24.06.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Суд Ленінскага раёна Мінска 8 чэрвеня вынес прысуд Таццяне Янкоўскай за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў жніўні і верасні 2020 года (x. 1 арт 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Анастасія Ачалава.
Таццяну Янкоўскую спачатку затрымалі па адміністрацыйнай справе паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). 9 cакавік яна была арыштаваная, але на волю больш не выйшла.
Па матэрыялах абвінавачання, Таццяна некалькі разоў, разам з іншымі грамадзянамі, брала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, парушала грамадскі парадак, перакрывала рух транспарту на праспектах Незалежнасці і Пераможцаў.
Пры гэтым яна “дэманстравала пратэстны знак у выглядзе знака V, выкарыстоўвала ў якасці пратэстнай сімволікі палатно бел-чырвона-белага колеру і плакат з пратэстным лозунгам”. Грамадскаму транспарту была нанесеная маёмасная шкода ў памеры 33 771 рублі.
У судзе ўстаноўлена, што Таццяна была апранута ў байку, на якой быў намаляваны сімвал пратэстнага характару. Менавіта таму яе і апазналі на фота.
Суд прызначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады шэсць месяцаў.
Крыніца: "Дэманстравала пратэстны знак у выглядзе знака V": яшчэ адзін прысуд за ўдзел у пратэстах 2020 года