Сцяпан Святлоў – 19-гадовы блогер з Менску, аўтар аднаго з самых папулярных блогаў на YouTube Nexta, прысвечанага грамадска-палітычнаму жыццю ў Беларусі. Увечары 22 лютага ў кватэры ягоных бацькоў адбыўся ператрус.
Цяпер Сцяпан знаходзіцца ў Польшчы, там ён навучаецца ва ўніверсітэце. У менскай жа кватэры падчас ператрусу знаходзілася толькі яго маці Святлана, паведамляе belsat.eu.
«Увечары да маці прыйшлі двое – адзін у форме Следчага камітэту, другі ў цывільнай вопратцы. Імёнаў сваіх не назвалі, пасведчанняў не паказвалі. Яны паказалі толькі ордэр на вобшук і сказалі, што нейкая грамадзянка паскардзілася на зняважлівыя выказванні на адрас прэзідэнта, якія нібыта гучаць на маім канале», – распавядае Сцяпан.
Паводле слоў блогера, праваахоўнікі сканфіскавалі ноўтбук і маленькую відэакамеру, склалі пратакол вобшуку. Пры гэтым яны не далі маці Сцяпана ніякіх копіяў дакументаў і не паведамілі, у якім працэсуальным статусе на дадзены момант знаходзіцца Сцяпан. Такім чынам, пакуль невядома, ці распачатая ў дачыненні да яго крымінальная справа паводле дыфамацыйнага артыкулу 368 КК Беларусі – «абраза прэзідэнта».
Актыўна весці свой YouTube-канал Сцяпан Святлоў (Святлоў – псеўданім) пачаў у красавіку 2017 года – тады ў Беларусі яшчэ не спала інфармацыйная хваля «недармаедскіх пратэстаў». Хлопец пачаў ствараць перш за ўсё інфармацыйныя ролікі ў рубрыцы «Ну і навіны!». Галоўнымі тэмамі сталі Дэкрэт №3, міліцэйскі гвалт, злоўжыванне ўладай. Амаль у кожным відэа гучыць крытыка ў бок Лукашэнкі. Пры стварэнні ролікаў Сцяпан часта выкарыстоўваў відэа незалежных СМІ, асабліва «Белсату», з якім супрацоўнічае.
«Я не разумею, дзе яны знайшлі абразу? Іншыя блогеры часам выказваюцца больш востра. Да таго ж, я ніколі не займаўся палітычнай дзейнасцю, ні быў актывістам, не падпадаў пад адміністратыўны пераслед. Думаю, такі ціск звязаны з хуткім ростам падпісантаў на канале», – здзіўляецца хлопец.
Сапраўды, колькасць падпісантаў NEXTA ужо перавысіла 100 тысяч чалавек – неблагая лічба для беларускай інтэрнет-прасторы. На думку Сцяпана, улады маглі «зачапіцца» за адно з апошніх відэа – там гаворка ідзе пра «справу, якую раскрыў асабіста Лукашэнка».
«Нядаўна я прабыў у Менску амаль два тыдні і ніхто з сілавікоў ці следчых да мяне не звяртаўся, далі выехаць з краіны. Таксама цікава, што за грамадзянка паскардзілася на мой канал? Можа сумнавядомая фрау А.?», – кажа Сцяпан.
На пытанне, чаму ён увогуле вырашыў весці палітычны блог, хлопец адказвае:
«Бо гэта запатрабавана, бо ў людзей у Беларусі робіцца ўсё менш крыніцаў інфармацыі: заблакавалі Хартыю, націснулі на Беларускі Партызан».
Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэту Юлія Ганчарова папрасіла пачакаць на інфармацыю і каментар да панядзелку.
Каго і за што раней вінавацілі ў «абразе прэзідэнта»?
У беларускім заканадаўстве існуюць гэтак званыя дыфамацыйныя артыкулы: арт.367 «Паклёп на прэзідэнта» прадугледжвае пакаранне ў выглядзе штрафу або папраўчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў. За «абразу прэзідэнта» (арт. 368) максімальная санкцыя ўяўляе сабой 3 гады турмы.
Неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў 2001 года за паклёп на Лукашэнку былі асуджаныя галоўны рэдактар гарадзенскай газеты «Пагоня» Мікола Маркевіч і журналіст Павел Мажэйка. Маркевічу далі 2 з паловай гады «хіміі», пасля замяніўшы вырак на папраўчыя працы па месцы жыхарства. У журналістыку ён не вярнуўся. Мажэйка ж атрымаў 2 гады хіміі і ў 2003 годзе выйшаў па ўмоўна-датэрміновым.
У тым жа годзе справу за паклёп завялі на палітычнага дзеяча і галоўрэда газеты «Рабочы» Віктара Івашкевіча. З двух прызначаных судом гадоў «хіміі» ён адбыў палову і быў амніставаны.
Грамадскі актывіст Валер Леванеўскі, які крытыкаваў сацыяльную палітыку Лукашэнкі і збіраў мітынгі прадпрымальнікаў у Горадні, адбыў свае 2 гады зняволення па 368-м артыкуле без права на амністыю. За гэты час ён пабываў у пяці турмах, у тым ліку на Валадарцы.
У 2005 годзе стваральніку сатырычнага праекту «Мультклуб» Алегу Мінічу ўдалося пазбегнуць арышту праз вялікі рэзананс у прэсе. Яму інкрымінавалі «абразу», бо ў мультфільмах прысутнічалі персанажы Лукашэнкі і чыноўнікаў.
Журналіст «Газеты Выборчай» Андрэй Пачобут быў асуджаны па 368-м артыкуле двойчы: пасля выбараў у 2011-м годзе і ўлетку 2012-га. Ён шмат пісаў пра працэс над Кавалёвым і Канавалавым, якіх пазней прызналі вінаватымі ў здзяйсненні тэракту і расстралялі, а таксама пра «маўклівыя акцыі» і стасункі Лукашэнкі з Захадам.
Раней у Беларусі ў дачыненні да блогераў не распачыналі справаў за паклёп ці абразу прэзідэнта. Самы вядомы выпадак, калі блогер апынуўся за кратамі – гэта гісторыя Эдуарда Пальчыса. Стваральніка блогу «1863х» асудзілі за распальванне нацыянальнай варажнечы і распаўсюд парнаграфіі і пакаралі 1 годам і 9 месяцамі «хатняй хіміі».
Крыніца: Крымінальная справа за «абразу прэзідэнта». Пачаўся ціск на папулярнага блогера