31.05.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, ціск, рэпрэсіі, экстрэмізм У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30-31 траўня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Магілёўская міліцыя зладзіла праверку былога палітвязня па WhatsApp

Сёння міліцыянт з аператыўнага адзелу Кастрычніцкага РАУСу Магілёва па WhatsApp званіў былому палітвязню Валянціну Лабачову, асуджанаму да 1 года і 6 месяцаў пазбаўлення волі за абразу Лукашэнку. Тэрмін ён адбываў у наваполацкай ПК № 1. Валянцін выйшаў на волю 17 лютага 2023 года. Былы палітвязень пакінуў Беларусь 5 красавіка.

Міліцыянт па тэлефоне запытаў у былога палітвязня, ці жыве ён у Польшчы і ці збіраецца ён вяртацца ў Беларусь. Валянцін растлумачыў яму, што папярэдзіў інспекцыю і напісаў заяву, што з'язджае у Польшчу на год. На гэта яму супрацоўнік сказаў, што іх абавязалі штотыдзень тэлефанаваць і правяраць.

«Хутчэй за ўсе міліцыя так зацікавілася мной пасля маіх выступаў і інтэрв'ю. Напэўна,мяне ўжо чакаюць у Беларусі», — кажа Валянцін.

"Айцішны" інтэрнэт-рэсурс Dev.bу заблакаваны ў Беларусі

Напрыканцы мінулага тыдня ў некаторых аператараў сувязі ў Беларусі перастаў адкрывацца навінавы рэсурс Dev.bу. Паколькі рэдакцыя не атрымлівала афіцыйных прэтэнзій з боку ўладаў, заснавальнікі спадзяваліся, што гэта тэхнічная накладка. Аднак пасля выходных сайт так і не запрацаваў.

За межамі краіны старонка Dev.bу адкрывацца і абнаўляецца, піша @bajby.

Улады прызналі "экстрэмісцкімі" песні "Пора", "Стражи галактики", "Ненависть" і "Вясна" жлобінскага гурта FaceOFF — на днях удзельнікаў гурта адправілі за краты

Таксама «экстрэмісцкай» прызнаная суполка гурта ва «Укантакце». Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 25 траўня. Нагадаем, на мінулым тыдні ўдзельнікаў гурта FaceOFF затрымалі, а пазней адправілі на суткі.

Таксама «экстрэмісцкі спіс» папоўнілі:

Telegram чаты і каналы «Чат Московский 74 к 1-6», «Chat ОСВОБОЖДЕНИЕ БЕЛАРУСИ», «Правые беседы», «Широкая», «Якубовского»;Facebook-старонкі «Досить боятися!», «Вольны Беларус», «Солидарность с Хартия-97», «Август2020»;Сацсеткі Валера Цапкалы;Старонка ва «Укантакце» «Взрыватель пуканов»;Старонка ў Instagram «veronica.tsepkalo».

Сілавікі затрымалі дырэктара маркетынгавага агенцтва Gusarov Андрэя Гусарава

На «пакаяльным» відэа мужчына сказаў, што сузаснавальнік TUТ.ВY Кірыл Валошын апублікаваў у сацсетках фотаздымак з ім, чым нібыта выклікаў павышаную цікавасць з боку сілавікоў, піша @mediazona_by.

Крыніца: Прызнанне песен "экстрэмісцкімі", затрыманне дырэктара маркетынгавага агенцтва: хроніка пераследу 30-31 траўня