02.06.2023 Тэгі: правы чалавека На канец траўня 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзілася 1 496 палітзняволеных. Амаль праз тры гады з пачатку беспрэцэдэнтнага масавага палітычнага пераследу беларусаў гэтая лічба штомесяц узрастае, а некаторыя палітвязні ўжо адбываюць увесь тэрмін пакарання і выходзяць на волю. За травень праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенымі 54 чалавекі.

Высновы:

  • адмаўленне правоў чалавека, задушэнне свабод і шырокамаштабныя рэпрэсіі па-ранейшаму характэрны для ўнутранай палітыкі ўладаў Беларусі;
  • на канец траўня 2023 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 496 палітвязняў, за месяц праваабарончая супольнасць прызнала такімі 54 чалавекі; агулам "Вясне" вядома пра амаль 3 300 асуджаных паводле палітычна матываваных крымінальных спраў; у канцы лютага гэтага года Генеральны пракурор А. Швед паведаміў пра тое, што органамі пракуратуры падтрымана ў судах абвінавачванне амаль паводле 3 000 "экстрэмісцкіх" спраў у дачыненні да 3 645 чалавек;
  • сябры ПЦ "Вясна": старшыня арганізацыі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ "Вясна", юрыст, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка Валанцёрскай службы "Вясны" Марфа Рабкова, валанцёр Андрэй Чапюк, сябра ПЦ "Вясна", кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, — асуджаныя да пазбаўлення свабоды і адбываюць пакаранне ў папраўчых калоніях;
  • праваабаронца Наста Лойка знаходзіцца ў СІЗА пад вартай паводле адвольных палітычна матываваных абвінавачванняў;
  • працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у траўні 2023 года "Вясне" стала вядома пра 395 выпадкаў затрымання, у тым ліку пра 243 выпадкі палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не меней за 82 адміністрацыйныя арышты, 48 штрафаў; астатнія спагнанні невядомыя. Больш за траціну затрыманых — жанчыны;
  • праваабаронцы па-ранейшаму рэгулярна выяўляюць і дакументуюць факты ўжывання катаванняў і забароненых відаў абыходжання падчас расследавання палітычна матываваных крымінальных спраў, а таксама забароненых відаў абыходжання падчас адбывання крымінальнага і адміністрацыйнага пакарання паводле палітычна матываваных судовых рашэнняў;
  • 5 траўня 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 (п. Віцьба) памёр палітзняволены Мікалай Клімовіч. За рэакцыю ў сацыяльнай сетцы на карыкатуру на А. Лукашэнку яго асудзілі да года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі паводле артыкула 368 КК. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы з прычыны захворвання сардэчна-сасудзістай сістэмы, каля года таму перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы;
  • 21 траўня адбыліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дню палітзняволеных Беларусі;
  • АБСЕ 11 траўня быў прадстаўлены "Даклад аб сур'ёзнай пагрозе чалавечаму вымярэнню АБСЕ ў Беларусі з 5 лістапада 2020 года".

Палітычныя зняволеныя

Палітычнымі зняволенымі прызнаюцца пазбаўленыя волі фігуранты вядомых выпадкаў крымінальнага пераследу паводле палітычных прычынаў на падставе Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены"

У трох з нядаўніх вядомых выпадкаў асуджэнне людзей па "палітычных" артыкулах адбылося ў закрытым судовым пасяджэнні ў адсутнасць прадугледжаных падставаў. Такім чынам, можна рабіць выснову аб парушэнні правоў гэтых людзей на справядлівы і публічны разгляд справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, якое ім гарантавана заканадаўствам: і міжнароднымі стандартамі, і Канстытуцыяй Беларусі. 

Апеляцыйныя суды не выконваюць сваіх функцый і пакідаюць рэпрэсіўныя незаконныя рашэнні ў сіле. Напрыклад, журналісту Андрэю Пачобуту пакінулі прысуд без зменаў (8 гадоў калоніі). 

Палітычны пераслед пасля вызвалення палітвязняў працягваецца. Гэта ў чарговы раз паказвае шырокамаштабнасць і няспыннасць палітычных рэпрэсій у мэтах падаўлення іншадумства. А таксама палітвязням па-ранейшаму прызначаюць новыя тэрміны зняволення паводле артыкулу 411 КК за парушэнне рэжыму ў калоніях і турмах і прымяняюць іншыя формы ціску.

