10.05.2023 Тэгі: суды, адміністратыўны пераслед, рэпрэсіі У Беларусі ні на дзень не спыняюцца рэпрэсіі і адвольныя затрыманні. Штодзённа па ўсёй краіне затрымаліваюцца дзясяткі чалавек, большасць з якіх адпраўляюць на "суткі". У красавіку праваабаронцам "Вясны" стала вядома мінімум пра 342 выпадкі затрымання. Суддзямі было прызначана не менш за 70 адміністрацыйных арыштаў і 44 штрафы. "Вясна назірае" склала штомесячны спіс самых дзіўных і недарэчных прычын, па якіх беларусаў судзілі ў красавіку.

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

"Суткі" за гімн Украіны ў караоке-бары

У пачатку красавіка ў судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядзелі справу супраць мужчыны, якога абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, мужчына ноччу з 30 на 31 сакавіка, знаходзячыся ў мясцовым караоке-бары, праспяваў гімн Украіны, "чым публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы". Віны сваёй ён не прызнаў і патлумачыў, што рабіў гэта насуперак мужчыну, які прасіў не спяваць украінскія песні.

Вядома, што незадаволены мужчына — грамадзянін РФ. Паводле яго сведчанняў, берасцеец прасіў яго з'ехаць з Беларусі і спяваў без мікрафона гімн Украіны, нягледзячы на шматлікія просьбы гэтага не рабіць.

Затрымалі мужчыну толькі 7 красавіка. Яго прызналі вінаватым у "пікетаванні" і прызначылі 7 сутак арышту.

Токара з аг. Нарутовічы адправілі за краты за БЧБ-чахол

У Бярозе ў пачатку красавіка разглядзелі справу жыхара аграгарадка Нарутовічы. Токара сельскагаспадарчага прадпрыемства "Нарутовічы" абвінавацілі ў "несанкцыянаваным пікетаванні" на працоўным месцы чахлом для тэлефона бел-чырвона-белага колеру з выявай "Пагоні".

Мужчына патлумачыў, што карыстаўся чахлом з 2020 года і да моманту затрымання, бо "ён адпавядаў ягоным поглядам". Перад затрыманнем ён схаваў чахол у кішэнь, каб яго не ўбачылі супрацоўнікі міліцыі. Таксама на судзе было адзначана, што ў тэлефоне знайшлі падпіскі ў YouTube на "экстрэмісцкія" каналы.

У выніку мужчыну арыштавалі на сем сутак, а чахол пакінулі пры матэрыялах справы.

Гродзенца аштрафавалі за "пікетаванне" ў тралейбусе

Напрыканцы красавіка ў Ленінскім судзе Гродна асудзілі мясцовага жыхара, абвінаваціўшы ў "пікетаванні" ў тралейбусе паводле арт. 24.23 КаАП. Паводле пратакола, мужчына, знаходзячыся ў тралейбусе, выкрыкваў лозунгі "Жыве Беларусь". Гэта міліцыянты расцанілі як "пікет". Вынікам стаў штраф памерам 2 960 рублёў (80 базавых велічыняў).

Дальнабойніка адправілі на суткі за пікетаванне на латвійска-беларускай мяжы

У Верхнедзвінску 12 красавіка асудзілі дальнабойніка, які нібыта пікетаваў падчас перасячэння беларускай мяжы. Згодна з пратаколам, мужчына прыбыў з Латвіі на мяжу з Беларуссю, "размясціўшы ў кабіне аўтамабіля вымпел з выявай БЧБ-сцяга з надпісам "BELARUS" і гербам "Пагоня", а таксама БЧБ-сцяг на сядзенні".За гэта "правапарушэнне" на яго склалі пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Скарга ў міліцыю на мужчыну паступіла ад супрацоўніка мытні. Вынік — 10 сутак арышту.

Адваката Арцёма Сям'янава другі раз арыштавалі на 15 сутак

Адваката, як і мінулы раз, абвінавацілі паводле арт. 24.3 КаАП (непадпарадкаванне міліцыянту). Яго павінны былі вызваліць з Акрэсціна ўчора раніцай, але перазатрымалі наўпрост у ЦІПе ў межах новай справы. 5 красавіка над адвакатам адбыўся чарговы суд.

Нагадаем, Сям'янаў быў затрыманы напрыканцы сакавіка падчас «аблавы» на адвакатаў. Арцём абараняў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў.

Дырэктарку «Слаўцэнтру» аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за "дробнае хуліганства"

У судзе Маскоўскага раёну13 красавіка суддзя Таццяна Мотыль прызначыла Ірыне Зімневай штраф — 20 базавых велічыняў (740 рублёў) паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Пасяджэнне праходзіла анлайн, Ірыне ставілі ў віну, нібыта яна "лаялася на міліцыянтаў". Справу разглядалі два дні: пасля таго, як Мотыль заслухала Ірыну і яе абаронцу, суддзя абвесціла перапынак да наступнай раніцы 13 красавіка.

У Мёрах за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў работніка мясакамбіната арыштавалі на 7 сутак

Суддзя суда Мёрскага раёна Ірына Яскевіч 4 красавіка пастанавіла арыштаваць на 7 сутак жыхара Мёраў Яўгена Бурака, які працуе абвальшчыкам мяса на мясцовым мясакамбінаце. Судзілі мужчыну за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый у інстаграме.

Згодна з пратаколам, Яўген у асабістым профілі размясціў і захоўваў з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю, уключаную ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым пасяджэнні Бурак растлумачыў, што не аспрэчвае факта знаходжання ўказанай у пратаколе інфармацыйнай прадукцыі, аднак названую інфармацыю з мэтай распаўсюджвання не захоўваў і не размяшчаў, падпіску ажыццявіў у 2020 годзе, калі дадзеная інтэрнет-старонка не была прызнана экстрэмісцкай.

У навукоўца Ігара Бортніка падчас арышту забралі 300 рублёў у якасці кампенсацыі за данат

Супрацоўніка Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка затрымалі 29 сакавіка. Пазней наваполацкая суддзя Зінаіда Балаболава тройчы асудзіла Ігара паводле адміністрацыйных пратаколаў. Першы раз яго прызналі вінаватым у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" (арт. 19.11 КаАП) і асудзілі да 10 сутак арышту. Але пасля заканчэння тэрміну яго перазатрымалі за "несанкцыянаванае пікетаванне" і прызначылі яшчэ 13 сутак.

Але па заканчэнні "сутак" ён зноў не выйшаў, а пазней быў арыштаваны на 15 сутак. Паведамляецца, што падчас адбыцця арышту ў яго забралі 300 раблёў у якасці кампенсацыі за данат на фэйсбуку. Акрамя гэтага, цяпер ён праходзіць цяжкую рэабілітацыю пасля ня вельмі ўдалай аперацыі па выдаленні міжпазванковай грыжы. Праз моцныя болі ў спіне ён не спаў 40 гадзінаў.

Крыніца: Гімн Украіны ў караоке, БЧБ-чахол, пікетаванне ў тралейбусе: за што беларусаў судзілі ў красавіку