16.05.2023 Тэгі: палітвязні, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 14-16 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Жыхарку Гомеля Жанну Волкаву затрымалі наўпрост у школе
Жанна — маці двух непаўналетніх дзяцей. Па словах знаёмай затрыманай, міліцыя затрымала Жанну наўпрост у школе №63, куды жанчына прыйшла для сустрэчы з настаўніцай яе дзіцяці.
Цяпер Волкава знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Ёй інкрымінуюць арт. 130 КК («распальванне варожасці»), піша @flagshtok.
Паведамляецца, што ў 2020-ым годзе міліцыя затрымлівала Волкаву па адміністрацыйных артыкулах.
Андрэя Сцепаненку ў калоніі змяшчалі ў ШІЗА
У пачатку ліпеня 2022-га палітзняволенага Андрэя Сцепаненку накіравалі ў бабруйскую калонію № 2. Па інфармацыі праваабаронцаў, адразу па прыбыцці палітвязня пазбавілі перадачы. Пазней яго на тыдзень змяшчалі ў штрафны ізалятар.
Па інфармацыі @Grodno_grab, нядаўна Андрэя зноў адправілі ў штрафны ізалятар:
"Ну вось і стварыў сам сабе і "выхад з зоны камфорта", і інфаповад - скатаўся адпачыць на лецішчы на 10 содняў. Адляжаўся, памарыў аб мінулым і будучым, аб тым як хутка ўжо вызваленне, адпачыў…".
Нагадаем, Андрэя затрымалі ў лютым 2022 года — калі ён прымаў удзел у спаборніцтвах па многабор’і. 14 красавіка Андрэя асудзілі паводле ч.1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі).
Сілавікі затрымалі жыхара Брэстчыны за ўдзел у пратэстах і перасылку фота ваеннай тэхнікі
Паводле сілавікоў, мужчына ўдзельнічаў ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе і перадаў «звесткі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі прадстаўнікам экстрэмісцкага фармавання». За гэта яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі па арт. 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Як паведаміла Берасцейская вясна, мужчына ў «пакаяльным відэа» кажа, што затрыманы за адпраўку тэлеграм-каналу «Рэальная Беларусь» фота перамяшчэння беларускай вайсковай калоны.
Крыніца: Новыя затрыманні і ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 14-16 траўня