11.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе сёння, 11 траўня, агучылі прысуд палітзняволенаму заснавальніку крамы Symbal.bу і культурніцкаму мэнэджэру Паўлу Белавусу — 13 гадоў калоніі. Яго абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за "здраду дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК). У абвінавачванні гаворыцца, што Павел "распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму", вёў "антыдзяржаўную дзейнасць", "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы". Таксама Паўла абвінавацілі ў "кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем" — "Беларускай Радай культуры", якая была прызнана "фармаваннем", калі палітвязень ужо як сем месяцаў утрымліваўся пад вартай. Прысуд вынесла суддзя Жанна Брысіна. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму пазіцыя Паўла па справе і іншыя падрабязнасці справы невядомыя.

Павел Белавус. Фота:
Павел Белавус. Фота: "Белсат"

Працэс праходзіў у будынку суда Маскоўскага раёна Мінска ў выязным пасяджэнні судовай калегіі Мінскага гарадскога суда з 20 лютага. Першапачаткова суд быў у адкрыты, але ў самым пачатку судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца заявіў хадайніцтва аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме "з мэтай прадухілення разгалошвання інфармацыі, размешчанай у крыніцах, прызнаных экстрэмісцкімі". Суддзя Жанна Брысіна задаволіла хадайніцтва і амаль тры месяцы разглядала справу ў закрытым рэжыме.

Паўла Белавуса судзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 361-1 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем). Падрабязнасці справы вядомыя толькі з афіцыйных заяваў прадстаўнікоў Следчага камітэта. Згодна з версіяй абвінавачвання, Павел "на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, накіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам". 

"У 2011 годзе абвінавачаны для пошуку аднадумцаў пачаў трансляваць патрэбную яму інфармацыю ў масы. Пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця ў розных агульнадаступных сацыяльных сетках і на сайтах ён распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх з'яўлялася змена дзяржаўнай улады ў Беларусі. Абвінавачаны зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка і заснаваў Таварыства з абмежаванай адказнасцю (крама па анлайн- і афлайн-продажы тавараў), пасля чаго пачаў праводзіць розныя масавыя мерапрыемствы.

Створаныя бізнес-праекты адкрылі прадпрымальніку новыя магчымасці. Паколькі Беларусь заўсёды знаходзілася ў цэнтры ўвагі на палітычнай арэне, хутка знайшліся тыя, хто быў гатовы спансіраваць развіццё яго антыдзяржаўнай дзейнасці. Фігурант падпісаў не менш за 12 дагавораў з рознымі замежнымі прадстаўнікамі і кампаніямі. З тых часоў экстрэмісцкая дзейнасць на тэрыторыі Беларусі набывала новыя абароты дзякуючы уліванняў з-за мяжы. Следствам устаноўлена, што абвінавачаны ў інтарэсах замежных арганізацый для хутчэйшай змены дзяржаўнай улады стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы. Сваімі злачыннымі дзеяннямі Павел Белавус на працягу дзесяці гадоў ставіў пад пагрозу знешнюю і ўнутраную бяспеку дзяржавы. За гэта ён атрымаў ад замежных спонсараў больш за $150 тыс., 50 тыс. еўра і 40 тыс. злотых", — распавядаў начальнік Следчага камітэта Сяргей Паско пра абвінавачванні палітвязня. 

Начальнік СК адзначае, што Белавус "на хвалі пратэстнага руху ў 2020 годзе выйшаў на новы ўзровень":

"Распрацаваўшы інфармацыйную прадукцыю, у тым ліку фота і відэа, ён рыхтаваў грамадзян да ажыццяўлення самых радыкальных дзеянняў. У некаторых памятках змяшчалася інфармацыя аб выплаце ганарару за ўдзел у вулічных беспарадках. Акрамя гэтага, ён складаўся ў наглядальным савеце і прымаў удзел у кіраўніцтве экстрэмісцкага фарміравання "Беларуская Рада Культуры".

Нагадаем, Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Пасля гэтага Паўла тройчы асудзілі па адміністрацыйных справах, у тым ліку паводле арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаваннае пікетаванне) за татуіроўку на руцэ сцяга бел-чырвона-белага колеру. Пасля "сутак" супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА. У сям’і Паўла канфіскаваныя машыны, частка бытавой тэхнікі. Уся маёмасць у доме — ад шафы да імбрыка — апісаная і можа быць таксама канфіскаваная.

Фінансава падтрымаць сям'ю Паўла Белавуса

Сабраная сума пойдзе на аплату адвакатам, а таксама на набыццё неабходных для жыцця рэчаў і пакрыццё бытавых выдаткаў на сям'ю Паўла.

Падтрымайце Паўла грашовымі пераводамі, тэлеграмамі і пасылкамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Павел Мікалаевіч Белавус

Крыніца: Заснавальніка Symbal.bу Паўла Белавуса асудзілі да 13 гадоў калоніі