15.05.2023 Тэгі: палітвязні, катаванні Былыя вязні шклоўскай калоніі №17, дзе 21 траўня 2021 года раптоўна памёр бярозаўскі актывіст Вітольд Ашурак, у інтэрв'ю і каментарах распавядаюць пра свае сустрэчы з ім за кратамі, а таксама дзеляцца успамінамі пра Вітольда, якія пачулі ад іншых зняволеных, якія адбывалі пакаранне разам з ім. “Вясна” сабрала ўсе сведчанні вязняў з адкрытых крыніц пра ўмовы ўтрымання і абставіны смерці Вітольда Ашурка.
“Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім”
Адзін з былых палітвязняў па вызваленні з папраўчай калоніі №17 распавёў пра свае кароткія сустрэчы з бярозаўскім актывістам:
"Вітольд Ашурак заўсёды стаяў на сваім і ўсім даказваў свой пункт гледжання. Ён шмат паліў і не мог пагадзіцца з тым, што людзі не разумеюць простых рэчаў і не могуць адказаць на простыя пытанні. Ён заўсёды смела размаўляў са зняволенымі, з канвоем і супрацоўнікамі. Але яго прэсавалі ў поўным аб'ёме: ірвалі лісты, рэзалі рэчы, ламалі цыгарэты, абзывалі заходнім клоўнам, кожны дзень яго вадзілі на пакаранне. Перад апошнімі пасадкамі ў ШІЗА ён казаў, што яго пасадзяць, бо ён жорстка паразмаўляў з начальнікам калоніі і настойваў на сваім. Ён распавядаў іншым зняволеным на курылцы, што звычайныя палітвязні малайцы, што не прайшлі міма, але яны выканалі сваю ролю ў гэтай вайне і ім трэба вяртацца дадому да дзяцей і сем'яў, а яго місія — у большым. Яго мэта — нешта дасягнуць і даказаць. Больш яго не бачылі...
Адразу Вітольду далі 10 сутак ШІЗА, потым яшчэ 10 сутак. Потым пашлі размовы, што супрацоўнікі сказалі яго рэчы і матрац пакласці ў хадок да "апушчаных" [зняволеных з "нізкім сацыяльным статусам"], каб ён мыў туалеты і выносіў смецце. Вітольд з гонарам адмовіўся ад выхаду з ШІЗА, бо так ён заставаўся ў нармальным статусе. А потым было 21 траўня…
… Сказалі, што ён упаў галавой на стол. Вязні казалі, што Вітольда выводзілі ў дворык для шпацыру і білі па нагах і тулаву, каб ён не мог сядзець і хадзіць у туалет.
На тым відэа, якое ўсім паказвалі, бачна, што ён страчваў прытомнасць. Гэта магло быць ад бессані і знясілення. Нягледзячы на канец траўня, у калоніі было халодна, і яны спецыяльна адкрывалі вокны. Быў скразняк, вельмі дзьмула, немагчыма было сядзець, трэба было пастаянна хадзіць, каб пагрэцца".
"Я нікога не забіў, нікога не падмануў, нічога ня скраў. Я рабіў так, як патрабуе маё сумленне"
"Ён называў іх адкрыта "здраднікамі і ворагамі"
Яшчэ адзін зняволены ПК-17 ўзгадвае:
"Пасля гібелі Вітольда адміністрацыя спужалася, пэўны час там перасталі біць вязняў. Пры мне гэта былі адзінкавыя выпадкі", — расказвае мужчына. — Але іншыя зняволеныя сцвярджалі, што паўтара месяца таму ўсё было па-іншаму — усіх "жорстка білі".
Зняволеныя таксама распавялі мужчыну, што білі і Вітольда Ашурка. "Бо ён, бадай, адзіны быў у калоніі, хто мог адкрыта выказваць свае думкі і сваё стаўленне да адміністрацыі. Ён называў іх адкрыта "здраднікамі і ворагамі", — узгадвае былы вязень.
Па яго словах, Вітольда білі за яго характар і выказванні — ціснулі на яго і маральна, і фізічна. Пры гэтым, лічыць былы палітвязень, мэты забіць у адміністрацыі не было.
"Яны не разлічылі, што арганізм ня вытрымае і чалавек проста памрэ. Мэта была зламаць яго маральна", — лічыць суразмоўца.
“Пра яго смерць стала вядома адразу ўсёй калоніі”
Экс-зняволены шклоўскай калоніі Дзяніс не быў асабіста знаёмы з загінулым Вітольдам Ашуркам, але шмат чуў пра яго ад іншых:
"Пра яго смерць стала вядома адразу ўсёй калоніі. Усе былі ўпэўненыя, што Вітольда збілі да смерці. Я не ведаю, як гэта было насамрэч, але тады ні ў кога сумневаў не было, што ўсё так і адбылося."
Былы палітвязень А. не застаў яго смерць у калоніі. Але пра гэта распавядалі яму іншыя зняволеныя:
"Я чуў амаль тое ж самае, што было апісана ў раней згаданым артыкуле. Акрамя гэтага, я таксама чуў, што на відэа, дзе Вітольд падае і разбівае сабе галаву, быў зусім не Вітольд, а іншы падобны да яго асуджаны.
