09.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні У Гродзенскім абласным судзе 9 чэрвеня абвінавачанне запрасіла для былога актывіста першаснай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза на ААТ "Гродна Азот" Максіма Сеніка пазбаўленне волі. Былога электраманцёра аднаго з цэхаў прадпрыемства абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: абраза Аляксандра Лукашэнкі (ч.1 арт. 368), садзенічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт. 361-4 і ч.1 арт. 361-2).
Судовы працэс пачаўся 5 чэрвеня, яго вядзе суддзя Мікалай Рачынскі.
Палітвязень Максім Сенік — сябра незалежнага прафсаюза "Гродна Азот", быў затрыманы ў Гродне 10 студзеня за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе і за рэпосты ў сацыяльных сетках. Утрымліваўся да суда ў СІЗА гродзенскай турмы.
Відэа з затрыманым паказалі ў Telegram-канале ATN_NEWS:
"Прытрымліваўся апазіцыйных поглядаў і ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Таксама з'яўляўся сябрам незалежнага прафсаюза ААТ“Гродна Азот". Паддаўшыся ўплыву лідара страйкама "Гродна Азот" Юрыя Рававога, скідваў інфармацыю, якую ён размяшчаў у замежных СМІ", — паведаміў мужчына.
Таксама ён нібыта "абражаў прэзідэнта" ў Telegram-каналах, работнікаў органаў улады, міліцыянтаў і перадаваў пры гэтым інфармацыю тэлеканалу “Белсат".
Сёння абвінавачанне запытала для Максіма Сеніка пазбаўленне волі тэрмінам на чатыры з паловай гады, паведамляе "Салідарнасць".
Чакаецца, што прысуд быдзе абвешчаны напачатку наступнага тыдня.