністэрства аховы здароўя.
Паводле прапагандыстаў, з абвінавачвання Пуцілу выключылі ч. 2 арт. 342 КК (Іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), а таксама ч. 3 арт. 293 КК (Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці).
Храналогія суда:
У Мінску сёння пачаўся суд па "справе Nexta"
Да 20 гадоў калоніі: фігурантам "справы Nexta" запрасілі тэрміны
Суд па "справе Nexta": дапыталі Пратасевіча і сведку-блогера
У судзе дапыталі Пратасевіча, а таксама сведку-блогера Максіма Пушкіна.