19.05.2023 Тэгі: палітвязні, салідарнасць, гісторыі вязняў Напярэдадні Дня палітвязняў, які адбудзецца 21 траўня, "Вясна" пагаварыла са сваякамі палітзняволеных.
Мы распыталі родных палітвязняў пра падтрымку саміх зняволеных і іх блізкіх. Аб тым, як незнаёмцу напісаць за краты, каб ліст дакладна патрапіў да адрасата. Даведаліся, ці варта працягваць пісаць вязням, калі лісты ў большасці выпадкаў даходзяць толькі ад сваякоў. А таксама, ці хапае ім самім сілаў падтрымліваць сваіх родных у няволі.
Некаторыя з блізкіх нашых суразмоўцаў яшчэ знаходзяцца пад следствам, іншых ужо асудзілі на вялікія тэрміны і накіравалі ў калоніі. Ананімна публікуем кранальныя расповеды сваякоў.
“Адна атрыманая паштоўка з дзясятка дасланых мае вялікае значэнне для вязня. Гэта яго глыток веры!”
“Падтрымаць палітзняволенага ў калоніі, звычайнаму неабыякаваму чалавеку наўпрост амаль немагчыма. За ўвесь час знаходжання ў калоніі майму сваяку дайшоў толькі адзін ліст, але самае галоўнае, што ён дайшоў. З іншага боку, калі б гэты ліст увогуле ніхто не даслаў? Здараюцца такія моманты ўдачы, і трэба спрабаваць пісаць зноў і зноў. У некаторых калоніях, калі прыходзіць заказны ліст, вязням хаця бы даюць за яго распісацца. Але так не паўсюль. Я ведаю, што майму сваяку даслалі дзясяткі заказных лістоў, тэлеграмаў, але ён не атрымаў ніводнага апавяшчэння.
Але вы таксама можаце падтрымаць сваякоў палітвязняў. Проста спытаць, як яны пачуваюцца, як іх справы. Нам, родным, маральна вельмі цяжка спраўляцца з гэтымі выпрабаваннямі. Страшна застацца сам-насам са сваімі праблемамі.
Пакуль палітвязень знаходзіцца ў следчым ізалятары, пераводы, бандэролі, грашовыя пераводы – гэта тая магчымасць выказаць сваю салідарнасць з палітзняволеным, якой ужо няма ў калоніі. Таму варта ёй карыстацца. У СІЗА і лісты даходзяць. Але вы павінны разумець, што гэта можа адбыцца з 10 ці 30 спробы. Галоўнае – працягваць пісаць. Адна атрыманая паштоўка з дзясятка дасланых мае вялікае значэнне для вязня. Гэта яго глыток веры!
З лістамі і ў нас, родных палітвязняў, здараюцца перабоі. І гэта яўна не "Белпошта" іх губляе. Мы заўсёды са сваяком кожны ліст нумаруем. Так што зразумела, які з іх не дайшоў і што, я, магчыма, прапусціла ў папярэднім штосьці “цікавае”. За ўвесь час я толькі аднойчы атрымала ліст, дзе былі замазаныя [цэнзарам] словы. Іншыя “цікавыя” лісты проста не выходзяць з калоніі на волю. Але самае жахлівае, што не прапускаюць лісты са скаргамі палітвязняў у Дэпартамент выканання пакаранняў, калі парушаюцца іх правы. Нават там яны працягваюць сваю барацьбу. А мы тым больш не маем права апускаць рукі. Самае страшнае для палітвязняў, што пра іх забудуць. Асабліва, тых у каго вялікія тэрміны”.
“Нават незнаёмыя звяртаюцца да нас са словамі падтрымкі і дасылаюць лісты”
“Паколькі мой сваяк знаходзіцца ў турме, яму забаронены ўсе спатканні, перадачы, калі яго саджаюць у ШІЗА, то забаронена ўсё. У бягучым годзе ён адсядзеў у ШІЗА амаль 30 сутак. Дакладную лічбу не ведаю, таму што лістоў ад яго няма больш за месяц. Таксама яму тры разы давалі магчымасць патэлефанаваць да нас па 10 хвiлiн. На атаварку ў яго ёсць адна базавая велічыня з яго асабістага рахунка ў турме, на які мы дасылаем грошы. Ёсць магчымасць дасылаць яму медычныя прэпараты.
Яго падтрымліваюць розныя людзі, нават незнаёмыя, звяртаюцца да нас са словамі падтрымкі і дасылаюць лісты. Усім кажу заўсёды толькі аб тым, што ня трэба анічога палохацца. Працягвайце падтрымліваць палітвязняў! Гэта дапаможа ім выстаяць у цяжкіх умовах”.
