15.05.2023 Тэгі: грамадства, праваабаронцы, пераслед, ціск, рэпрэсіі Праваабаронцы і валанцёрцы “Вясны” Марыі Тарасенцы 50 год. Амаль усё жыццё яна пражыла ў родным Гомелі: засвоіла прафесію тэхнолага, працавала на швейных прадпрыемствах. Але 2019 год перакуліў ейны лёс: яна стала змагацца з несправядлівасцю дзяржавы ў дачыненні да людзей, спачатку падчас Дакрэта “аб дармаедах” (афіцыйная назва — Дакрэт аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства), а потым — падчас рэпрэсій пасля 2020 году.
Змагаючыся з несправядлівасцю, Марыя сама двойчы трапіла ў ейныя жорны: у 2020 яна была вымушаная з’ехаць з Беларусі ва Украіну, дзе сустрэла вайну, а потым пераехала ў Літву. Сёння жанчына распавядае нам сваю гісторыю.
“Я абараняю сваю чалавечую годнасць”
— Да 2019 году маё жыццё было звычайным: я працавала, калі выйшла замуж, стала хатняй гаспадыняй. Я цікавілася грамадскім жыццём, разумела: у Беларусі адбываецца нешта не зусім нармальнае, адсутнічаюць дэмакратыя, свабода слова, я не магла гэтага прыняць. Але асабліва маю чалавечую годнасць закрануў Дакрэт «аб дармаедах», бо ў ім лёгка заўважыць адкрытую дыскрымінацыю: калі чалавек не працуе, ён мусіць нешта плаціць. Таму я прыняла рашэнне змагацца з гэтым, хаця ва ўмовах татальнай дыктатуры гэта быў смелы крок. Але ў пэўных жыццёвых сітуацыях я маю прынцыповую пазіцыю, не баюся адстойваць свае правы, бо абараняю сваю чалавечую годнасць і паказваю беларускаму грамадству, што шмат з якімі рэчамі нельга мірыцца. Мы мусім разумець, што для чалавека вельмі важна быць вольным: адстойваць свае правы і не мірыцца з несправядлівасцю і беззаконнем.
Я падала грамадзянскі пазоў, каб паказаць, што Дакрэт “аб дармаедах” — неканстытуцыйны, несправядліва пераследаваць людзей за тое, што яны не працуюць. Па факце гэта паказвае, што ўлады падтрымліваюць прымусовую працу. У гэтым мяне падтрымліваў наш гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, з якім мы разам прайшлі ўсе стадыі судовых разглядаў маёй справы. Калі мы нічога не дамагліся ні ў раённых, ні ў абласных судах, у 2019 годзе падалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН. Другой нашай мэтай было прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы. Мы спрабавалі падаваць заяўкі на правядзенне акцый, вулічных шэсцяў у Гомелі і вобласці, бо для горада і раёных цэнтраў былі вельмі актуальныя тэмы беспрацоўя, адсутнасці магчымасцяў для развіцця. Як так? — Людзі з'язджаюць на заробкі замяжу, але іх называюць дармаедамі і выстаўляюць вялікія рахункі за камуналку. Але ўсе нашыя заяўкі адхілялі праз розныя прычыны.
Вядома, калі я пачынала публічную барацьбу, я добра разумела, у якой краіне жыву і якія наступствы можа панесці мая дзейнасць. Я была гатовая да любых паваротаў і ішла на гэта асэнсавана. Я не хацела славы, а дала сабе простую задачу: не мірыцца з беззаконнем і рабіць столькі, наколькі ў мяне хопіць сілаў. І апынулася, што пасля паслабленняў у 2017 годзе, у 2019 годзе супраць другой рэдакцыі Дакрэту пратэставала ўжо не так шмат людзей, і я апынулася самай вядомай дармаедкай, якая змагалася супраць гэтага. Суседзі глядзелі на мяне са здзіўленнем і непаразуменнем, нібыта я нешта невядомае. З іншага боку, шмат хто падтрымліваў: пісалі добрыя словы ў сацсетках, але адкрыта пратэставаць не рашаліся. Потым улада стала даваць адтэрміноўкі: спадзяюся, у гэтым ёсць і наша з Леанідам Леанідавічам заслуга.
“Я двойчы стала бежанкай”
— Падчас кавіду ў 2020 годзе мы крыху спынілі актыўнасць. Але напярэдадні жніўня 2020 году ў людзей з’явілася надзея, што мы можам нешта змяніць. Гэта выспявала даўно: хаця Беларусь і прамая спадкаемца СССР, супраць прыроды паўтараць усё па ўзору краіны, якая развалілася. Але цывілізаванай і культурнай нацыі беларусаў улада адказала гвалтам і беззаконнем.