Стала вядома пра новы прысуд за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням папраўчай установы паводле артыкулу 411 КК блогеру Уладзіміру Цыгановічу. 10 сакавіка ён быў асуджаны да аднаго года зняволення ў дадатак да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле папярэдняга прысуду па "справе Ціханоўскага".

Только ў канцы траўня стала вядома, што 28 красавіка адбыўся суд па замене рэжыму 49-гадоваму палітзняволенаму Уладзіміру Гароху. Па выніках суда яго перавялі ў магілёўскую турму. Паводле MAYDAY TEAM, палітвязня адразу па прыбыцці адправілі ў ШІЗА. 

Палітзняволеных праваабаронцаў "Вясны" этапавалі ў калоніі: Валянціна Стэфановіча — у папраўчую калонію № 15 у Магілёве, Уладзіміра Лабковіча — у папраўчую калонію № 17 у Шклове, а Алеся Бяляцкага — у папраўчую калонію № 9 у Горках. Усе калоніі вядомыя катаваннямі і жорсткім абыходжаннем з палітвязнямі. 

Стала вядома пра судовы разгляд справы праваабаронцы Насты Лойкі, якую затрымалі 28 кастрычніка 2022 года. Яе абвінавачваюць паводле ч. 3 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці). Падставай для гэтага стаў нібыта ўдзел праваабаронцы ў напісанні справаздачы аб пераследзе анархісцкай супольнасці ў Беларусі за 2018 год: у дакладзе даецца праваабарончая ацэнка дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі.

Палітвязняў працягваюць трымаць у СІЗА доўгія тэрміны, праводзячы так званае расследаванне, у той час як заканадаўства Беларусі прадугледжвае альтэрнатыўныя меры стрымання. Напрыклад, 22 траўня распачаўся суд над Эдуардам Бабарыкам, які ўтрымліваецца пад вартай амаль тры гады.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА падлічыў колькасць маладых палітзняволеных (да 35 гадоў): 659 маладзёнаў знаходзяцца за кратамі, гэта больш за траціну ад усіх палітзняволеных у Беларусі.

110 дзён няма ніякіх звестак ад Мікалая Статкевіча, які ўтрымліваецца ў папраўчай калоніі ў Глыбокім. Таксама няма звестак і невядома дакладнае месцазнаходжанне Віктара Бабарыкі.

5 траўня 2023 года ў папраўчай калоніі № 3 (п. Віцьба) памёр палітзняволены Мікалай Клімовіч. Яго асудзілі да года пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі за рэакцыю ў сацыяльнай сетцы на карыкатуру на А. Лукашэнку паводле артыкулу 368 КК. Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы праз захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы, каля года таму перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. Нягледзячы на гэта і пры наяўнасці альтэрнатыўных відаў пакарання, не звязаных з пазбаўленнем волі, суддзя Пінскага раёна і горада Пінска Андрэй Бычыла прызначыў яму пакаранне ў выглядзе аднаго года пазбаўлення волі, а Брэсцкі абласны суд пакінуў прысуд у сіле. Сам Мікалай, ягоныя родныя і адвакат неаднаразова выказвалі занепакоенасць станам ягонага здароўя. Перад вынясеннем прысуду Мікалай Клімовіч указаў, што можа памерці ў зняволенні, бо яму неабходна прымаць вялікую колькасць лекаў. Ён павінен быў знаходзіцца пад назіраннем лекара-кардыёлага, аднак ва ўмовах калоніі, відавочна, гэта з'яўляецца немагчымым.

Гэты выпадак з'яўляецца прыкладам парушэння права на жыццё. У калоніях Беларусі працягваюць знаходзіцца палітвязні — людзі з інваліднасцю, пажылыя людзі і людзі, якія пакутуюць ад цяжкіх захворванняў. Так, 73-гадовы жыхар Слоніма Барыс Кучынскі быў адпраўлены ў калонію на два гады. Гэта адбылося пасля ўзмацнення жорсткасці пакарання ў апеляцыйным парадку: Кучынскі быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, але пракуратура прынесла апеляцыйны пратэст на прысуд, які быў задаволены абласным судом.

