19.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, дыфамацыя Аляксандр Гурнік Брэсцкі абласны суд 18 траўня завяршыў разгляд крымінальнай справы 42-гадовага жыхара Мінска Аляксандра Гурніка. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або ўдзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 КК), закліках да санкцый, скіраваным на прычыненне ўрону нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК) і абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).

Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 16 лютага, вёў суддзя Дзмітрый Куроўскі.

Палітзняволены Аляксандр Гурнік  — агент па нерухомасці, блогер, аўтар блога "Беларусь у акне". На ягоны TikTok-акаўнт быў падпісаны 431 чалавек. У роліках ён гумарыстычна каментуе беларускія навіны.

Гурніка затрымалі напрыканцы чэрвеня 2022 года, разбіўшы пры гэтым акно яго кватэры. З апублікаванага праўладным тэлеграм-канале відэа бачна, што міліцыя грукала ў дзверы Гурніка кувалдам. Адкрыць яе такім чынам не атрымалася і сілавікі залезлі ў кватэру праз акно. Аляксандра пры гэтым моцна збілі.

Аляксандра ўжо збівалі раней, у 2020 годзе:  ён трапіў пад хвалю катаванняў на Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў. Паводле апублікаванага на яго старонцы медыцынскага заключэння, яго жорстка збілі падчас затрымання на выхадзе з дому 12 жніўня і на Акрэсціна, на яго целе было 47 гематом.

У ходзе разгляду крымінальнай справы ўстаноўлена, што жыхар сталіцы са жніўня па кастрычнік 2020 года неаднаразова прымаў удзел у блакаванні руху транспартных сродкаў у Мінску, размяшчаў у сацыяльных сетках відэа з абразамі Лукашэнкі.

У жніўні 2021 года абвінавачаны не менш за чатыры разы накіраваў лісты прадстаўнікам Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) з заклікамі, накіраванымі на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.

Канчаткова па сукупнасці злачынстваў, Гурніку прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін пяць гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Крыніца: "Пісаў лісты ў МВФ з заклікамі да ўвядзення санкцый супраць Беларусі, абражаў Лукашэнку": пяць гадоў калоніі прысудзілі мінскаму блогеру