06.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Мінскім гарадскім судзе 10 красавіка распачаўся суд над палітзняволенай Янай Пінчук, якую ў жніўні 2022-га этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Справу разглядалі два месяцы ў закрытым рэжыме. Дзяўчыну абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — у "стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй". Суддзя Таццяна Фалькоўская 6 чэрвеня прызначыла палітзняволенай 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Яна Пінчук падчас суда па выдачы з Расіі ў Беларусь
Яна Пінчук падчас суда па выдачы з Расіі ў Беларусь

25-гадовую Яну затрымалі ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года ў сувязі з абвяшчэннем у вышук у Беларусі па падазрэнні ў адміністраванні пратэстнага тэлеграм-канала "Віцебск 97%". Паводле следства, у тэлеграм-канале Яна пад нікам "Прынцэса Лея" размяшчала паведамленні з "негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады". Акрамя таго, нібыта публікавала "заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам" і "экстрэмісцкія матэрыялы".

Доўгі час яе ўтрымлівалі пад вартай у Расіі, дзе праходзіла некалькі судоў па выдачы Яны ў Беларусь. 9 жніўня Пінчук экстрадавалі з РФ, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці);
  • ч. 3 арт. 361 (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі);
  • ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання);
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках);
  • ч.1 арт. 290-4 (дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі).

Суддзя Таццяна Фалькоўская 6 чэрвеня асудзіла Яну да 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. 

Падтрымайце Яну грашовымі пераводамі, пасылкамі, тэлеграмамі і лістамі салідарнасці:

СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2

Яна Вітальеўна Пінчук

Крыніца: Палітзняволеную Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расіі, асудзілі да 12 гадоў калоніі