19.05.2023 Тэгі: палітвязні, ціск, рэпрэсіі, затрыманні, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 18-19 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Сілавікі знішчылі 25 кніг палітзняволенга журналіста Дзяніса Івашына

Як паведамляецца ў тэлеграм-канале Дзяніса Івашына, гаворка ідзе пра кнігі «З невичерпного джерела», «Абэцэда», «Беларускі нацыяналізм», «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам», «Вайсковы слоўнік», «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», «О сектантах», «Таталітарызм», «Прапаганда», «Хрышчэньне нацыі», «Беларусь за 10 падарожжаў», «Светапоглядныя асновы дэмакратычнага руху», «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі», «Гібридная война», «Крим за завісою», «Хроника гибридной войны», «Смисли і війни», «Росія: ідентичность агресора», «Вторжение в Украину», «Донбасс в огне», «ОУН і УПА в боротьбі за Українську Державу», «Міжнародний центр протидіі Російській пропаганді», «Тенденціі у світі», «Індекс війни».

Ужо "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал Зянона Пазняка зноў прызналі "экстрэмісцкім"

У сакавіку інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала «Зянон Пазьняк» была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне было прынятае судом Баранавічаў і Баранавіцкага раёну 27 сакавіка.

Аднак гэта не перашкодзіла 12 траўня правесці пасяджэнне ў судзе Савецкага раёну Мінска, падчас якога вышэй згаданы тэлеграм-канал зноў быў прызнаны «экстрэмісцкім».

Беларускія суды прызналі "экстрэмісцкімі" шэраг Чайлдфры-суполак

Гаворка ідзе пра Facebook-старонку «Чайлдфри. Элита общества», суполку ва «Укантакце» «Чайлдфри», Instagram-старонку «Чайлдфри».

Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

  • Telegram-каналы «Приключения беларусов в Киеве», «Орша Микруха», «Дзённiк экстрэмiста», «Лист для записей».
  • Відэа «Беларусы прыехалі ваяваць супраць пуціна і лукашэнкі – некаторыя ўкраінцы былі ў шоку: Як так? А мы думалі, усе беларусы за бацьку», «Баец палка Каліноўскага: Нашая канчатковая мэта – площа Незалежнасці», «Беларускі ваяр распавёў пра стан палка Калiноўскага | Беларусский воин про полк Калиновского», «Лукашенка павінен баяцца: Украiна ўражаная батальёнам Калiноўскага | Украина восхищена беларусами», «У Лукашенко будет две недели после победы Украины / План: Б», «Позывной Леший».

Сілавікі затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі

На «пакаяльным відэа» дзяўчына расказвае, што з'яўлялася лаўрэаткай стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2020 годзе яна, паводле ўласных слоў, «удзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».

Таксама яна кажа, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».

Пасля праверкі тэлефона ў мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая вярталася з адпачынку ў Егіпце

У мінскім аэрапорце сілавікі затрымалі пасажырку, якая вярталася ў Беларусь з адпачынку, паведаміла крыніца Медыязоны. Дзе зараз знаходзіцца затрыманая дзяўчына і ў якім яна статусе — невядома.

Па словах крыніцы, супрацоўнікі адказалі яе хлопцу, што забіраюць яе «на пагаварыць». Пазней высветлілася, што на гугл-дыску ў тэлефоне ў дзяўчыны знайшлі «фотаздымкі з жаночых маршаў і таму яе пакінулі ў міліцыі да раніцы».

Вядома, што ў 2020 годзе беларуску затрымлівалі падчас пратэстаў, суд прызначыў ёй штраф па артыкуле 23.34 КаАП.

Знаёмы затрыманай распавёў, што перад вылетам яна выдаліла Telegram. Аднак пасля праходжання мяжы сябар напісаў ёй, і паведамленне аказалася прачытана.

У СІЗА-1 пагоршыліся ўмовы: вопратку і абутак з перадач адразу адпраўляюць на склад, а медыкаменты не перадаюць

Па інфармацыі праваабаронцаў, умовы ў СІЗА на Валадарскага для палітзняволеных зрабілі больш жорсткімі. Так, цяпер вопратку і абутак адразу адпраўляюць на склад. Каб іх забраць, зняволеным трэба пісаць адпаведныя заявы, чакаць некалькі дзён, а ўзамен ім трэба нешта з вопраткі здаваць на склад. Вядомы выпадак, калі на склад забралі нават бялізну і шкарпэткі.

Акрамя гэтага, цяпер забаронена дасылаць медыцынскія пасылкі, а ў перадачах не прымаюць заспакаяльныя.

Нагадаем, нядаўна стала вядома, што, паводле ўказання ДВП ад 29.04.2023, вязням, якія ўтрымліваюцца пад вартай, дазволена перадаваць толькі вітамінна-мінеральныя комплексы (не больш за адну ўпакоўку) і інсулін замежнай вытворчасці. Іншыя медыкаменты нібыта ёсць у наяўнасці ў медычных частках ізалятараў. Пры гэтым афіцыйна пра такія змены нідзе не паведамлялася.

У Гродзенскім абласным судзе 26 траўня пройдзе пасяджэнне аб ліквідацыі Раённага грамадскага аб'яднання "Ашмянская цыганская суполка"

Арганізацыя зарэгістраваная з 2003 года. На 1 студзеня 2022 года ў ёй было 22 чалавекі, у 2014 — 30. Публічных мерапрыемстваў апошнім часам яны не праводзілі, піша Hrodna.life.

Старшыня суполкі, ён жа барон — Артур Ягораў. Паведамляецца, што ўвогуле на Ашмяншчыне жыве больш за 200 прадстаўнікоў народнасці рома.

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні ў Дзяржынску

Вядома, што ў аднаго з затрыманых адбыўся ператрус дома і на працы.

На мінскай "хіміі" сілавікі зладзілі маскі-шоу

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», 18 траўня ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 55 у Мінску адбылася жорсткая паглыбленая праверка «хімікаў». З чым былі звязаныя «маскі-шоу» — невядома. За дзень да гэтага «хімікаў» не выпусцілі на працы.

Па папярэдняй інфармацыі, затрыманы мінімум адзін асуджаны.

У ПУАТ № 55 утрымліваецца не менш за 27 палітзняволеных, асуджаных да «хіміі».

Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні і ператрусы ў Баранавічах

Падрабязнасці высвятляюцца.

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага пасля 2 мясяцаў у ШІЗА адправілі ў ПКТ

У лістападзе Дзмітрыю прысудзілі 5 гадоў калоніі. Паколькі раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, канчаткова яму прызначылі 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 3.

Родным палітвязня днямі дайшоў ліст ад яго. Ён паведаміў, што амаль 2 месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў 110 сутак у штрафным ізалятары.

Затрыманні на баранавіцкай чыгунцы

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што пасля дыверсій на чыгунцы ў Расіі два тыдні таму, у Баранавіцкім аддзяленні БЧ «на размову» выклікалі каля 10 машыністаў. Вядома, што супраць некаторых з іх пасля распачалі крымінальныя справы за абразы ў інтэрнэце. Паведамляецца, што машыністаў звольнілі з працы.

Крыніца: Затрыманне спявачкі, новыя "экстрэмісцкія" матэрыялы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 18-19 траўня