16.06.2023 Тэгі: пераслед, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 15-16 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Школа маладых менеджараў Sympa прызнаная "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 12 чэрвеня. Як паведамляе ведамства, «удзельнікі ініцыятывы "SYMPA" распаўсюджваюць заведама ілжывыя звесткі аб праблемных аспектах у сістэме дзяржаўнага кіравання. Ініцыятыва рэалізуецца пры донарстве Шведскага агенцтва па міжнародным развіцці і супрацоўніцтве "SIDA".

Як паведамляецца на сайце Sympa, місія праекта — прасоўванне рэформы сістэмы публічнага адміністравання ў Беларусі ў адпаведнасці з сучаснымі прынцыпамі і практыкамі. Праект аб'ядноўвае людзей, якія жадаюць палепшыць якасць кіравання ў нашай краіне і даследуюць гэтую праблематыку.

YouTube-канал "Палескай Вясны" уключаны ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў

Рашэннем суда Ленінскага раёна горада Брэста ад 12 чэрвеня 2023 года ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў уключаны відэакантэнт, размешчаны на YouTube-канале "Палеская Вясна".

Раней МУС унёс у “экстрэмісцкі спіс” акаўнты “Палескай вясны” ў сацыяльных сетках.

Старонка ў "Аднакласніках" -  "Наталья Качанова" прызнаная экстрэмісцкай

Адпаведнае рашэнне прынятае судом Барысаўскага раёну 12 чэрвеня. Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі:

Telegram-каналы, чаты і боты «ДНСбот», «Цэнтр Беларускай Салiдарнасцi», «ДВОР Горецкого 37-39-41-35-31-29», BEL | «Лятучыя навiны»;

Старонкі ў «Аднакласніках» «Беларусь: падзеi», «Валерий Цепкало», «BELARUS LITVIN», «Вясна праваабарончая», «БЕСПРЕДЕЛ ДОБРУШСКИЙ РАЙОН»;

Instagram-старонкі «belaruscanada», «nadzeya.cо.uк»;YouTube-канал «Палеская Вясна»;

Старонкі ва «Укантакце» «Вiцебская Вясна», «Онлайн-платформа голос»;

Facebook-старонкі «Быхов мой родной город!», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ !!!», «Полк Калiноўскага».

Затрыманне ў мінскім аэрапорце

У Мінскім аэрапорце 14 чэрвеня быў затрыманы Валерый Перыявец. Жыхар сталіцы вяртаўся дамоў з Турцыі.

Прычынай затрымання стала праверка тэлефона, у якім знайшлі фотаздымак з мінскага марша пратэсту ў жніўні 2020 года.

Спявачку Патрыцыю Свіціну будуць судзіць па крымінальнай справе

«Пакаяльнае відэа» з дзяўчынай, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі, з'явілася 18 траўня. На ім дзяўчына расказвала, што з'яўлялася лаўрэатам стыпендыі па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2020 годзе яна, паводле ўласных слоў, «удзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».

Таксама яна казала, што публікавала ў сацсетках «негатыўныя паведамленні» пра сілавікоў, аб «спецаперацыі, якая праводзіцца на тэрыторыі Украіны» і «распальвала варожасць і нянавісць паміж славянскімі народамі».

Па інфармацыі праваабаронцаў, Патрыцыю перавялі ў Жодзіна, папярэдне, ёй інкрымінаваны «народны» арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Падтрымайце Патрыцыю: Следчая турма № 8, 222163, Жодзіна, Савецкая, 22А, Свіцінай Патрыцыі Валер'еўне.

Затрыманы вядомы магілёўскі бард Аляксандр Баль

Пра гэта паведамляе @MAYDAYMog.

Вядома, што музыку арыштавалі 15 чэрвеня. Падрабязнасцяў не паведамляецца, у тым ліку і прычыны затрымання.

Аляксандр Баль — бард з вялікай колькасцю прэмій, былы супрацоўнік магілёўскага драматычнага тэатра, з якога яго звольнілі пасля падзеяў 2020 года. У тым жа годзе пасля масавых рэпрэсій з боку сілавікоў музыка напісаў песню «На радзіме маёй бяда».

Пазней стала вядома, што суд Гарадоцкага раёна пастанавіў арыштаваць музыку на 15 сутак паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).

Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта pressball.bу

Пра гэта ведамства паведаміла ў сваім тэлеграм-канале.

Таксама Міністэрства інфармацыі анулявала пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі газеты «Народная воля».

Інфармацыя дапаўняецца.

Крыніца: "Экстрэмісцкія" фармаванні і новыя крымінальныя справы: хроніка пераследу 15-16 чэрвеня Дапоўнена