Справа ў тым, што ў ПК-17 ёсць свая здымачная група: яны здымаюць ролікі для ўнутраных патрэб калоніі, у якіх галоўнымі асобамі часта выступаюць асуджаныя. Напрыклад, яны могуць паказаць, як адбываецца працэс вызвалення, як шчаслівы асуджаны выходзіць на волю з жылой зоны, але толькі для відэа, потым яго вяртаюць назад. Таму я не здзіўлюся, калі інфармацыя аб несапраўдным Вітольдзе апынецца праўдай.
Вітольд у ШІЗА мог таксама адмаўляцца спяваць гімн, за што звычайна палітычных ставяць на расцяжку і збіваюць у месцах, дзе няма камер. Але пакуль гэтыя тэорыі праверыць складана, бо для гэтага ў калоніі павінна прайсці сур'ёзнае следства з вялікай колькасцю падазраваных і з прыцягненнем да адказнасці ўсіх вінаватых у ланцужку гэтага злачынства. І не толькі гэтага”.
У вялікім матэрыяле пра норавы шклоўскай калоніі вязень Уладзімір распавядаў аб тым, што ў момант, калі Вітольда Ашурка збівалі, адзін з атрадаў быў у кампутарным класе. Ён знаходзіцца на другім паверсе будынка штаба шклоўскай калоніі.
«У гэтым класе асуджаныя ладзяць відэазванкі. На гэтым жа паверсе — кабінеты адміністрацыі калоніі. Зняволеныя ў дзень забойства Вітольда заўважылі, што адміністрацыя і патрульныя афіцэры дзіўна сябе паводзяць. Афіцэры калоніі раптам збегліся менавіта ў будынак штаба. І атрад, які тэлефанаваў у гэты момант у кампутарным класе, быў выведзены, так і не патэлефанаваўшы...
...У будынку штаба на другім паверсе ў пакоі надгляду, які знаходзіцца побач з кабінетам начальніка калоніі, няма камер. Як толькі першыя палітычныя сталі паступаць у калонію ў Шклове, да іх ужывалі фізічны гвалт у сляпых зонах будынка штаба, кажа былы вязень калоніі."
Многія словы Уладзіміра падцвярджалі праваабаронцам і іншыя палітвязні.
А вось былы палітвязень Сяргей расказвае, што трапіў у калёнію як фігурант крымінальнай палітычнай справы. Ён ня думае, што гібель Вітольда Ашурка была мэтанакіраваным забойствам. Мэтай было не забіць, а зламаць маральна.
“Яны не разлічылі, што арганізм ня вытрымае і чалавек проста памрэ. Мэта была зламаць яго маральна”, — перакананы Сяргей.
“Ён быў годны чалавек, прынцыповы”
Шмат распавядаў у СМІ пра Ашурка былы палітвязень Віктар Пархімчык.
“Мне расказвалі, што Вітольда прэсавалі ад самага прыбыцця ў калёнію. Адразу пасля карантыну ён трапіў у ШЫЗА. Прычыны для гэтага вертухаям не патрэбны. Не пагаліўся, не павітаўся…
Ён паказваў свой характар. Таму яго і „прэсавалі“, каб, як яны самі казалі, „паставіць на месца“, дабіцца ад яго паслухмянасці. Людзі, якія сядзелі ў суседняй камеры з ШЫЗА, дзе быў Вітольд, казалі мне, што чулі крыкі Вітольда і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі. Я не магу сказаць, што яны мелі мэту менавіта забіць Вітольда. Я проста ня ведаю. Можа быць, яго моцна пабілі і ён памёр ад траўмаў», — казаў былы палітвязень.
— Ён быў годны чалавек, прынцыповы. Такога пакарыць было складаней. Мне казалі розныя людзі, што пасля сьмерці Ашурка ў калонію прыехалі пракурорскія. Сабралі палітычных, пыталіся, ці ёсьць у іх пытаньні, скаргі. Але хто скажа нешта пры вертухаях? Самі пракурорскія гэта разумеюць”.
На судзе і ў труне. Памяці Вітольда Ашурка – палітвязня, які памёр у калоніі
"Мне складана знайсці больш сумленнага і справядлівага чалавека — сапраўднага лідара, які не думае пра тое, каб выканаць задачу любой цаной, а думае пра навакольных яго людзей", — распавядала пра Вітольда ягоная даўняя сяброўка, журналістка Вольга Быкоўская.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» абвясціў 21 траўня Днём палітвязня ў Беларусі. У гэты дзень год таму ў шклоўскай калоніі №17 пры нявысветленых абставінах памёр палітзняволены актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. Праваабаронцы заклікаюць у гэты дзень узгадаць Вітольда, выказаць салідарнасць з палітвязнямі Беларусі і ў чарговы раз запатрабаваць ад уладаў іх вызвалення.