06.05.2023 Тэгі: суды, палітвязні, умовы ўтрымання Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч 26 красавіка з СІЗА-3 г. Гомеля былі адпраўленыя ў калоніі трое «рэйкавых партызан» са Светлагорска. Раней паведамлялася пра этапаванне толькі аднаго з іх – Алега Малчанава.

Да месца адбывання пакарання адпраўленыя таксама Дзяніс Дзікун і Дзмітрый Равіч, паведамляе "Гомельская вясна".

Маладых людзей жорстка затрымалі 4 сакавіка 2022 года. У месенджары «Тэлеграм» на канале, дзе размяшчаюцца паведамленні ад імя Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК), было змешчана відэа з інфармацыяй аб тым, што затрымана група з 3-х чалавек, двое з якіх займаліся непасрэдна падпалам шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакіроўкі на 57 кіламетры чыгункі ў Светлагорскім раёне. Рабілася гэта быццам бы па даручэнні, атрыманым па інтэрнеце ад кіраўніка «Байпола» Аляксандра Азарава. Пад час затрымання Дзяніс Дзікун быў моцна збіты. На час следства яны былі змешчаныя ў СІЗА-3 г. Гомеля.

27 снежня 2022 года ў Гомельскім абласным судзе быў вынесены прысуд жыхарам Светлагорска, якія ў час наступлення расійскіх войск на Кіеў з Гомельшчыны спалілі на чыгунцы шафу з электронным абсталяваннем, каб запаволіць падвоз расійскай вайсковай тэхнікі да украінскай мяжы.

Ад 21 да 23 гадоў калоніі: асудзілі трох светлагорскіх "партызанаў" за дыверсію на чацвёрты дзень вайны

Жыхароў Светлагорска затрымалі 4 сакавіка і змясцілі пад варту. Яшчэ да суда іх унеслі ў "Спіс тэрарыстаў".

Дзяніс Дзікунбыў прыгавораны да 23 гадоў пазбаўлення волі, Алег Малчанаў і Дзмітрый Равіч – адпаведна да 21 і 22 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Таксама кожнага падсуднага аштрафавалі ў памеры 150 базавых велічынь і ўсе каштоўныя рэчы, канфіскаваныя падчас вобшукаў, перадалі на карысць дзяржавы. Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў у закрытым рэжыме.

У чэрвені 2022 года трое «рэйкавых партызан» трапілі ў спіс «тэрарыстаў», які вядзе КДБ.

Цяпер падтрымаць палітзняволеных можна, дасылаючы ім лісты і паштоўкі на адрасы:

Дзікуну Дзянісу Сяргеевічу, ПК № 9, вул. Дабралюбава, 16, г. Горкі, Магілёўская вобласць, 213410.

Малчанаву Алегу Анатольевічу, ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, г. Наваполацк, Віцебская вобласць, 211440.

Равічу Дзмітрыю Юр’евічу, ПК № 15, Слаўгарадская шаша, 183, п/а Вейна, г. Магілёў, 213105.

Крыніца: Светлагорскіх "рэйкавых партызан" этапавалі ў калоніі