Парушэнне свабоды мірных сходаў. Задушэнне свабоды выказвання меркаванняў

11 траўня 2023 года адзін з вядомых і ўплывовых беларускіх дзеячаў культуры Павел Белавус быў асуджаны да 13 гадоў пазбаўлення волі і да штрафу ў памеры 18 500 беларускіх рублёў (каля 7 300 даляраў) паводле чатырох крымінальных артыкулаў, уключаючы абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве. Згодна з абвінавачваннем, Павел "распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму", вёў "антыдзяржаўную дзейнасць", "стымуляваў варожасць суайчыннікаў у дачыненні да Радзімы". Таксама Паўла абвінавацілі ў "кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем" — "Беларускай Радай культуры", прызнанай такой праз сем месяцаў пасля арышту Белавуса.

У траўні стала вядома пра абвінаваўчыя прысуды за ўдзел у мірных сходах 2020 года паводле артыкулу 342 КК у дачыненні да 19 чалавек (Вольга Гладкая, Андрэй Філіпчык, Аляксандр Гурнік, Юрый Машок, Валерыя Машок, Руслан Мяцельскі, Дзяніс Давыдаў, Аляксей Сахар, Аліна Горава, Уладзіслаў Лагуценка, Аляксей Цыганоў, Аляксандр Саланінка, Аляксандр Строкаў, Яўген Лівянт, Юлія Лівянт, Галіна Лівянт, Ганна Лівянт, Мікіта Дрозд, Аляксей Іваноў, Глеб Вятошкін). Яркім выпадкам стала асуджэнне пяці чальцоў адной сям'і за ўдзел у мірных сходах 2020 года.

Стала вядома пра затрыманне ў аэрапорце жанчыны, якая вярталася ў Беларусь, за знойдзеныя ў ейным тэлефоне здымкі з "жаночых маршаў" 2020 года. Ці ёй выстаўленыя абвінавачванні афіцыйна, пакуль невядома. Таксама за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года затрыманы Алег Заяц, трансгендарны мужчына, якога да гэтага шматразова затрымлівалі за выказванне сваёй палітычнай пазіцыі.

Судовы разгляд паводле справы Артура Хлуса, раней прыпынены праз невядомыя прычыны, узнавіўся. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) у сувязі з удзелам у мірных сходах 2020 года і рэгістрацыяй у чат-боце плану "Перамога" — ананімнага аб'яднання, якое выступае супраць дэ-факта ўладаў Беларусі.

У траўні былі ўзятыя пад варту навучэнцы каледжа ў Жабінцы за "знявагу" дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК) — маладыя людзі знялі з будынкаў некалькі сцягоў.

Шэраг затрыманняў і прысудаў судоў, што парушаюць свабоду выказвання меркавання, датычыліся выказванняў супраць супрацоўнікаў праваахоўных органаў і абразаў службовых асоб.

Вядома пра чатыры прысуды (Віктар Яроменка, Дзмітрый Багачэнка, Ганна Вавілава, Глеб Вятошкін) паводле абвінавачванняў у распальванні сацыяльнай варожасці ці варажнечы (ч. 1 арт. 130 КК) у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У выпадку Ганны Вавілавай прысуд датычыць таксама незаконных дзеянняў у адносінах да інфармацыі пра прыватнае жыццё і персанальных звестак (ч. 3 арт. 203-1 КК) — гаворка ішла пра перадачу звестак дзяржаўных службоўцаў у пратэсны тэлеграм-канал, а ў выпадку Глеба Вятошкіна прысуд датычыць як распальвання варожасці ці варажнечы (арт. 130 КК), гэтак і яго ўдзелу ў мірных сходах (арт. 342 КК).

Вядома пра чатыры прысуды (Васіль Дземідовіч, Аляксандр Заноўскі, Юрый Бубноў, Алеся Жалязноўская) за абразы прадстаўнікоў улады, тры з якіх датычаць абразаў Аляксандра Лукашэнкі. Дзмітрыю Лазару, асуджанаму ў сакавіку 2023 года да пазбаўлення волі за абразы ў дачыненні да службовых асоб (арт. 368, 369 і 391 КК), выстаўлены новыя абвінавачванні за абразы суддзі (арт. 369 КК).

За ўдзел у мірных сходах, крытыку праваахоўных органаў і антываенныя выказванні затрымалі Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе публічна адмовілася ад прэзідэнцкай стыпендыі. У праўладных медыя пасля затрымання з'явілася "пакаяльнае" відэа з ёй.

Працягваецца палітычны ціск і асабліва жорсткія затрыманні з парушэннем закона і правоў чалавека. Сярод затрыманых у траўні, згодна з хронікай пераследу 27-29 траўня, — дырэктар сярэдняй школы № 2 Аляксандр Бацько.

У Гомелі затрыманыя не менш за пяць чалавек, сярод іх адна жанчына. У так званым "пакаяльным" відэа, размешчаным на набліжаным да сілавікоў тэлеграм-канале, усе затрыманыя кажуць, што былі падпісаныя на "экстрэмісцкія" рэсурсы. У Гродне затрымалі не менш за шэсць чалавек.

Палітычныя затрыманні амаль заўсёды адметныя жорсткім, бесчалавечным і зневажальным годнасць абыходжаннем.

Адзін з прыкладаў — фрагмент відэа, апублікаваны прапагандыстамі 3 траўня, дзе сілавікі здымаюць чалавека, які ляжыць на зямлі, і з нецэнзурнай лексікай паведамляюць яму, што ён затрыманы за экстрэмізм, за сцягі і за тэхагляд.

26 траўня стала вядома, што былі затрыманыя адразу восем жыхароў Ліды. Іх прымусілі спаліць нацыянальны сцяг. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 КаАП. У дачыненні да двух чалавек распачалі крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.

У ноч з 21 на 22 траўня ў вёсцы Каробчыцы Гродзенскага раёна была затрымана сямейная пара — Артур і Маргарыта Барташэвічы. Затрыманне адбылося на вачах у іх малых дзяцей.

Сярод правоў, што сістэмна парушаюцца ў дачыненні да асоб, затрыманых праз палітычныя матывы, вылучаецца права на інфармаванне сваіх блізкіх пра затрыманне і сваё месцазнаходжанне, што цягне за сабой немагчымасць рэалізацыі шэрагу іншых працэсуальных правоў, у тым ліку асноўнага права на абарону. Напрыклад, Артур Башко быў арыштаваны напярэдадні сур'ёзнай аперацыі, і ягоныя сваякі не ведалі, дзе ён знаходзіцца, ім толькі сказалі, што ён затрыманы "за палітыку".

Былую дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і старшыню Таварыства беларускай мовы Алену Анісім затрымалі 17 траўня на працоўным месцы. Куды яе павезлі і ў чым абвінавачвалі, было невядома. Пазней высветлілася, што яна знаходзілася пад адміністрацыйным арыштам.

Адміністрацыйны пераслед па-ранейшаму актыўна выкарыстоўваецца дзеля пераследу паводле палітычных матываў. У траўні "Вясне" стала вядома пра 373 выпадкі затрымання, у тым ліку пра 250 выпадкаў палітычна матываванага адміністрацыйнага пераследу. Суддзямі прызначана не менш за 72 адміністрацыйныя арышты, 34 штрафы; астатнія спагнанні невядомыя. Падставай для прыцягнення да адказнасці былі распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, парушэнне грамадскага парадку і непадпарадкаванне. Больш за ўсё вядомых затрыманняў адбылося ў Брэсцкай (53), Віцебскай (82), Гомельскай (59) абласцях і ў Мінску (99). Больш за траціну затрыманых — жанчыны.

Парушэнне правоў і свабод пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам

Сярод прызнаных экстрэмісцкімі матэрыяламі ў траўні – тэлеграм-каналы "Лошица — общий чат", "BYNL - Беларуская Сядзiба - чат", "БХ. Чат и комментарии", "Партизанский р-н СДЖ", "Якубовского", "Сапраудныя Беларусы", "Орша Вокзал", "Беларусы Грузии/By in Georgia". Падставы дадавання ў спісы, якія адлюстраваны ў дзяржаўных СМІ, у тым, што на канале "размяшчалася інфармацыя антыдзяржаўнай і экстрэмісцкай тэматыкі, у тым ліку рэпосты з інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных у вызначаным заканадаўствам парадку экстрэмісцкімі". Акрамя тэлеграм-каналаў, працягвае прызнавацца "экстрэмісцкай" і літаратура, як, напрыклад, кніга аб гісторыі Польшчы і зборнік патрыятычных польскіх песень.

У "Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці" за травень МУС у пазасудовым парадку дадала яшчэ 112 чалавек — цяпер у ім 2 868 чалавек. Сярод іншых, у спіс дадалі Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Яніну Сазановіч, Аляксандра Францкевіча, Дзмітрыя Навошу.

У "Пералік арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" на падставе рашэнняў МУС дадалі тэлеграм-канал "Инсайдер" і праект "Рудабельская паказуха".

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, рашэнне наконт прызнання праекта "Рудабельская паказуха" прынятае МУС праз "публічныя заклікі да санкцый, дыскрэдытацыю і абразу службовых асоб, арганізацыю дзейнасці па падрыхтоўцы здзяйснення замахаў на суверэнітэт і грамадскую бяспеку Рэспублікі Беларусь". Прызнанне праекта экстрэмісцкім фармаваннем абмяжоўвае людзей, якія могуць перадаваць яму звесткі, бо яны могуць быць прызнаны ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання і прыцягнуты да адказнасці паводле арт. 361-1 КК Беларусі (да 7 гадоў пазбаўлення волі). 

Напрыклад, журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса асудзілі да чатырох гадоў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК). Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але, згодна з праўладнымі СМІ, Яўген адпраўляў тэлеграм-каналам звесткі аб перасоўванні вайсковай тэхнікі і працаваў для тэлеканала Белсат, які ўлады прызналі экстрэмісцкім. 

Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс "асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці" — і дадаў туды яшчэ сем чалавек. Сярод іх Валерый Цапкала, маці з дачкой Іна і Валерыя Глінскія, фельчар Артур Хлус, арганізатар аэраздымак Глеб Гладкоўскі, супрацоўнік банка Васіль Ермакоў, Сяргей Ботвіч, Аляксандр Пасцярняк. На канец траўня ў гэтым спісе налічваўся 1 051 чалавек, з іх 308 — беларусы.

Парушэнне правоў журналістаў, супрацоўнікаў СМІ і блогераў

На канец траўня ў месцах пазбаўлення свабоды ўтрымліваюцца 33 журналісты і супрацоўнікі СМІ. Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае адсочваць пераслед незалежных медыя, журналістаў і блогераў.

На пачатку траўня распачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Філіпчыка, адміністратара тэлеграм-чата "Па-беларуску". Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў мірных сходах 2020 года (ч. 1 арт. 342 КК).

Вынесены прысуды па справе ў дачыненні да каманды апазіцыйнага медыя Nexta, якое складаецца з сеткі тэлеграм-каналаў. Згодна з дзяржаўнымі медыя, абвінавачаным інкрымінавалася здзяйсненне не менш за 1 586 эпізодаў злачынстваў і выстаўлены пазоў аб кампенсацыі маёмаснай шкоды на агульную суму больш як 30 мільёнаў рублёў (каля 1 189 000 даляраў). Абвінавачаным прысудзілі ад 8 да 20 гадоў зняволення. У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка прысуд быў вынесены завочна.

Прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі недзяржаўнае медыя MOST (mostmedia.io) і YouТube-праект культурнага дзеяча Андрэя Павука "Рудабельская паказуха".

Аляксандр Гурнік, аўтар блога ў TikTok "Беларусь у акне", у якім ён публікаваў гумарыстычныя каментары пра беларускія навіны, асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у мірных сходах 2020 года (арт. 342 КК), заклікі да санкцый у дачыненні да Беларусі (арт. 361 КК) і абразу Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК).

Яўген Меркіс, журналіст-фрылансер і краязнаўца, які асвятляў мірныя сходы 2020 года, асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Вядома толькі, што яму выставілі абвінавачванні ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ва ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 КК), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 КК).

Парушэнне свабоды асацыяцый 

Працягваецца працэс скарачэння колькасці недзяржаўных арганізацый. Згодна са звесткамі Lawtrend, на 31 сакавіка 2023 года, паводле маніторынгу ліквідаваных НКА, "не менш за 809 некамерцыйных арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, уключаючы пададзеныя пазоўныя заявы аб прымусовай ліквідацыі ў суд, або прымусова выключаны з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР). Колькасць арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самастойнай ліквідацыі, складае на канец сакавіка 440 арганізацый. Такім чынам, страты ў грамадскім сектары Беларусі, пачынаючы з поствыбарнага перыяду 2020 года, складаюць ужо не менш за 1 249 інстытуалізаваных формаў некамерцыйных арганізацый (грамадскіх аб'яднанняў, прафесійных саюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў і асацыяцый)".

Распачаўся судовы працэс па ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Мотаклуб НАСАРОГ": меркавана, ліквідацыя можа быць злучана з адмовай грамадскага аб'яднання падтрымліваць праўладныя мотапрабегі.

Стала таксама вядома пра пачатак працэсу ліквідацыі Раённага грамадскага аб'яднання "Ашмянская цыганская супольнасць". Аднак пакуль невядома, з чым звязаны пачатак ліквідацыі. У Ашмянскім раёне жыве больш за 200 прадстаўнікоў рома. Дыскрымінацыя рома ў Беларусі дагэтуль з'яўляецца распаўсюджанай з'явай як на дзяржаўным узроўні, гэтак і на побытавым.

Шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, злучаных з Праваабарончым цэнтрам "Вясна", быў прызнаны экстрэмісцкімі. У чарговы раз дэ-факта ўлады Беларусі спрабуюць перашкодзіць праваабаронцам распаўсюджваць інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне.

Катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання і пакаранні

Права не зазнаваць катаванні і іншыя жорсткія, бесчалавечныя ці зневажальныя годнасць віды абыходжання сістэматычна парушаецца падчас затрымання, адбывання адміністрацыйнага арышту, утрымання пад вартай, у месцах абмежавання ці пазбаўлення волі.

7 траўня 2023 года праваабаронцам стала вядома пра тое, што супрацоўнікі жаночай калоніі № 24 у Зарэччы ўжывалі супраць Вікторыі Кульшы псіхалагічны і фізічны гвалт. Паведамляецца, што адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Апроч гэтага, яе часта абражалі і зневажалі перад іншымі наглядчыкамі. Вікторыя некалькі разоў трымала ў калоніі галадоўкі на знак пратэсту супраць жудасных умоваў. Праз гэтага ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.

24 траўня 2023 года ў афіцыйным акаўнце юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў Instagram апублікаваны відэаматэрыял публічнага выбачэння ("пакаяльнае" відэа) студэнта юрыдычнага факультэта, які "прызнаецца" ў распаўсюдзе "звестак, якія дыскрэдытуюць адміністрацыю юрыдычнага факультэта, а таксама звестак, што ганяць БРСМ юрыдычнага факультэта". У канцы відэа хлопец прамаўляе: "У здзейсненым віну прызнаю цалкам, каюся".

Гэта першы выпадак стварэння і распаўсюду "пакаяльнага" відэа, якое парушае права на свабоду ад зневажальнага годнасць абыходжання, на тэрыторыі вышэйшай навучальнай установы.

У дакладзе A/HRC/50/58 ад 4 траўня 2022 года Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі заклікаў неадкладна пакласці канец гэтай згубнай практыцы (гаворка пра запіс на камеру вымушаных публічных выбачэнняў), якая можа ўяўляць сабою парушэнне права на свабоду ад зневажальнага годнасць абыходжання, гарантаванага артыкулам 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

31 траўня 2023 года праваабаронцы выказалі асаблівую занепакоенасць з нагоды распаўсюду юрыдычным факультэтам БДУ "пакаяльнага" відэа.

Аб'яднанне Беларускіх Студэнтаў, БНМС "РАДА" і Грамадскі Балонскі Камітэт таксама рашуча асудзілі інцыдэнт на юрыдычным факультэце БДУ, дзе студэнта прымусілі зняцца ў "пакаяльным" відэа: яно яўляе сабой не толькі парушэнне правоў і свабод студэнтаў, але і грубае парушэнне акадэмічных свабод.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2023