07.05.2023 Тэгі: палітвязні Праваабаронцам "Вясны" стала вядома 7 траўня, што ў віцебскай калоніі № 3 памёр 61-гадовы палітзняволены блогер і грамадскі актывіст з Пінска Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года калоніі за рэакцыю ў "Аднакласніках" карыкатуры на Лукашэнку. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчнай сістэмы, перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Негледзячы на гэта пінскі суда прызначыў яму зняволенне. Перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы. "Вясна" распавядае пра пераслед Мікалая Клімовіча.

Мікалай Клімовіч
Мікалай Клімовіч

Мікалая Клімовіча асудзілі 28 лютага ў судзе Пінскага раёна і г. Пінска. Яго абвінавацілі ў абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса ў сатырычным малюнку, які ён размясціў у сацыяльнай сетцы. У "Аднакласніках" ён паставіў рэакцыю "смешна", такім чынам карыкатура была размешчана ў стужцы яго старонкі. Падчас працэсу адвакат распавёў пра стан здароўя падабароннага, падкрэсліваў небяспеку турэмнага тэрміну. Мікалай падкрэсліў, што займае антываенную пазіцыю і з гэтым звязаныя ягоныя публікацыі ў сацыяльных сетках. У выніку, суддзя Андрэй Бачыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча прызначыў Мікалаю адзін год калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч мае інваліднасць II групы па сэрцу. Мужчыну арыштавалі ў залі суда, бо да прысуду ён быў на волі. Яго змясцілі ў СІЗА-6 Баранавіч, дзе ён утрымліваўся да разгляду апеляцыйнай скаргі.

Перад судом ён выказаўся журналістам "Позірк", што баіцца памерці ў зняволенні:

"Любое турэмнае знявольванне для мяне — гэта смерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам урача, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца".

21 красавіка Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд у сіле. БАЖ пісала, што пры гэтым родных і сяброў палітвязня непакоіла яго здароўе. Неўзабаве Мікалая этапавалі ў віцебскую калонію № 3 – яго везлі праз усю Беларусь. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы.

Увагу сілавікоў сацсеткі Мікалая Клімовіча прыцягнулі ў снежні 2022 года. Тады яго затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. За кратамі блогер адседзеў трое сутак, пасля яму стала дрэнна з сэрцам, бо мае інваліднасць у сувязі з хваробай сэрца. Міліцыянты перадалі яго лекарам на лячэнне і вызвалілі да суда. Да суда Мікалай быў на волі, але яго выклікалі на допыты.

10 лютага 2023 года Мікалая судзілі па адміністрацыйнай справе. Суддзя Андрэй Бачыла прызнаў блогера вінаватым у распаўсюдзе нацысцкай сімволікі (арт. 19.10 КаАП) і прызначыў яму штраф – 111 беларускіх рублёў. Як пісала БАЖ, Мікалай не ставіў значок "клас" ці "падзяліцца", а проста смайлік "смешна". Паводле спадара Мікалая, ён не збіраўся распаўсюджваць гэтыя карыкатуры, а проста пасмяяўся з іх.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Мікалая.

Крыніца: У калоніі памёр палітвязень Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да зняволення, негледзячы на захворванне сэрца