13.05.2023 Тэгі: затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 12-13 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Валерыя Цапкалу ўнеслі ў «тэрарыстычны спіс»
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явілася прозвішча завочна асуджанага да 17 гадоў калоніі Валера Цапкалы.
Таксама ў спіс «тэрарыстаў» дадалі Дзмітрыя Удалеева, Радзівона Качаткова, Сяргея Плешкуна, Юрыя Сельвіча, Дзмітрыя Гудзеева, Максіма Драбніцу, Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1051 чалавек, з іх 301 — беларусы (адзначым, што ў спісе КДБ 1058 пазіцый, аднак 7 чалавек з яго былі выдаленыя раней).
Хапун у Гародні: затрымалі найменш шэсць чалавек
У Гародні сілавікі затрымалі некалькіх чалавек. Звесткі пра гэта з’явіліся ў праўладных каналах.
Праваабаронцы адзначаюць, што сярод затрыманых ёсць былы актор тэатра лялек і шоўмэн Аляксандр Енджэеўскі. Наколькі вядома, яго затрымалі 10 траўня. Сілавікі таксама паказалі відэа з затрыманай намесніцай гендырэктара гарадзенскай крамы „Гемма”. Яны паказалі фота, дзе жанчына стаіць у счэпцы на акцыі пратэсту. Вядомыя імёны яшчэ двух затрыманых — Андрэй Таўрэль і Валерый Паруліс
Палітвязня Алега Рубца, меркавана, змясцілі ў ШІЗА
Па рашэнні наваполацкай суддзі Вольгі Баліка палітзняволенага пінчука Алега Рубца ў чэрвені 2022 года перавялі на тры гады з калоніі ў следчую турму № 8 г. Жодзіна. У калоніі яго рэгулярга змяшчалі ў ШІЗА, а таксама ўтрымлівалі ў ПКТ.
У пачатку 2022 года ад 2,5 месяцы ад Алега не было ні лістоў, ні званкоў. Пазней высветлілася, што яго на 60 сутак закідвалі ў штрафны ізалятар.
Цяпер ад Алега няма вестак больш за месяц, паведамляюць родныя ў сацсетках. У нядаўнім лісце ён пісаў, што ў яго ёсць некалькі спагнанняў, таму могуць адправіць у ШІЗА.
У Менску затрымалі хлопца за тое, што ён зняў з фасаду дому чырвона-зялёны сцяг
Гэта адбылося 8 траўня. У «пакаяльным» відэа, якое апублікавалі сілавікі ў сваім ТГ-канале, хлопец кажа, што ў стане алкагольнага ап'янення зняў чырвона-зялёны сцяг, каб «сфатаграфавацца з ім, адправіць дзяўчыне фота і пахваліцца перад ёй».
Маладзёну ўжо выставілі абвінавачванне (паводле якога артыкулу, не ўдакладняецца). Цяпер ён знаходзіцца пад вартаю, паведамляе Белсат.
Інфармацыя дараўняецца.
Крыніца: "Хапун" у Гродна і новыя "тэрарысты": хроніка пераследу 12-13 траўня