Людзі былі абураныя вынікамі і часта звярталіся да Леаніда Судаленкі, каб аспрэчыць суткі адміністрацыйных арыштаў, утрыманне ў ІЧУ. Як чалавек я лічыла сваім абавязкам дапамагчы Леаніду Леанідавічу і падтрымаць тых, хто звяртаўся да яго па дапамогу. Я старалася рабіць, што магу, а потым давелалася, што ўлады лічылі дапамогу злачынствам. Яны лічылі, што мы стымулявалі людзей выходзіць на пратэсты, але ж мы дапамагалі чалавеку, ужо калі ён атрымаў пакаранне за ўдзел у Маршах. У першыя дні 2021 году адбыліся першыя вобшукі — у арганізацыі і на кватэрах. Я не разумела, што адбываецца: якія такія злачынствы здзяйсняў Леанід Леанідавіч, што да яго прыходзяць з вобшукам і вымаюць тэчкі са зваротамі людзей? 18 студзеня 2021 году нас затрымалі. У мяне вынулі ўсё, што трапілася пад руку: абскарджванні па судах, заяўкі на правядзенне акцый, дакументы па маёй дзейнасці ў незалежным прафсаюзе, інфармацыйныя газеты.
Потым былі трое сутак у ІЧУ, допыты ў ГУБАЗ і СК, бязглуздыя пытанні і абвінавачанні. Гэта было складана, але я трымалася, бо ведала: ні я, ні Леанід Леанідавіч не чынілі нічога беззаконнага. Мяне адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. У статусе падазраванай я амаль чатыры месяцы хадзіла на допыты пра дзейнасць “Вясны”, РЭП, пратэсты. Я была ў шоку, як можна было скінуць да кучы дзейнасць праваабаронцаў і прафсаюзаў, выставіць гэта заклікамі да звяржэння ўлады, арганізацыяй і фінансаваннем пратэстаў. Гэта было цяжка маральна, кожны раз я брала з сабой “трывожны пакет”, бо разумела, што магу не вярнуцца. Калі ў канцы траўня 2021 году я даведалася, што мне выставілі абвінавачанні ў арганізацыі і фінансаванні пратэстаў, у мяне быў жудасны стан. Мне было незразумела: як можна рабіць злачынства там, дзе яго няма?
Але пачаўся суд — паўтара месяца я кожны дзень хадзіла туды, бачыла Леаніда і Таццяну ў кайданках і не магла зразумець, што адбываецца: чаму яны ў клетцы, што за дзіўныя пытанні ім задаюць? У працэсе я высвятліла, што аказваецца, праваабарончая дзейнасць у Беларусі — злачынства. Што ўлады не пацерпяць, калі людзям будуць аказваць нейкую дапамогу, калі іх несправядліва затрымліваюць. Не ведаю, з чым у шэраг яны ставяць гэта — з забойствам, з крадзежам? Пасля таго, як пракурор запрасіў мне два з паловай гады пазбаўлення волі, я прыняла нялёгкае рашэнне не чакаць прысуду, а пакінуць Беларусь, як бы цяжка мне ні было.
Вынесены прысуд "вясноўцам" Леаніду Судаленку і Таццяне Ласіцы
Відавочна, справа была не толькі ў дапамозе пратэстоўцам: гэта была подлая помста дзяржавы за 2019 год. Але што паробіш: я з’ехала ва Украіну, дзе прабыла пяць месяцаў. Адзін з іх — пад акупацыяй. А потым трапіла ў Літву. Так я двойчы стала бежанкай: аднойчы я ратавалася ад пераследу, другі раз — ад вайны.
“Заклікаю ўсіх беларусаў верыць у сябе!”
— Мая гісторыя сумная з аднаго боку, але з іншага — дзякуючы таму, што са мной здарылася, я маю ўнікальную магчымасць падтрымліваць людзей. Я моцны і разважлівы чалавек, таму ва ўсім дрэнным магу бачыць нешта добрае: як Інь-Ян. Асэнсаванне гэтага дае мне моц, дапамагае жыць у разлуцы з Радзімай. Таму я не скарджуся на лёс, хаця часам думаю: як такое наогул магло са мной адбыцца? А потым разважаю: а мо, і добра, што так усё адбылося? Я веру ў лёс: некаторыя моманты нельга абыйсці, калі яны табе наканаваныя.
