10.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, дыфамацыя Аляксандр Заноўскі. У Маскоўскі судзе Брэста 26 красавіка вынесены прысуд па крымінальнай справе 37-гадовага ІТ–спецыяліста Аляксандра Заноўскага. Мужчыну абвінавацілі ў публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса.

У ролі суддзі выступала Іна Клышпач, а ў ролі дзяржабвінаваўцы – Фёдар Ляшок.

Як піша “Берасцейская вясна” Аляксандра Заноўскага узялі пад варту 10 сакавіка 2023 года.

Заноўскаму прад'явілі тое, што ён напісаў два каментары пад публікацыямі тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу". Адно паведамленне было напісана 24 лютага 2022 года пад навіной, што з тэрыторыі Беларусі ва Украіну заходзілі расейскія войскі. Паведамленне гучала наступным чынам: "Прусак пуцінскім шнырам стаў ужо)))".

Другое паведамленне, якім (па версіі абвінавачвання) Заноўскі публічна абразіў Лукашэнку, таксама было напісана пад навіной тэлеграм-канала "Беларусь галаўнога мозгу". Каментар быў апублікаваны 7 красавіка 2022 года (калі Украіна і Расея вялі перамовы аб перамір'і) пад навіной з цытатай Лукашэнкі аб тым, што “не можа быць перамоваў без удзелу Беларусі”. Заноўскі, паводле абвінавачання, напісаў пад гэтым паведамленне: "Ды ён ужо не вырашае нічога. Шаўка пуцінская".

За гэтыя каментары пракурор Ляшок запрасіў для Аляксандра адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Суд пагадзіўся з прапановай дзяржабвінавачання.

Крыніца: У Брэсце асудзілі айцішніка за абразу Аляксандра Лукашэнкі