10.05.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, палітвязні, экстрэмізм Яўген Меркіс. Фота з сацыяльных сетак. Гомельскі абласны суд 11 траўня пачне разгляд крымінальнай справы журналіста-фрылансера і краязнаўцы Яўгена Меркіса. Яго абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт.361-4 КК).

Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць суддзя Аляксей Хлышчанкоў.

Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года у Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус у ходзе якога канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА №3 Гомеля.

Меркіс асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”.  Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю.

Вядома таксама, што Яўгена ў СІЗА-3 змяшчалі на чацвёра сутак у карцар за тое, што ён нібыта не пагаліўся.

Крыніца: У Гомелі пачнуць судзіць журналіста-фрылансера і краязнаўцу Яўгена Меркіса