17.05.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, заканадаўства, правы працоўных, затрыманні Міністэрства ўнутраных спраў 15 траўня паведаміла ў сваім тэлеграм-канале, што супрацоўнікі РУУС Цэнтральнага раёна Мінска "прапанавалі затрыманым добраахвотна дапамагчы ў навядзенні парадку" ў якасці меры прафілактыкі за адміністрацыйнае правапарушэнне. Чым сапраўды з'яўляюцца дзеянні міліцыі — мерай прафілактыкі ці прымусовай працай? Разбіраецца Святлана Галаўнёва, юрыстка ПЦ "Вясна".
"Прымусовая праца — гэта форма эксплуатацыі, пры якой людзі вымушаны працаваць супраць сваёй волі, часта пад пагрозай гвалту ці іншых негатыўных наступстваў. Міжнародныя стандарты ў галіне рэгулявання працы, уключаючы Канвенцыю Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) № 29 "Аб прымусовай ці абавязковай працы" і Канвенцыю МАП № 105 "Аб ліквідаванні прымусовай працы", прызнаюць прымусовую працу незаконнай і патрабуюць ад дзяржаў прымаць захады для яе выкаранення.
Прафілактычныя меры як альтэрнатыва адміністрацыйным спагнанням (да якіх адносяцца, напрыклад, штраф ці арышт) з'явіліся ў заканадаўстве адносна нядаўна. Але, увогуле, выкананне працы па добраўпарадкаванні грамадскіх месцаў, да якой міліцыя прыцягнула парушальнікаў, гэта не мера прафілактыкі, а новы від адміністрацыйнага спагнання, які з'явіўся тады ж, калі і прафілактычныя меры — у 2021 годзе. Адметная асаблівасць такога спагнання — яно прызначаецца пры згодзе чалавека, які здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне.
Па такіх правапарушэннях, як распіванне спіртных напояў, дробныя хуліганства і дробнае раскраданне (крадзеж) пастанаўленне выносіць не суд, а орган унутраных спраў. Згодна заканадаўству, міліцыя можа прызначыць за такія правапарушэнні ў якасці спагнання грамадскія працы.
Аднак з грамадскай працай важна, каб захоўваўся прынцып добраахвотнасці і каб прызначэнне грамадскіх прац было належна аформлена. Прынцып добраахвотнасці значыць, што грамадскія працы могуць быць прызначаны толькі пры згодзе чалавека, які здзейсніў адміністрацыйнае правапарушэнне, без пагрозы прымянення гвалту ці іншых негатыўных наступствах, уключаючы, напрыклад, пагрозу прызначэнне непрапарцыйна высокага памеру штрафу. Прызначэнне грамадскіх прац павінна быць аформлена пастановай аб адміністрацыйным парушэнні, а прыцягненне да такіх прац павінна адбыцца не раней за набыццё пастановай моцы. У адваротным выпадку, такое прыцягненне да грамадскіх прац будзе парушаць нормы міжнароднага права ў галіне прымусовай працы".
Юрысты і юрысткі ПЦ "Вясна" збіраюць інфармацыю пра выпадкі прымусовай працы і надаюць бясплатную юрыдычную дапамогу. Кантакты: Telegram: @zvarot96, email: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду.