05.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, грамадства, рэпрэсіі, дыфамацыя Вядома, што 25 траўня 2023 году ў судзе Слоніму і Слонімскага раёну 40-гадовага Аляксандра Лагуту асудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ — "хіміі" — паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэсу (паклёп на Лукашэнку). Бок дзяржабвінавачання прасіла асудзіць яго да трох гадоў "хіміі".
Прысуд агучыў суддзя Аляксандр Ярмолік. Лагута знаходзіўся пад вартай з 9 снежня 2022 году да 22 сакавіка 2023 году. Да суду яго вызвалілі пад заклад.
Падчас пасяджэння яго вінавацілі ў тым, што з 22 жніўня па 4 верасеня 2020 году ён апублікаваў тры каметары ў тэлеграм-чаце “Слоним для жизни”, які абвінавачанне палічыла "загадзя ілжывай інфармацыяй”, якая "зневажае гонар і годнасць Лукашэнкі". Таксама яно было ўпэўненае, што знявагі ўтрымлівалі абвінавачанні ў "здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў". Па кожным з каментароў бок абвінавачання прасіў падрабязнае тлумачэнне і матывацыю. Пракурор быў упэўнены, што ў тых, хто прачытаў каментары мужчыны, можа скласціця негатыўнае ўяўленне пра Лукашэнку.
Сярод каментароў абвінавачанне зачытала, як Аляксандр пісаў, што адзіны спосаб скінуць "главаря ОПГ Лукашенко" — агульнанацыянальны страйк. Мужчыну прымусілі тлумачыць, што ён мае на ўвазе пад "ОПГ" і каго лічыць "главаром ОПГ". Аляксандр патлумачыў, што на момант напісання каментароў лічыў, што выбары былі праведзеныя несумленна — таму да групіроўкі ён адносіў тых людзей, што мелі дачыненне да фальсіфікацый.
Таксама Аляксандр пісаў, што ў краіне не працуюць законы, і ўсё залежыць ад "бандыта Лукашэнкі": "Если он захочет, он отожмет у кого-нибудь бизнес, захочет — калечит или просто убьет, захочет — уволит, захочет — ограбит, захочет — посадит по сшитому белыми нитками... Кроме того, он украл у народа право выбирать”. На пытанне, на чым грунтавалася абвінавачанне, мужчына сказаў, што гэта было ягонае меркаванне.
Таксама Аляксандр у адным з каментароў узгадваў "шклоўскага бандыта". У ім абвінавачанне ўбачыла загадзя ілжывыя сведчанні, якія парочаць Лукашэнку, утрымліваюць ягоную негатыўную ацэнку, абвінавачанні ў крымінальных злачынствах, у тым ліку, стварэнні банды і забойства.
Аляксандр Лагута прызнаў віну і раскаяўся. Ён не адмаўляў, што каметары пакідаў ён. Сказаў, што знаходзіўся пад уплывам інфармацыі ў інтэрнэт-крыніцах і не цалкам усведамляў наступствы. Таксама ён адзначыў, што яму патрэбнае ўзнаўленне пасля аперацыі.
Крыніца: Праграміста Аляксандра Лагуту асудзілі да двух з паловай гадоў "хіміі" за "паклёп" на Лукашэнку