19.06.2023 Тэгі: заявы Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
19 чэрвеня 2023 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці, з глыбокай занепакоенасцю адзначаем, што пераслед у рамках адміністрацыйнага працэсу ўжываецца ўладамі для падаўлення свабоды выказвання меркаванняў, уключаючы свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі на свой выбар.
Некаторых затрыманых па адміністрацыйных справах неаднаразова паўторна асуджаюць да адміністрацыйных арыштаў, такім чынам іх знаходжанне ва ўмовах пазбаўлення волі па працягласці супааўнальна з крымінальным пакараннем.
Нагадваем, што згодна з п. 3.1 Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", зацверджанага беларускай праваабарончай супольнасцю на III Праваабарончым форуме, пазбаўленне волі (у тым ліку і адміністрацыйны арышт) у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленне свабод, гарантаваных міжнароднымі нормамі права ў галіне правоў чалавека, з'яўляецца падставай для прызнання такой асобы палітычным зняволеным з патрабаваннем неадкладнага вызвалення.
Гэтыя крытэрыі ў поўнай меры датычацца ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за ажыццяўленне сваіх грамадзянскіх правоў і свабод. Адпаведна, усе падвергнутыя адміністрацыйным арыштам за рэалізацыю сваіх правоў і свабод, якія прызнаюцца міжнароднай супольнасцю, з'яўляюцца палітвязнямі на перыяд іх ізаляцыі. Асобныя заявы аб прызнанні некаторых з іх палітвязнямі закліканы звярнуць асаблівую ўвагу на канкрэтныя выпадкі найбольш жорсткага пакарання за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.
Так, Уладзімір Казека затрыманы 9 траўня 2023 года і неаднаразова пакараны адміністрацыйным арыштам на падставе арт. 19.11 КаАП за распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў, адвольна прызнаных экстрэмісцкімі, працягвае бесперапынна ўтрымлівацца ў ізалятары.
Практыка асуджэння адразу на некалькі адміністрацыйных арыштаў запар і раней выкарыстоўвалася беларускімі ўладамі ў мэтах палітычна матываванага ціску.
Мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, выказваем свой пратэст з нагоды палітычнага пераследу і арышту Уладзіміра Казекі і патрабуем:
- адмены вынесеных у дачыненні да палітвязня судовых пастаноў і яго неадкладнага вызвалення;
- спынення рэпрэсій у дачыненні да іншадумцаў і ўдзельнікаў мірных сходаў; вызвалення ўсіх адміністрацыйна арыштаваных за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў і свабод;
- неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення палітычных рэпрэсій супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Крыніца: Заява праваабаронцаў Беларусі аб прызнанні палітвязнем Уладзіміра Казекі