15.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У судзе Першамайскага раёна Віцебска 15 траўня распачынаецца працэс над палітзняволеным арт-менеджэрам і музыкам Уладзімірам Булаўскім. Яго абвінавачваюць паводле арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса — неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Праваабаронцам вядома, што гэта толькі другі суд у Беларусі па гэтым артыкуле.Справу будзе разглядаць суддзя Міхаіл Юрчанка. За кратамі Уладзіміра ўтрымліваюць пяць месяцаў.
Паводле заканадаўства, узбудзіць крымінальную справу супраць чалавека па арт. 342-2 КК могуць, калі яго двойчы за год асудзілі паводле арт. 24.23 КаАП "несанкцыянавае пікетаванне". У 2022 годзе Уладзіміра судзілі па адміністрацыйных справах некалькі разоў: у лютым і ў ліпені. Чарговае затрыманне адбылося ў снежні за фота ў сацсетках, якое палічылі незаконным пікетаваннем. З 2020-га году сілавікі затрымлівалі Уладзіміра як мінімум пяць разоў.
Нядаўна ў палітвязня памёр бацька, але развітацца з ім сына не адпусцілі. Уладзіміру блакуюць ліставанне і ён амаль не атрымлівае вестачкі з волі.
Падтрымайце Уладзіміра пасылкай, лістом, грашовым пераводам ці тэлеграмай: СІЗА-2, Гагарына 2, 210026, Віцебск, Уладзімір Булаўскі
Крыніца: У Віцебску пачынаюць судзіць арт-менеджэра і музыку Уладзіміра Булаўскага