12.06.2023 Тэгі: палітвязні, праваабаронцы, заявы, салідарнасць Улады Беларусі павінны неадкладна спыніць практыку жорсткага абыходжання з Марыяй Калеснікавай і ўсімі іншымі палітычнымі зняволенымі, заявілі 24 міжнародныя і беларускія праваабарончыя арганізацыі. Нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, Калеснікаву ўтрымліваюць у адзіночнай камеры і не аказваюць ёй належнай медыцынскай дапамогі. Ёй таксама не дазваляюць атрымліваць перадачы з неабходнымі прадуктамі і медыкаментамі.
У Калеснікавай не было ніякіх кантактаў ні з сям'ёй, ні з адвакатам ужо амаль чатыры месяцы. Вартыя даверу паведамленні пра тое, што ў калоніі яна падвяргаецца жорсткаму абыходжанню, а стан яе здароўя пагоршыўся, выклікаюць глыбокую заклапочанасць.
Знакавая фігура апазіцыі, музыка па асноўнай прафесіі, Калеснікава стала адным з сімвалаў мірнага пратэстнага руху за правы чалавека ў Беларусі. Яна знаходзіцца ў зняволенні з верасня 2020 года, пасля няўдалай спробы ўладаў сілай вытурыць яе з краіны ў адплату за яе палітычную актыўнасць і ўдзел у Каардынацыйнай радзе апазіцыі.
Паводле надуманых абвінавачванняў у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім", "змове з мэтай захопу ўлады", "закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы" яе асудзілі 6 верасня 2021 года да 11 гадоў пазбаўлення волі. Калеснікава адбывае пакаранне ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі.
"Уначы 28 лістапада 2022 года Калеснікаву шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне Гомельскай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, дзе ёй зрабілі аперацыю ў сувязі з прабадзеннем язвы. Непасрэдна перад шпіталізацыяй Калеснікава, нягледзячы на сур'ёзныя праблемы са здароўем, больш за 10 дзён утрымлівалася ў штрафным ізалятары — адзіночнай неацяпляемай камеры. Там было немагчыма спаць з-за холаду, яна ўвесь час хадзіла, каб сагрэцца", — гаворыцца ў заяве.
Хоць падчас знаходжання ў адзіночнай камеры Калеснікава неаднаразова губляла прытомнасць і пакутавала ад гіпертаніі і прыступаў млоснасці, улады адмаўляліся пераводзіць яе ў бальніцу да таго часу, пакуль яе стан не стаў крытычным.
Адміністрацыя папраўчай калоніі не паведаміла ні яе адвакату, ні яе сям'і пра тое, што Калеснікава была шпіталізаваная і перанесла аперацыю, хоць яна шмат разоў прасіла персанал бальніцы звязацца з яе сям'ёй.
У Гомельскай бальніцы хуткай дапамогі Калеснікава правяла каля тыдня, пасля чаго яе этапавалі ў медсанчастку калоніі. Падрабязнасці пра стан здароўя Калеснікавай і пра абыходжанне з ёй у штрафным ізалятары сталі вядомыя толькі 5 снежня, калі бацьку дазволілі спатканне з ёй.
Адміністрацыя калоніі 10 студзеня прымусіла Калеснікаву вярнуцца да працы на швейнай вытворчасці. Сям'я была занепакоеная ў сувязі з тым, што Калеснікава была яшчэ занадта слабая пасля аперацыі, каб вяртацца ў цэх.
З сярэдзіны лютага Калеснікавай адмаўляюць у любых кантактах з сям'ёй, уключаючы званкі, лісты і спатканні. Адвакат, нягледзячы на неаднаразовыя спробы, з 7 лютага не можа атрымаць да яе доступ.
У канцы сакавіка Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведаміў, што Калеснікаву змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — дысцыплінарнае пакаранне, якое прадугледжвае строгі рэжым ізаляцыі, — за нібыта парушэнне правілаў унутранага распарадку.
З кастрычніка 2020 года па снежань 2022 года беларускія ўлады пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі трох адвакатаў Калеснікавай: Аляксандра Пыльчанка, Людмілу Казак і Уладзіміра Пыльчанка. Палітычна матываванае пазбаўленне права займацца адвакацкай дзейнасцю ў дачыненні да абаронцаў палітвязняў — гэта распаўсюджаная рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі.
У траўні праваабарончым арганізацыям стала вядома, што Калеснікава не аднавілася пасля аперацыі і яе стан у турме значна пагоршыўся. Паводле вартых даверу паведамленняў, яна была не ў сілах выконваць абавязковую працу ў калоніі і некалькі разоў губляла прытомнасць.
Занепакоеныя пагаршэннем стану Калеснікавай, сваякі пракансультавалася з лекарам, высветліўшы патрэбы ў пасляаперацыйнай рэабілітацыі. Хоць лекар не мог асабіста агледзець Калеснікаву, ён рэкамендаваў медычнае назіранне і спецыяльную дыету на працягу яшчэ некалькіх месяцаў пасля аперацыі, каб пазбегнуць рэцыдыву з патэнцыйна значна больш сур'ёзнымі наступствамі для здароўя.
Ізаляцыя палітвязняў і жорсткае абыходжанне з імі – шырока распаўсюджаная рэпрэсіўная тактыка ў Беларусі. У апошнія месяцы ўлады перашкаджалі зносінам з адвакатамі і сваякамі і іншым вядомым палітычным зняволеным, уключаючы Максіма Знака, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка.
Улады Беларусі павінны даць інфармацыю аб стане здароўя Калеснікавай, тэрмінова забяспечыць ёй доступ да лекараў па яе выбары, вярнуць ёй сувязь з сям'ёй і забяспечыць доступ да адваката, заявілі праваабарончыя групы. Неабходна спыніць палітычна матываваны крымінальны пераслед і вызваліць усіх тых, хто пазбаўлены волі выключна за рэалізацыю сваіх асноўных свабод.
Падпісанты:
Amnesty International;
ARTICLE 19;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскага;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі Хельсінкскі камітэт;
Campax;
Freedom House;
Helsinki Foundation for Human Rights;
Human Constanta;
Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
Human Rights Watch;
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH);
Міжнароднае партнёрства па правах чалавека (IPHR);
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва – Беларусь;
Libereco – Partnership for Human Rights;
Нідэрландскі Хельсінкскі камітэт;
Нарвежскі Хельсінкскі камітэт;
Офіс па правахлюдзейзінваліднасцю;
PEN America;
Беларускi ПЭН;
People in Need;
Politzek.me;
Усясветная арганізацыя супраць катаванняў.
Крыніца: Беларусь: спыніць жорсткае абыходжанне з Марыяй Калеснікавай