20.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Юрый Царэвіч. У судзе Лідскага раёна першага чэрвеня вынесены прысуд 53-гадоваму Юрыю Царэвічу, абвінавачанаму ў паклёпе ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі паводле ч. 2 арт. 367 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Мішуроў.

Юрый Царэвіч да сыходу на пенсію працаваў у Лідскім аддзеле аховы супрацоўнікам міліцыі. Быў вымушаны звольніцца з аховы пасля таго, як з’явілася інфармацыя аб тым, што пачалося следства над ім. Юрыя арыштавалі на працы, ён ужо на той момант працаваў ахоўнікам у краме Еўраопт.

Вядома яшчэ, што Юрый - выдатны спартсмен, майстар спорту па стральбе, мае траіх дзяцей.

Па матэрыялах абвінавачання, Царэвіч на асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі", выказваючы негатыўнае стаўленне да перадвыбарнай кампаніі і да вынікаў выбараў Прэзідэнта, размясціў рэпост, якія змяшчае інфармацыю з паклёпам у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі, злучаным з абвінавачваннем у здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў. Затым гэтую інфармацыю змясціў таксама ў месэнджары “Telegram”, у каналах “Крыніца-Chat” і "Іхтыяндры Гродна".

Раней Царэвіча судзілі па адміністрацыйным артыкуле ч.2 ст.19.11 КоАП за распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў.

Суд прызначыў Царэвічу пакаранне ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Меру стрымання суд змяніў з заключэння пад варту на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Крыніца: Былога супрацоўніка міліцыі асудзілі да трох гадоў "хіміі" за паклёп на Лукашэнку