Думаю, мая прынцыповасць ад бацькоў: калі яны сутыкаліся з несправядлівасцю, не заплюшчвалі вочы і не мірыліся з гэтым. Нават калі ў савецкія часы гэта было небяспечна, маглі абараніць сябе і іншых. Мяне выхоўвалі так, што трэба з павагай ставіцца да людзей і сябе, паважаць законы, але не заставацца ў баку, калі кагосьці крыўдзяць. І хаця я неканфлікты чалавек і паважаю рознасць меркаванняў, заўсёды спрабую ставіць сябе на месца іншага, але не магу мірыцца з агрэсіяй і беззаконнем. У маіх поглядах мяне падтрымлівае муж, з якім мы разам больш за 20 год. Мы глядзім на рэчы з розных бакоў, але менавіта на мяжы нашых меркаванняў з’яўляецца ісціна. У пэўных момантах за ім застаецца апошняе слова, а я праяўляю жыццёвую мудрасць і рэдка спрачаюся. Выпрабаванні толькі ўзмацнілі нашыя стасункі, у самыя цяжкія хвіліны муж натхняў мяне. Я памятаю ягоныя словы і парады, і нават калі мы не камунікуем, гэты чалавек заўсёды ў маіх думках. Мне гэта дапамагае, падтрымлівае, дае магчымасць жыць і рабіць тое, што я раблю. Ён заўсёды кажа мне: “Нічога не бойся, жыві спакойна”.
Хаця вядома, у пэўныя моманты было складана. Напрыклад, працаваць з дакументамі без юрыдычнай адукацыі. Але я чытала законы, Канстытуцыю — яна зразумела тлумачыць мае правы і абавязкі. Гэта быў як грунт, арыентыр, які даваў мне разуменне, якія дзеянні дзяржавы правамерныя, а якія — не. Напрыклад, адпіскі з райвыканкаму я супастаўляла з Канстытуцыяй і разумела, што не так. Калі я нечага не разумела, то звярталася да людзей, хто падказваў і тлумачыў. Я лічу, галоўнае ў законе — простай мовай патлумачыць чалавеку, што можа і не можа рабіць ён і ўлада. Тады прававы ўзровень людзей будзе павышацца, пакуль у нас ён вельмі нізкі. Хаця я думаю, што дзяржава мусіць быць зацікаўленая ў такой адукацыі, але і грамадскія арганізацыі мусяць тлумачыць людзям гэтыя правілы стасункаў. Добра, калі б адукацыя такога кшталту пачыналася яшчэ ў дзіцячым садку.
Якія змены ў Беларусі я зрабіла б перш-наперш? Гарантавала б свабоду слова. Пабудавала б правільнае ўспрыманне праваабаронцы. Каб праваабаронцы былі сувяззю паміж простымі людзьмі і людзьмі на дзяржаўных пасадах, якія перадаюць чыноўнікам фідбэк ад людзей, калі тыя хочуць увесці нейкія законы, датычныя ўсіх.
Важна гарантаваць людзям свабоду дзейнасці, каб яны маглі праяўляць больш ініцыятывы. Безыніцыятыўнасць — не рыса беларусаў, а спадчына СССР. Людзей загналі ў межы, нагналі страху і не даюць праяўляць сябе. Але беларусы — самаарганізаваная нацыя. Мы можам быць спакойнымі і ніяк не праяўляць сябе, але паглядзіце на 2020 год: дваравыя ініцыятывы, валанцёрства, пратэсты. На судзе сведка распавядаў, як ішоў па вуліцы, убачыў, як дзяўчыну цягнулі ў аўтазак, і прапанаваў затрымаць сябе замест яе — чужой дзяўчыны. Гэта ахвярнасць, якая характэрная для ўсяго народу. Я слухала і плакала.
Свабода слова, СМІ, людзей, свабодная прафесія праваабаронцы, ініцыятыва — гэта тое, што фармуе грамадскую супольнасць.
У вольнай Беларусі я хацела б працягваць займацца праваабаронай, мне гэта падабаецца, хаця я знайшла сябе ў гэтым нечакана. Вядома, займалася б сваім домам і градамі. Таксама ў мяне ёсць мара: каб у Беларусі не было бяздомных жывёлаў, каб чалавек, які ўзяў у дом сабе кошку ці сабаку, нёс за яе адказнасць. Тут мог бы дапамагчы закон, а таксама культываванне пэўнага выхавання. Я б таксама займалася арганізацыяй гарадской прасторы: каб бачыць у горадзе людзей, якія не баяцца, якім цікава жыць. Жывучы за мяжой, як бачу, як тут усё пабудаванае: культурныя імпрэзы, стаўленне да архітэктурнай спадчыны, камунікацыя чыноўнікаў і грамадства. Тут віруе жыццё — я хачу, каб так было і ў Беларусі. Я веру і спадзяюся, што аднойчы вярнуся туды. Праз столькі складанасцяў гэтая вера не пахіснулася. Я заўсёды лічыла, што ўсё рабіла правільна, што мая прынцыповая пазіцыя вартая. Я буду рабіць, што мушу, а я мушу рабіць тое, што ідзе на карысць маёй Радзіме.
Што б я параіла рабіць беларусам у такой жа сітуацыі? Верыць у сябе і свае сілы, нягледзячы на ўсё беззаконне і пераслед. Ні на кроплю не пераставаць верыць у сябе і не адмаўляцца (хаця б унутрана!) ад сваіх перакананняў. Заклікаю ўсіх беларусаў верыць у сябе!