22.06.2023 Тэгі: ціск, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкімі фармаваннямі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 22 чэрвеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Палітзняволенага Паўла Севярынца пераводзяць на турэмны рэжым

Павел Севярынец на судзе 25 траўня. Фота: Belapan

Палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і пісьменнік больш за тры гады ўтрымліваецца ў зняволенні.

У траўні 2021 яму і яшчэ шасці палітвязням прысудзілі ад чатырох да сямі гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

У красавіку адміністарцыя папраўчай калоніі № 17 прызнала Паўла «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем.

Учора, 21 чэрвеня, у Шклове адбыўся суд па замене Севярынцу рэжыму ўтрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады. Хутка яго этапуюць з калоніі.

Праваабаронцам паведамляюць пра ўзмоцненыя праверкі на беларуска-расійскай мяжы

Людзі, якія праходзілі мяжу, распавядаюць, што пасля праверкі пашпартоў некаторым кажуць чакаць супрацоўніка КДБ, бо чалавек знаходзіцца ў «базе экстрэмістаў». Адзначым, што ў гэтай базе знаходзяцца і тыя, хто трапляў пад цікавасць сілавікоў да 2020-га году.

Падчас размовы супрацоўнік КДБ патрабуе тэлефоны людзей, глядзіць сацсеткі, запытваецца, дзе людзі атрымліваюць інфармацыю і на якія каналы падпісаныя.

У Мастах затрыманы Іван Падліпенцаў

На «пакаяльным відэа» мужчына кажа, што быў затрыманы за «нядобразычлівыя каментары ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў міліцыі ў Youtube і Telegram». Па версіі сілавікоў, ён таксама прайшоў рэгістрацыю ў плане «Перамога»

Як піша @Grodno_grab, мужчыну затрымалі ў адных трусах.

Анархіста Дзмітрыя Дубоўскага збіраюцца пераводзіць на турэмны рэжым

У лістападзе Дзмітрыю прысудзілі 5 гадоў калоніі. Паколькі раней Дубоўскага ўжо асудзілі да 18 гадоў калоніі, канчаткова яму прызначылі 20 гадоў зняволення. Дзмітрыя абвінавачвалі паводле падзей у Мінску і Салігорску ў 2009 і 2010 гадах. 25 лютага палітвязень пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 3.

Родныя палітвязня нядаўна дайшоў ліст ад яго. Ён паведаміў, што амаль 2 месяцы яго ўтрымлівалі ў ШІЗА, а з 3 траўня яго на тры месяцы змясцілі ў ПКТ. За ўвесь час у зняволенні ён адбыў мінімум 110 сутак у штрыфным ізалятары.

Цяпер стала вядома, што ў Віцебску 27 чэрвеня адбудзецца суд па замене Дзмітрыю рэжыму. Рашэнне будзе прымаць суддзя Наталля Траццякова.

Крыніца: Новыя затрыманні, праверкі на мяжы, ціск на палітвязняў: хроніка пераследу 22 чэрвеня