16.06.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Школа маладых менеджараў Sympa прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 12 чэрвеня. Як паведамляе ведамства, «удзельнікі ініцыятывы "SYMPA" распаўсюджваюць заведама ілжывыя звесткі аб праблемных аспектах у сістэме дзяржаўнага кіравання. Ініцыятыва рэалізуецца пры донарстве Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве "SIDA".

Як паведамляецца на сайце Sympa, місія праекта — прасоўванне рэформы сістэмы публічнага адміністравання ў Беларусі ў адпаведнасці з сучаснымі прынцыпамі і практыкамі. Праект аб'ядноўвае людзей, якія жадаюць палепшыць якасць кіравання ў нашай краіне і даследуюць гэтую праблематыку.

YouTube-канал "Палескай Вясны" уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Рашэннем суда Ленінскага раёна горада Брэста ад 12 чэрвеня 2023 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаны відэакантэнт, размешчаны на YouTube-канале "Палеская Вясна".

Раней МУС унёс у “экстрэмісцкі спіс” акаўнты “Палескай вясны” ў сацыяльных сетках.

Старонка ў "Аднакласніках" -  "Наталья Качанова" прызнаная экстрэмісцкай

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Барысаўскага раёну 12 чэрвеня. Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

Telegram-каналы, чаты і боты «ДНСбот», «Цэнтр Беларускай Салiдарнасцi», «ДВОР Горецкого 37-39-41-35-31-29», BEL | «Лятучыя навiны»;

Старонкі ў «Аднакласніках» «Беларусь: падзеi», «Валерий Цепкало», «BELARUS LITVIN», «Вясна праваабарончая», «БЕСПРЕДЕЛ ДОБРУШСКИЙ РАЙОН»;

Instagram-старонкі «belaruscanada», «nadzeya.cо.uк»;YouTube-канал «Палеская Вясна»;

Старонкі ва «Укантакце» «Вiцебская Вясна», «Онлайн-платформа голос»;

Facebook-старонкі «Быхов мой родной город!», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ !!!», «Полк Калiноўскага».

Затрыманне ў мінскім аэрапорце

У Мінскім аэрапорце 14 чэрвеня быў затрыманы Валерый Перыявец. Жыхар сталіцы вяртаўся дамоў з Турцыі.

Прычынай затрымання стала праверка тэлефона, у якім знайшлі фотаздымак з мінскага марша пратэсту ў жніўні 2020 года.

Спявачку Патрыцыю Свіціну будуць судзіць па крымінальнай справе

«Пакаяльнае відэа» з дзяўчынай, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі, з'явілася 18 траўня. На ім дзяўчына расказвала, што з'яўлялася лаўрэатам стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2020 годзе яна, паводле ўласных слоў, «удзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».

Таксама яна казала, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».

Па інфармацыі праваабаронцаў, Патрыцыю перавялі ў Жодзіна, папярэдне, ёй інкрымінаваны «народны» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Падтрымайце Патрыцыю: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Свіцінай Патрыцыі Валер'еўне

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: "Экстрэмісцкия" фармаванні і новыя крымінальныя справы: хроніка пераследу 15-16 чэрвеня