“Пасылка палітвязню – гэта нагадванне, што мы тут, мы цябе памятаем, калі ласка, трымайся”
“Лісты ад блізкіх сваякоў, нават ад блізкіх сяброў надзіва даходзяць добра. Можа, не так хутка, як нам хочацца, але даходзяць, і гэта самае галоўнае. Усе мае лісты за час зняволення сваяка даходзілі. Ад яго не дайшлі два ліста, у якіх ён напісаў пра ўнутраны распарадак і камеру. Але ад незнаёмых людзей лісты амаль не даходзяць.
Ён за гэты час напісаў вельмі шмат файных, ачмурэнных вершаў, мне заўсёды хацелася імі падзяліцца. Ён піша як любоўную лірыку, так і на вострасацыяльныя тэмы.
Я за ўвесь 2021 год напісала недзе 250 лістоў, на якія атрымала 60 адказаў. Лічу, гэта немаленькі адсотак. А ў 2022 годзе, калі пачалася вайна, адказы наогул перасталі прыходзіць. Спынілася сувязь нават з тымі палітвязнямі, з якімі было вельмі добрае ліставанне. Потым падобнае здарылася і з маім блізкім. Таму ў мяне ўжо не засталося маральных сілаў на падтрымку іншых вязняў. Так цікава складваецца лёс, што цяпер тыя палітвязні, з якімі я ліставалася, і якія цяпер на волі, аказваюць мне інфармацыйную падтрымку, што датычыцца парадкаў у СІЗА, калоніі і г. д.
Застаюцца такія магчымасці падтрымкі, як пасылкі і грашовыя пераводы. Насамрэч, пасылка – гэта цудоўны спосаб падтрымкі. У яе заўсёды можна класці штосьці нейтральнае, тую ж якую-небудзь духмяную гарбату ці каву з цукеркамі і некалькі прыгожых паштовак. І ўсё, ужо гэтага можа быць дастаткова. Мой сваяк наадварот просіць дасылаць яму толькі карысныя прадукты, а ўсялякае салодкае яму не трэба. Памятаю, калі я дасылала пасылку, клала туды каляднае імбірнае печыва. Яно мае духмяны водар і падыме настрой у камеры. Такая пасылка – гэта прывітанне, што мы тут, мы цябе памятаем, не забылі, калі ласка, трымайся.
Аднойчы я дасылала вязням шакалад ручнога вырабу, на якім вырабнік напісаў імя адрасата. У адказ мне даслалі паштоўку са словамі падзякі.
Таксама можна даслаць грашовы перавод. Не абавязкова дасылаць вялікія сумы. Нават атрымаўшы 5-10 рублёў вязень адчуе падтрымку і будзе ведаць, што хтосьці незнаёмы на волі пра яго памятае".
“Калі вашыя лісты не даходзяць да палітвязня, можна перадаць словы падтрымкі праз яго родных”
"Уласна мне хапае ўнутраных сілаў на падтрымку, бо я аптымістка. Калі чалавек хоча дапамагчы сваякам палітвязняў, варта прапаноўваць канкрэтную дапамогу. Я раней рабіла такую памылку: пісала сваякам палітвязняў з агульнай прапановай дапамагчы. Але 99%, што ніхто па яе не звернецца. Бо чалавеку псіхалагічна цяжка прасіць дапамагчы. Лепш адразу пісаць, што вы, напрыклад, у пэўны час і дзень можаце адвезці сваяка ў іншы горад з перадачай. Ці маеце кілаграм арэхаў і хочаце перадаць вязню. Ці штосьці іншае. Гэта канкрэтныя прыклады дапамогі.
Калі хочацца перадаць нейкія словы падтрымкі вязню, а лісты не даходзяць, можна проста напісаць сваяку палітвязня ў асабістыя паведамленні і папрасіць перадаць свае словы ў лісце. Нядаўна я зразумела, што майму зняволенаму сваяку трэба больш маральнай падтрымкі, і я цэлы ліст прысвяціла тым словам падтрымкі, якія мне дасылалі яго сябры і проста неабыякавыя людзі. Атрымаўся вельмі цёплы ліст з пранікнёнымі словамі, які дайшоў да адрасата.
Насамрэч, палітвязні – гэта людзі, якія тут цяпер ахвяруюць сваім здароўем і асабістым жыццём. Яны не бачаць сваі сем’і, каханых, дзяцей, якія растуць без іх. Гэта вялікая цана за магчымасць адкрыта выказваць свае думкі. Мы ўсе праходзім праз цяжкі моцны, часам невыносны боль. Але я ўпэўнена, што гэта ўсё не дарма і для нашай будучыні. Гэта такая моцная прышчэпка ад будучых памылак. Таму важна нагадваць усім палітзняволеным, што мы іх любім, памятаем і чакаем на волі. Гэта вельмі простыя словы, але часам самыя важныя, якія мы можам перадаць за краты нашым даражэнькім беларусам”.